Сам Алесь Пушкін калісьці напісаў прарочае: «У Беларусі не могуць жыць мастакі: іх або выціскаюць у эміграцыю, або забіваюць». Колькі словаў пра славутага мастака ад беларусаў.
Смерць мастака Алеся Пушкіна агаломшыла беларусаў. У памяць славутага творцы, спачыўшага ў няволі, праводзіцца акцыі не толькі офлайн, стужка сацсетак змянілася ў гэтыя дні. Словы ўдзячнасці, роспачы, гневу… фатаграфіі. In Memoriam ад беларусаў
Што сталася з намі, беларусы?
Паэт Уладзімір Някляеў:
ЗА ШТО ВЫ ЗАБІЛІ АЛЕСЯ ПУШКІНА??? Аднаго з найлепшых беларускіх мастакоў, светлага чалавека, які ствараў на нашай зямлі прагажосць…Ён быў за мяжой, калі вы надумалі кінуць яго ў вязніцу. І мог не вярнуцца, ведаючы пра тое, што яго чакае. Але ён вярнуўся, бо любіў Беларусь больш за жыццё.Хто-небудзь з вас гэтак, як ён, больш за жыццё, Беларусь любіць?!
А вы яго забілі.
І не кажыце, што не, што сам памёр, калі прыдумалі з яго нацыста, калі ні ў чым не вінаватага кінулі ў турму, калі катавалі, здзекваліся, крычалі беларусу ў ягонай Айчыне: «Говорите на нормальном языке!» — манкурты…
Ён малодшы мой сябар, які мог быць сёння на маім дні народзінаў. Гэтаксама як Зьміцер Дашкевіч, які нават па вашых законах мусіў сёння выйсці з-за кратаў, якога чакалі чацвёра ягоных маленькіх дзяцей, а вы яго ў турме зноў кінулі ў турму! Як Павел Севярынец, якога цягаеце вы па этапах, як Мікола Статкевіч, пра якого ўжо 150 дзён невядома, што з ім сталася ў адзіночках ды ШЫЗА…
Як такое можа быць?
Скажыце мне, калі па-чалавечы: як?..
Што сталася з намі, беларусы?
Гукніцеся…
Як анёл скрозь навальніцу
Культаралог, крытык, літаратар Максім Жбанкоў:
Яшчэ адзін. Яшчэ мінус адзін. Памёр Алесь Пушкін. І зноў ты крэмзаеш суплёт недарэчных словаў наўздагон таму, хто ўсё адно не пачуе. Бо маўчаць яшчэ цяжэй, чым прамаўляць.
Мы заўсёды сустракаліся знянацку. Залятаеш у вагон метро на «Кастрычніцкай» — а там Алесік. У сваім дзівацкім капялюшыку. На галаву вышэй за засмучанае асяроддзе. Стаіць сабе ў белай вышыванцы. Смяецца. «А напішы мне, што паглядзець! Мы з жоначкай так кіно любім!» Пара прыпынкаў. Сыходжу. А ён — далей…
Ці аднойчы разам трапілі ў Люблін. «Слухай, тут нас здымаць будуць. Чакаюць няшчасных. А давай мы засмяемся! Мы ж моцныя!» Так і зрабілі. Такімі і адбіліся. Лёгкімі. Файнымі. «Ага, глядзі! Сцэна нейкая. А давай я там патанчу, а ты мяне здымай! Будзе перформанс!» Я здымаю. Пушкін скача. Люблін шалее. Такія справы.
Маю першую кніжку «No Style» Алесь не проста прачытаў. Ён яе дасканала засвоіў. А потым вярнуў аўтару. Я ў задуменні. Адкрываю — а там на кожнай старонцы зялёным чарнілам каментары ды разважанні. Пытальнікі ды клічнікі. Не проста рэплікі — супольнае мысленне. Запрашэнне ў братэрства нефарматных ды нязручных.
Чалавек са сваёй партытурай. Чалавек, адметны ды асобны. Адкрыты, але патаемны.
Ніколі не бачыў яго злосным ці агрэсіўным. Ніколі не бачыў яго заклапочаным. Здаецца, Пушкін ляцеў праз жыццё як анёл скрозь навальніцу.
Ён не памёр. Проста вярнуўся дамоў.
Музыка, акторка Святлана Бень:
Гэта жудасна і балюча. У Алеся ёсць даўняя карціна — сцяг. Вядома ж бел-чырвона-белы. У якасці чырвонай фарбы ён выкарастаў сааю ўласную кроў. Карціна вялікага памеру. Крыві патрабавалася шмат. Ён, як я памятаю, распавядаў, што спатрэбілася дапамога знаёмага медыка, каб узяць пэўную колькасць. Тады падавалася, што можна сцвярджаць і абараняць тое, што любіш і ў ва што верыш, не ахвяруючы ўсім сваім жыццем і ўсёй сваёй крывёй. Тады падавалася, што ў Нябёсаў ёсць нейкі больш жыццярадасны і больш міласэрдны план наконт нас.
