З сакавіка 2023 года ў Варшаве на цэлую беларускую сям’ю з Пінску стала болей. Гэта сям’я прадпрымальнікаў Осіпікаў.
Пра тое, чаму прыйшлося з’ехаць, „Радыё Рацыя” паразмаўляла 22-гадовым айцішнікам, які атрымаў адукацыю ў Літве і Паўднёвай Карэі Кірылам Осіпікам:
РР: Што вас прымусіла пакінуць Беларусь?
– У першую чаргу ваенкамат. Былі пытанні наконт асабістай бяспекі, бо былі праблемы з так званай уладай. Таксама поўная адсутнасць магчымасцяў і перспектыў на рынку працы. Напэўна ўсё разам.
РР: Вы ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе?
– Так. Хадзіў на працягу жніўня ў Пінску на мясцовыя маршы. Акрамя гэтага амаль нідзе не ўдзельнічаў.
РР: То бок пераследу з боку ўладаў вы не падвяргаліся?
– Наўпрост не, але мае бацькі былі вымушаныя з’ехаць таму, што прыходзілі з пытаннямі наконт данатаў і актыўнасці падчас пратэстаў.
РР: Кім працавалі бацькі і на што маглі данаціць?
– Індывідуальныя прадпрымальнікі.
РР: То бок справу сваю яны пакінулі там?
– Так, але ўмовы для працы ствараліся штучна нязручныя. Падаткавая сістэма і агулам атмасфера была даволі таксічная для працы ў Беларусі. Таму бізнес сам па сабе згортваўся паціху. Было рэальна цяжка працаваць. З-за ўсіх гэтых фактараў бізнес па факце сам і скончыўся.
РР: Бацькі пачалі справу па-новаму?
– Працуюць на машыне, пакуль не выглядае, як пастаянны варыянт. Перабіваемся тым, што ёсць. Таксі такая справа, дзе асабліва не шмат патрэбна, каб увайсці ў стабільны даход. На жыццё хапае.
РР: Не шкадуеце, што пераехалі ў Польшчу?
– Шкадаваць – гэта складанае слова. Я лічу, што канешне гэта лепей, чым заставацца. Няма ніводнага аргумента за тое, каб заставацца ў Беларусі. Сядзелі б дзесьці ў Жодзіна, напрыклад. Было занадта небяспечна. Канешне сум па Беларусі, сум па краіне, сваякам, па горадзе, але каб шкадаваць, то няма ніводнага аргумента.
РР: Калі зменяцца абставіны, вы вернецеся на Радзіму?
– Так.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.