На сусветна вядомы Burning Man упершыню паедуць дзве беларускія мастачкі

У пустыню Блэк-Рок у Невадзе, дзе ладзіцца з канца 80-х Burning Man, Марыя Тарлецкая прывязе скульптуру «Пацалаваць сябе ў люстэрку можна толькі ў вусны», Ганна Сілівончык — інсталяцыю «Камуфляж».

Скульптура Марыі Тарлецкай «Пацалаваць сябе ў люстэрку можна толькі ў вусны»

Працы Ганны Сілівончык у траўні мінулага года па палітычных матывах знялі з экспазіцыі ў Мінску. «З-за таго, што ў Беларусі я забароненая мастачка, даводзіцца шукаць іншыя магчымасці развіцця, што складана і тэхнічна, і фінансава», — піша ў Facebook Ганна Сілівончык. Творцу можна падтрымаць, купіўшы яе працы, кнігі ці наборы паштовак.

«Маскіроўка, мімікрыя… Камуфляж, які звычайна выкарыстоўваецца чалавекам падчас палявання ці вайны, выступае тут у зусім іншай ролі: як спосаб не проста схавацца, візуальна змяшацца з ландшафтам, але як мажлівасць прыкінуць на сябе вобраз, рысы і якасці іншага», — так вызначае сваю працу Ганна Сілівончык.

Інсталяцыя Ганны Сілівончык

Паводле мастачкі, інсталяцыя візуалізуе тугу па ідэальным свеце, дзе чалавек не імкнецца супрацьпаставіць сябе прыродзе, але адчувае яе сэрцабіццё і дыхае ва ўнісон.

Інсталяцыя Ганны Сілівончык

У каманду мастакоў, якія паедуць на фэст, што збірае штогод пад 80 тысяч чалавек, таксама ўключаная мастачка Марыя Тарлецкая, вядомая сваімі працамі з металу.

Скульптура «Пацалаваць сябе ў люстэрку можна толькі ў вусны» пра тое, як палюбіць сапраўдную версію сябе. У сабраным выглядзе яна сягае 2,4 метры ў вышыню і 3,5 метры ў шырыню.

Да Сіэтлу мастачка везла скульптуру ў валізцы ў разабраным і няпоўным выглядзе — частку дэталяў планавалася купіць на месцы, а потым перавезці праз усе Штаты да месца правядзення фэсту.

budzma.org