Год назад, 6 жніўня, з’явілася ў Лондане выдавецтва «Скарына», якое паставіла сабе за мэту працягваць доўгую традыцыю беларускага эмігранцкага кнігадруку, адлюстроўваць і ўмацоўваць творчы патэнцыял беларускага замежжа і будаваць плённае супрацоўніцтва з суродзічамі ў Беларусі. 2022-гі быў годам пагромаў незалежнага кнігадруку на бацькаўшчыне.
Пачуццё адказнасці за нашу агульную справу і перакананне ў тым, што ў сучасным свеце шляхі культуры не павінны абмяжоўвацца дзяржаўнымі межамі, было важным матывуючым фактарам для заснавальніка выдавецтва Ігара Іванова (Лондан) і рэдакцыйнай калегіі ў складзе Уладзіслава Гарбацкага (Вільня), Караліны Мацкевіч і Ганны Комар (Лондан) і Таццяны Астроўскай (Марбург).
Першымі кнігамі «Скарыны» сталі паэтычны зборнік Ганны Комар «Мы вернемся» (гэты цудоўны паэтычны дакумент Беларусі 2022-2021 гадоў не мог выйсці ў Беларусі, таму рыхтаваўся маскоўскім выдавецтвам і быў падхоплены «Скарынай») і цудоўны пераклад украінскага тытана беларускага паходжання Агатангела Крымскага «Бэйруцкія апавяданьні». Гэтыя кнігі можна было пабачыць на сціплым століку на каўнаскім Кангрэсе даследчыкаў Беларусі і падчас першай прэзентацыі выдавецтва ў Вільні ў кастрычніку 2022 г.
Наступная прэзентацыя адбывалася ў Лондане ў лістападзе 2022 г., і к таму часу «Скарына» выдаў незвычайную кнігу прозы Уладзіслава Гарбацкага «Mercks Graz!», якая складаецца з аднайменнай рамантычнай аповесці і падарожных нататкаў з аўстрыйскага Граца. Найпрыгажэнная віцебская гаворка і нечаканыя паралелі з Віцебскам ствараюць шматслойны эфект: гістарычная аповесць пра Грац ХVII стагоддзя, насельніцтва якога было сцёртае паляндрай, успрымаецца праз прызму беларускіх гаворак, амаль сцёртых расейскай каланіяльнай палітыкай.
Шыкоўным падарункам на лонданскай прэзентацыі стаў выступ кіеўскай бібліятэкаркі і навукоўцы, цяпер – супрацоўніцы Брытанскай (нацыянальнай) бібліятэкі – Надзеі Стрыжанец пра Агатангела Крымскага. Падзея атрымалася атмасфернай (не ў апошнюю чаргу дапамагло ліванскае віно) і багатай на прыемныя сустрэчы. Было прыемна бачыць, што дзеля кнігі збіраюцца суродзічы, што кнігі збіраюць супольнасць.
На каляды 2022 г. мы выпусцілі каляндар з ілюстрацыямі Паўла Севярынца. Увесь прыбытак ад продажу быў перададзены ў фонд падтрымкі палітвязняў.
Таксама невялікая кніга «Belarus Knockin’ at the Vaticanʼs Door», выдадзеная намі разам з групай Хрысціянская візія па-ангельску, расказвае пра беларускіх палітвязняў-хрысціян і аналізуе ватыканскую палітыку адносна беларускіх пратэстаў 2020 г. Кніга патрапіла ў Еўрапарламент, у рукі царкоўных іерархаў, журналістаў, палітыкаў і актывістаў. Яна – наш унёсак у справу клопату пра тых, хто пацярпеў за лепшую будучыню для Беларусі.
Увесну 2023 г. адна за адной выйшлі тры зборнікі паэзіі – багаслоўская «Літургія часу» дасведчанага літаратара Алеся Дуброўскага, эмацыйная і цялесная «Corpus Vile» Артура Камароўскага і дэбютны зборнік «Выпадак» вытанчаных нізак Дзмітрыя Рубіна.
З усімі гэтымі цудоўнымі кнігамі рэдактары здзейснілі тур у Варшаву, Тбілісі і Батумі. Кожная з тых сустрэч была вельмі адметнай. У Тбілісі ў Кропцы нам разам з суродзічамі атрымалася адсвяткаваць Дзень матчынай мовы ў традыцыйным лонданскім фармаце – чытаннем паэзіі на розных мовах. А ў Батумі суродзічы – большасць з іх на валізах і з часовай візай у чаканні на наступны этап у сваім жыцці – хацелі пачуць пра амаль 80-гадовую неперарыўную гісторыю беларускай супольнасці ў Брытаніі. Сустрэча ў фармаце лекцыі і вясёлай гутаркі ў гасцінным аКсяродку цягнулася дзве гадзіны, якія праляцелі зусім незаўважна!
Гэты нечаканы батумскі досвед заахвоціў нас правесці ў Вільні вечарыну «Ад Яна зь Літвы да «Скарыны»» пра доўгую і багатую гісторыю беларускага кнігадруку ў Брытаніі.
