Карбалевіч: Як NATO глядзіць на Беларусь?

Калі вывучаць выніковы дакумент саміту NATO, паслухаць, што кажуць лідары дзяржаў-суседзяў, то паўстае праблема суб’ектнасці Беларусі. Амаль ва ўсіх згадках пра Беларусь яна разглядаецца скрозь прызму расійскай палітыкі, піша на «Свабо*зе» палітаглядальнік Валерый Карбалевіч.

Менавіта нявырашанасьць унутрыпалітычнага беларускага канфлікту хутка выплюхнулася за межы краіны і ператварыла Беларусь у пагрозу рэгіянальнай бясьпецы. 

Цяперашні саміт NATO ў Вільні ўжо названы гістарычным. Ён адбываецца ў разгар кровапралітнай вайны — агрэсіі Расеі супраць Украіны, якая выклікала крызіс бясьпекі сусьветнага маштабу. На парадку дня паўстала пытаньне ўмацаваньня абароны краінаў Усходняй Эўропы, найперш тых, якія мяжуюць з РФ. Менавіта ў сувязі з расейскай агрэсіяй узьнікла пытаньне пра пашырэньне NATO.

Як казаў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, «Пуцін хацеў фінляндызацыі Эўропы, а атрымае NATOізацыю». Фінляндыя ўжо ўступіла ў Альянс, Швэцыя на парозе.

Галоўнай інтрыгай саміту стала пытаньне пра ўступленьне Ўкраіны ў NATO. Рашэньне аказалася палавіністае. Да Ўкраіны ня будзе ўжывацца комплекс патрабаваньняў і працэдураў, які называецца «Плян дзеяньняў па сяброўстве ў NATO» і які звычайна выкарыстоўваецца пры прыёме ў Альянс новых чальцоў. Будзе створаная Рада Ўкраіна — NATO. Але адказу на самае галоўнае пытаньне, якога чакаў Кіеў, няма.

Кіраўніцтва Ўкраіны імкнулася пачуць канкрэтныя тэрміны, альгарытм уступленьня ў Альянс. Аднак тут выявілася няпэўнасьць. У камюніке саміту гаворыцца, што Ўкраіну змогуць запрасіць у NATO, калі будуць згодныя ўсе сябры Альянсу і калі, адпаведна, дазволяць умовы. «Нас такі падыход катэгарычна не задавальняе», — адзначыў украінскі міністар замежных справаў Дзьмітры Кулеба.

Усё гэта азначае, што некаторыя вялікія краіны-чальцы Альянсу асьцерагаюцца сутыкненьня з Расеяй у выпадку хуткага прыняцьця Ўкраіны ў NATO і плянуюць выкарыстаць згаданае пытаньне падчас будучых мірных перамоваў з РФ.

Саміт праходзіў за 30 кілямэтраў ад беларускай мяжы. Таму цалкам натуральна, што Беларусь абмяркоўвалася падчас сустрэчы ў Вільні. У рамках саміту былі праведзеныя два мерапрыемствы, прысьвечаныя ёй. У выніковым камюніке сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краін — чальцоў NATO Беларусь згадваецца сем разоў. Але калі вывучаць выніковы дакумэнт саміту NATO, паслухаць, што кажуць лідэры дзяржаваў-суседзяў, то паўстае праблема суб’ектнасьці Беларусі. Опцыя погляду на краіну даволі спэцыфічная.

novychas.online