Алег Кулеша: Мы не парушалі Канстытуцыю, мы карысталіся ёй

Тры гады таму, 13-га верасня 2020-га, у Берасці адбылася чарговая мірная пратэстная акцыя супраць фальсіфікаваных выбараў. Але яна стала выбітнай: больш за 100 беларусаў, якія вадзілі карагоды і спявалі, былі затрыманыя і пакараныя гадамі зняволення. Працягваюцца прысуды і цяпер.

Сярод тых, хто адбыў свой тэрмін, – былы палітвязень, фігурант “карагоднай справы” з Пружан Алег Кулеша. Ён распавёў карэспандэнту racyja.com сваё цяперашняе стаўленне да тых падзей. 

РР: Што для вас сёння дзень “справы карагоднікаў”?

Алег Кулеша: Як і тады, гэта самае феерычнае, самае цудоўнае, самае неверагоднае, самае прыгожае, самая-самая палітычная крымінальная справа. Гэта душа нашага народа. За такое катаваць такую колькасць людзей. Я ведаю, што ў карагоднікаў хатняя хімія адбылася не вельмі проста. Людзі, якія былі на хіміі, не зусім у іх проста ўсё складалася, а яшчэ колькі сядзела ў лагерах. То бок паглядзіце, па гэтай карагоднай справе ўсё магчымае было занята з рэжымнага боку, гаўляйтар пасадзіў у кожную мясціну – хатнія арышты, хатняя хімія, хімія з накірункам, калоніі, СІЗА, выкарыстоўвалі ўсе магчымыя сродкі, каб людзей вось так катаваць. Больш за 130 чалавек – гэта афіцыйна асуджаных, некалькі дзясяткаў дзясятак. Я, мусіць, быў у сёмым ці восьмым, я дакладна не памятаю.

Яны і яшчэ па карагоду затрымліваюць. Я дакладна гэта ведаю, зараз у Берасцейскім СІЗА сядзіць яшчэ адзін чалавек, які ідзе па “карагоднай справе”.  То бок яны яе не скончылі, настолькі гэта вялізная справа. Наколькі гэта прыгожая справа, наколькі гэта наша нацыянальная справа. Разумееце, людзі аўтаматычна, не дамаўляючыся, наўпрост, калі загучала музыка, узяліся за рукі і пачалі проста танчыць і карагодзіць. Гэта кажа пра тое, хто мы такія, хто такія беларусы. Яны не парушалі Канстытуцыю, яны карысталіся Канстытуцыяй.

РР: Вы памятаеце 13 верасня 2020 года наогул, які гэта быў дзень, што рабілі?

Алег Кулеша: Было вельмі прыгожае надвор’е. Я ведаю зараз, што шмат “карагоднікаў” жыве вось тут, у Польшчы. І не толькі ў Польшчы, па ўсім Еўразвязе жывуць, і ў Літве жывуць, і ў Нямеччыне, і ў Швейцарыі, але быў прыгожы дзень, такі вельмі-вельмі прыемны. Мы падышлі на Мільённую вуліцу, наўмысна не называю Савецкая, брыдотная гэта назва, таму што акурат там вуліца Мільённая, глядзім, нешта збіраецца. Я хацеў ехаць у Менск, але вырашыў і паехаў у наша Берасце. Глядзім, збіраюцца людзі, і тут проста натоўп з усіх бакоў збіраецца, збіраецца, збіраецца. Далей было ўсё вельмі прыгожа, адны парушэнні, можна нагадаць, што былі толькі з боку міліцыі. Таму што па ўсіх законах, калі нават мы парушалі 342 артыкул, ён пачынае дзейнічаць толькі тады, калі папярэдзіць міліцыянт, што вы яго парушаеце. Да гэтага часу гэта не можа быць гэтым артыкулам.

Адвакат, які быў у мяне на судзе, ён цалкам разваліў гэтую справу, проста ніхто не слухаў. Насамрэч цалкам разваліў. Гэтая справа паказала, як людзі пачалі бараніць і самі сябе. Некаторыя адразу пагаджаліся на супрацоўніцтва, некаторыя нічога не прызнавалі. І, дарэчы, я зразумеў, што тыя, хто пагадзіліся на супрацоўніцтва, яны фактычна атрымалі болей. Таму што, зразумейце, я нічога не прызнаў і зараз не прызнаю, і ніколі не прызнаю, таму што я не парушаў Канстытуцыю, а Канстытуцыя – гэта галоўны наш Закон.

Калі мяне ў аўтазаку везлі на суд, я запытаўся, што такое Канстытуцыя, вы хоць ведаеце? І „вертухай”, які мяне вёз, кажа – гэта нашы абавязкі. Я кажу – сур’ёзна? Пытанне скончана.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Марына Савіцкая, racyja.com