Чэрвень у Брытаніі шырока адзначаецца як Месяц годнасці (Pride Month), калі святкуецца разнастайнасць і талерантнасць у свабодным грамадстве, і асаблівая роля ў гэтым ЛГБТ супольнасці. К гэтаму часу «Скарына» ужо мог паказаць сваю невялікую квір-калекцыю: «Песьні тралейбусных рагуляў» і «Mercks Graz!» Уладзіслава Гарбацкага, і «Corpus Vile» Артура Камароўскага. Нам радасна пашыраць абсяг літаратуры, уводзіць новыя тэмы, адлюстроўваць багацце беларускай жыцця.
У ліпені выйшаў дыхтоўны артбук – паэтычны зборнік-фотаальбом – «Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine», падрыхтаваны паэтам Алесем Плоткам і фатографамі Алесем Пілецкім і Станіславам Крупажам па слядах беларускіх пратэстаў і вайны ва Украіне.
І літаральна некалькі дзён таму ў друк быў здадзены невялікі раман рэдкай эстэцкай моцы і шчырасці француза Франка Варжака «Чысты баранок», які атрымаў поспех у чытацтва і амаль суцэльнае маўчанне – ад крытыкаў, агаломшаных тэмай кахання падлетка да свайго настаўніка.
«Скарына» падрастае і вучыцца
Калі падсумоўваць першы год існавання, то напэўна можна сказаць, што ў дадатак да акрэсленых на пачатку задач «Скарына» паспрабаваў таксама стаць выдавецтвам-актывістам, якое шукае новыя тэмы і прасторы, працуе з дасведчанымі аўтарамі і пачаткоўцамі, і пераасэнсоўвае мову, якою ствараецца наша літаратура. Вакол «Скарыны» сабралася невялікая каманда (беларускае выдавецтва на далёкім Імглістым Альбіёне заўсёды будзе невялікім) цудоўных рэдактараў і іншых супрацоўнікаў, у тым ліку ў Беларусі, каму цікава быць часткай асветніцкага праекта: казаць непрамоўленае або – наўмысна ці ненаўмысна – забытае. Асаблівы дзякуй трэба сказаць Каці А., нашай Інстаграм-майстрыцы, чыё імя звычайна застаецца непрамоўленым.
Прыгаданы вышэй Франк Варжак, калі пачуў пра «Скарыну», напісаў, што выдаваць кнігі, як і пісаць іх – гэта акт супраціву. Гэтым ён прыгожа акрэсліў значэнне беларускага кнігадруку сёння, як мы разумеем яго: руйнаваць цэнзуру і абмежаванні свабоды творчасці ў беларускім кантэксце, і быць пляцоўкай для вольнага абмену думкамі ў свеце, дзе, на жаль, з’яўляецца ўсё больш эфектыўных сродкаў кантролю.
«Скарына» навучыўся ствараць кнігі па-новаму, пакаштаваў новых тэхналогій і метадаў распаўсюду, нарабіў пры гэтым процьму памылак, але і змог зрабіць свае кнігі даступнымі практычна па ўсім свеце – у папяровым, электронным і аўдыё-фарматах. З Беларусі можна лёгка набыць электронныя выданні.
Чаго яшчэ чакаць ад «Скарыны»?
Ужо вельмі хутка свет пабачыць беларускі пераклад адной з самых знакавых паэтычных кніг апошніх гадоў – «Рэспубліка глухіх» Іллі Камінскага. Следам за ёй – доўгачаканы аўтарскі беларускі пераклад «Мінскага дзённіка» Юлі Цімафеевай. Аматараў Сяргея Жадана чакае прыемны сюрпрыз – новае выданне рамана-доўгажыхара «Anarchy in the UKR». А ў кастрычніку выйдзе наватарская анталогія беларускага гей-пісьменства «Мальцы выходзяць з-пад-кантролю». І яшчэ сёлета з’явіцца новы паэтычны зборнік Сяргея Сыса.
На другім годзе свайго жыцця «Скарына» паспрабуе сябе ў навуковай і навукова-папулярнай літаратуры. Мы працуем з Скарынаўскай бібліятэкай у Лондане, каб скарбы гэтай цудоўнай установы сталі больш даступнымі нам усім, пачынаючы ад дагэтуль малавядомых працаў Вацлава Ластоўскага і адзінага ў свеце рукапіснага аўтарскага зборніка вершаў Ларысы Геніюш.
Таксама новае пашыранае выданне гісторыі беларускіх шахмат Вольфа Рубінчыка ўжо ў рабоце.
Увосень кнігі «Скарыны», мы спадзяёмся, можна будзе пабачыць на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Гданьску, на вечарынах фестывалю «Прадмова», і набыць – як звычайна – праз інтэрнэт. Кошты застануцца нязменнымі і прыемнымі да канца кастрычніка. А калі мы не даедзем да якіх беларускіх суполак увосень, запрашайце нас на свае калядныя кірмашы ў снежні, бо кнігі збіраюць супольнасць.