Зараз не атрымоўваецца ўзгадваць светлыя моманты, якія падарыў нам Пушкін з Віцебска. Гэтая страшная турэмная смерць — гэта папросту злачынства і суцэльны жах. Так не павінна быць.
Паэт, праваабаронца Сяржук Сыс прадмовай да свайго вершу ўзяў словы Алеся Пушкіна з аднаго са шматлікіх інтэрв’ю: «У Беларусі не могуць жыць мастакі: іх або выціскаюць у эміграцыю, або забіваюць».
Мастаку Вось і Алеся не стала — Забіла турма, даканала, І нейкія дробныя ўдачы Нічога цяпер не значаць. Балюе дзікунская хеўра, Закручвае ў вузел нервы, Бяруць ваўкалакі на мушку: Ашурак, Клімовіч, Пушкін. Сапраўдных сыноў Беларусі Мкнуцца маўчаць прымусіць Турмаў смуродам трупным... Спытай сябе: «Хто наступны?» Забіць мастака нескладана, Ды ён несмяротны, балваны. Алесю, будзь стрэмкаю ў сэрцах, Не дай беларусам памерці! 11 ліпеня 2023 года.
Мастацтвазнаўца Аляксей Ластоўскі:
Алесь Пушкін быў з тых людзей, што ідуць толькі напралом і да канца. Часам калі больш рацыянальным выглядае саступіць.
Такіх людзей практычна немагчыма зламаць. Але можна зрубіць на караню.
Ваяр, руплівец, стоік і рамантык
Пісьменніца Святлана Курс:
У мяне былі досыць адкрытыя, хаця й пэрыядычныя стасункі з Алесем Пушкіным, і мы гаварылі пра грубыя, цялесныя, крывавыя, непрыгожыя, трывожныя рэчы, у нашых размовах не было табу, бо мы наткнуліся адно ў адным на цяжкае цёмнае ядро цынізму і , верагодна, сілы. Я бачыла і бачу ў ім ня толькі вельмі глыбокага і лірычнага мастака і працалюба на мяжы фанатызму. Ён быў яшчэ ваяром. Быў у Афганістане, так казаў. І бяз страху ды агрэсіі падыходзіў да ўсяго на сьвеце, у тым ліку да ворагаў, да мянтоў і гэбоўцаў.
Яго ўзялі ў палон і забілі. Ён пайшоў у няволю, бо ўбачыў у тым сьведчаньне, ахвяру і службу. Алесь дзейнічаў менавіта на такіх высокіх абаротах, і я яго разумела.
Зь ягоных карцін я найбольш люблю «Бацька памёр». Гэта там дзе дыхтоўны, але журботны дом, зь вязкай часныку пры вакне з гарышча, а вакно тое выходзіць на рамантычную і бясконцую засьнежаную вуліцу.
Алесь быў і ёсьць цэлым сусьветам, які застаецца з намі ў ягоных карцінах, якія ня маюць канца пэрспэктывы.
Я не рыдаю па ім, не заломваю рукі, аддаю глыбокую пашану і перажываю пакуль глыбозны чорны смутак. Яму было б панятна і прыемна, каб мы таксама былі воіны, рупліўцы, стоікі і рамантыкі і любілі Беларусь так як ён.
Паэт, перакладчык, літаратуранаўца Андрэй Хадановіч:
«Пры нявысьветленых абставінах» памёр палітзьняволены мастак Алесь Пушкін. У гарадзенскай турме, як пішуць, «у рэанімацыі пад канвоем». Мастак, які вярнуўся ў Беларусь з Кіева, добра ведаючы, што яго арыштуюць. Асуджаны на пяць гадоў калоніі строгага рэжыму, нібыта «за рэабілітацыю нацызму» — насамрэч за партрэт антысавецкага партызана. Прысуд сьведчыць пра слушнасьць афарызму: новыя фашысты (я пра рэжым) будуць называць сябе антыфашыстамі. А лукашэнкаўскія турмы — месца, дзе ня толькі катуюць, але і забіваюць. «Пры нявысьветленых абставінах»… Сьветлая памяць!
Журналіст Дзмітры Гурневіч:
У Алеся Пушкіна быў яшчэ адзін перформанс, успамін пра каторы зараз вельмі балючы.
Ён неяк пасадзіў за стол у варшаўскім цэнтры мастацтваў паўтузіна выпадковых людзей, якія прыйшлі на яго акцыю. І сеў за яго сам. На стале былі нейкія закускі, ці што. У пэўны момант нехта прывязаў Алеся да крэсла (па ягоным плане). Людзі за сталом і публіка побач проста за ўсім назірала. Праз хвіліну ён пачаў круціцца на гэтым крэсле, спрабуючы вызваліцца. Але не выходзіла. З кожнай хвілінай гэта выглядала ўсё больш драматычна. Не памятаю, ці не ўпаў ён з крэслам. Але ўсе проста назіралі. Калі сітуацыя стала моцна няёмкай, бо незразумела, што адбываецца, да яго падышла полька з публікі і развязала.
