Коршунаў: Стрыжнёвым словам, якое спалучала б сакральнае і штодзённае, палітычнае і культурнае, магла б стаць «беларушчына»

Генадзь Коршунаў

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў – якім магло б быць супольнае бачанне будучыні ў беларусаў.

– Час ад часу я прымаю ўдзел у розных мерапрыемствах: дзесьці з выступамі, недзе з каментарамі, а дзесьці проста слухаю разумных людзей. І адна з высноваў, якія для мяне ўсё больш відавочныя на гэтых мерапрыемствах, — нам крытычна не хапае супольнага бачання будучыні, – піша Коршунаў. – Насамрэч пра гэта шмат хто кажа. І я сам шматкроць пра гэта пісаў.

У нас нібыта ёсць нейкі агульны common knowledge, нейкая агульная і супольная мара, але яна… Яна не працуе як мара. У яе нават назвы няма. Няма назвы, цэнтральнага канцэпту, стрыжня і хрыбціны, на якія можна нарошчваць мяса, цягліцы, праекты і візіі.

Існыя канцэпты «Новая Беларусь», «Дэмакратычная Беларусь» ці «Краіна для жыцця» робяць акцэнты на, безумоўна, важных рэчах. Але калі там замяніць «Беларусь», напрыклад, на «Лівію» ці «Венесуэлу», то ў пэўным сэнсе назва застанецца той жа, толькі лёгка дапасуецца да краіны з іншага кантынента. Менавіта беларускага няма ні ў першым, ні ў другім, ні ў трэцім панятку.

Выбачаюся, калі некага гэтым пакрыўдзіў, але так і ёсць.

На маю думку, тым стрыжнёвым словам, якое спалучала б сакральнае і штодзённае, палітычнае і культурнае, гісторыю і будучыню, магла б стаць «беларушчына». Яе раз-пораз згадваюць як нешта каштоўнае, але амаль ніколі не ставяць у цэнтр разваг, не выводзяць на ўзровень ні галоўнай ідэі, ні супольнай дзеі.

Прынамсі, я такога не бачыў, не чуў ці не зразумеў.

А як па мне, «беларушчына» — гэта ідэальнае беларускае слова, поўнае шчырых сэнсаў. Яно (амаль як шыбалет) зразумелае на інтуітыўным узроўні. Беларушчына фіксуе любоў да Беларусі, менавіта да сваёй зямлі, тлумачыць нашую адметнасць, вылучае сярод іншых нацый, дае свой каштоўнасны арыенцір.

Цяжкасць у тым, што пакуль наўрад ці хто зможа вычарпальна патлумачыць, чым ёсць беларушчына (бо гэта паняцце ўключае не толькі беларускую мову), без чаго палітычнае выкарыстанне канцэпту будзе абмежаванае.

З іншага боку, мне падаецца, такая адкрытасць для інтэрпрэтацый робіць беларушчыну больш прываблівай, больш творчай для грамадзянскага выкарыстання, амаль як «Беларусь — гэта дзеяслоў!» «Беларушчына» не як слоўнік, а як стымул для творчасці, уяўлення і дзеяння.

Гэта тое, чаго не хапае, у прыватнасці, у Беларусі, — магчымасці рабіць нешта карыснае дзеля агульнай мэты, магчымасці «беларусіць». Ды і суполкам беларусаў у замежжы таксама гэтага бракуе.

Але амаль у любой сітуацыі можна трымаць у галаве беларушчыну, кіравацца ёю і нешта рабіць на яе карысць. Варта памятаць пра сваю зямлю і суродзічаў, клапаціцца або пра краіну цалкам, або пра дарагі сэрцу куток, вывучаць яе (зямлі) гісторыю ці даследаваць сучасныя цікавінкі, здзяйсняць спартовыя рэкорды ці ствараць камп’ютарныя прылады, ставіць спектаклі ці пісаць вершы з раманамі.

Пэўна, зараз я скажу крамолу, але мне падаецца, што беларушчыну можна шанаваць і папулярызаваць не толькі на беларускай мове. Прынамсі, у тых умовах, у якіх мы знаходзімся цяпер, дык дакладна.

Я б сказаў, што база беларушчыны цяпер — не мова як такая, а ўсё ж нешта іншае — не этнічнае, а этычнае, маральнае, каштоўнаснае вымярэнне. Так было і ў 2020 годзе, і як мне падаецца, стагоддзі раней, калі не столькі мова, паходжанне ці веравызнанне вызначалі асаблівасці супольнасцяў на беларускіх землях, а ўзаемная павага, адчуванне сваёй і суседскай годнасці, уменне дамаўляцца, знаходзіць кансэнсус і рабіць агульную справу.

Для мяне як сацыёлага ў такой сімвалічнай свабодзе беларушчыны ёсць яшчэ адна безумоўная перавага. Яна палягае ў тым, што пры такім падыходзе людзі могуць будаваць беларушчыну самі, могуць крафціць і кастамізаваць.

Гэтая беларушчына з адкрытым кодам, які не толькі дае індывідуальную свабоду, але і не дазваляе ідэалізаваць ні час за саветамі, ні эпоху ВКЛ, ні гады саспелага лукашызму. Гэта па-першае.

Па-другое, вызначэнне таго, што і як мае быць у межах беларушчыны, мусіць ісці менавіта так, знізу, ад людзей, а не зверху, не ад палітыкаў ці рознага кшталту экспертаў. Таму што не варта людзей падладжваць пад існыя схемы (ці то нацыянальнага сталення, ці то дзяржаўнага будаўніцтва, ці яшчэ чаго).

Схемы мусяць вырастаць з таго, якім чынам адчуваюць і дзейнічаюць людзі.

Па-трэцяе, цяпер яно дзесьці само так і робіцца, як мне падаецца. Знізу, саматугам, насуперак і часу, і ўладам, і вайне. Людзі трымаюцца беларушчыны як разумеюць і як могуць, шануючы тое, што ў сэрцы; супольна з тымі, да каго ёсць давер; там, дзе ёсць; з тым, што маюць.

Тое, што робіцца, трэба абагуліць, спалучыць адно з адным, знітаваць у агульную справу. Мяркую, беларушчына можа гэтаму дапамагчы, зрабіўшыся канвенцыянальнай рамкай дзеяння на будучую супольную карысць.

Я ўсё гэта да таго, што цяпер, калі эксперты і палітыкі разважаюць пра нацыю, дзяржаву, будучыню, — цяпер трэба глядзець не на існыя ў кніжках схемы і канструкты (тым больш не на свае «хацелкі»). Трэба адсочваць, чым жыве грамадства, і ўжо адтуль лавіць існыя сэнсы, якія мусяць стаць цаглінкамі для будаўніцтва нацыі, дзяржавы і супольнай будучыні.

Замест пасляслоўя. Яшчэ адзін магчымы бонус, як мне падаецца, гэта тое, што менавіта на фоне шанавання беларушчыны, на базе агульнай любові да Беларусі можна было б спрабаваць пераадольваць той разлад, разрыў у грамадстве, які ўзнік пасля 2020 года. Акрамя нежадання вайны, нас з тым бокам яднае яшчэ і любоў да Радзімы.

gazetaby.com