Алесь падзякаваў ёй і звярнуўся да публікі:
— А ці ёсць тут беларусы? Бачу шмат рук. Чаму ж вы не дапамаглі мне, калі мяне прывязалі і я спрабаваў вызваліцца? Чаму гэта давялося рабіць польскай дзяўчыне? Чаму мне ніхто з вас не дапамог, калі вы бачылі пакуты свайго?
Гэтае пытанне будзе для мяне доўга пакутлівым.
Музыка Лявон Вольскі:
Безумоўна, першая рэакцыя: гэта памылка! І надзея на гэта ёсьць і цяпер, хаця інтуіцыя гаворыць: не, усё так і ёсьць. І Алеся Пушкіна — вясёлага, вельмі натуральнага, шчырага, шумнага, эпатажнага — ужо няма сярод нас.
З Алесем я быў знаёмы з пачатку 90-х. Быў у ягонай колішняй майстэрні ў Віцебску, у ягонай хаце ў Бабры…
Гэта быў сапраўдны Мастак. Не мастак паводле прафэсіі, адукацыі, працы, а чалавек, які жыў мастацтвам. І сёньня яго пазбавілі жыцьця. Забілі мастацтва.
І гэтая вестка не ўкладаецца ў галаве.
І спадзяесься на нейкую памылку.
Але, калі ўсё сапраўды так, значыцца ім нельга здавацца! Нельга, бо яны заб’юць цябе ў палоне, у сваіх канцэнтрацыйных лягерах, нягледзячы на тое, хто ты — мастак, паэт, доктар навук ці нобэлеўскі ляўрэат.
І хай толькі цяпер цывілізаваны сьвет зь ягонымі самітамі выразіць глыбокую занепакоенасьць…
Журналіст, пісьменнік, перакладчык Сяргей Шупа:
Вайна працягваецца і зьбірае ахвяры з нашага боку. Ці далёка яшчэ да Сталінграду? Да высадкі ў Нармандыі? Да атруты ў бункерах?
Марыў пра вольную Беларусь, але не толькі марыў
Музыка Аляксандр Памідораў:
Яшчэ адзін счарнелы дзень нашай гісторыі, нашай культуры, нашага мастацтва… таго, што сваім жыцьцём, кроўю і воляй пісаў мастак, артыст Алесь Пушкін, без перабольшваньня, забіты сёньня ўначы… гэта не нагадвае, гэта сапраўдная вайна.
Алесь пакінуў ня тое, каб запавет, хутчэй прыклад, як захаваць сябе сумленным, вольным, свабодным, прынцыповым, шчырым ды смелым Чалавекам. Нават і ў тым, каб прынесьці ў ахвяру самога сябе… Валадарства Нябёснае! Вечная Памяць…
Журналіст, кнігавыдаўца, заснавальнік Kamunikat.org Яраслаў Іванюк:
…а табе, Алесь, сонца ўжо не засвеціць…
Алесь Пушкін памёр у гродзенскай турме пры нявысветленых абставінах. Асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за… У Беларусі ніхто не пытаецца, за што каго асудзілі. Гэта неістотна. Афіцыйныя абвінавачанні — гэта лухта, выдумкі рэжымных памагатых.
З Алесем я пазнаёміўся на пачатку 1990-х у Менску на святкаванні 74-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў культавым Доме літаратара. Нягледзячы на тое, што бачыліся мы даволі рэдка, сустрэчы заўсёды былі цёплымі. (…) Апошні раз мы сустракаліся ў Вільні 19 лістапада 2019 года, калі было перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і іншых студзеньскіх паўстанцаў.
«Яраслаў, як прыемна цябе бачыць, — хвалююча прывітаў ён мяне. — Я табе кнігу прынёс. Адразу напішу прысвячэнне».
І напісаў: «Яраслаў, пазбягай турмы: там кепска!»
Ён ужо тады ведаў, што «там кепска» (бо кніга, якую ён падарыў мне ў Вільні, гэта ягоны «Турэмны альбом»), але хіба ён мог чакаць, што яго там заб’юць???
Алесь памёр учора ў гродзенскай турме. Але там у турме людзі не паміраюць… Там іх забіваюць…
Аднойчы Алесь сказаў: «Мастакі не могуць жыць у Беларусі: іх альбо прымушаюць эміграваць, альбо забіваюць…». Пра тое, што супраць яго распачалі справу, Алесь даведаўся падчас выставы ў Кіеве. Тым не менш вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Ці быў ён наіўным? Не, гэта быў яго свядомы выбар: жыць і працаваць на радзіме. Як нехта напісаў: гэта быў самы брутальны выступ Алеся.
Яшчэ нехта піша, што Алесь быў летуценнікам. Так, ён марыў пра вольную Беларусь, але не толькі марыў. Гэтую мару ён спрабаваў планамерна ажыццявіць сваёй працай, грамадскай дзейнасцю і ўсім, што рабіў…
Мастак, дызайнер Уладзімір Цэслер: У турме Беларусі памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін. У жывых застаецца яшчэ каля 1.500 палітзняволеных.