Ягор Марціновіч: Калі ты жывеш па-беларуску, то працягваеш гэта рабіць у няволі

Ці шмат цяпер у турме вязняў, якія размаўлялі па-беларуску? Былы палітвязень, журналіст Ягор Марціновіч, які нядаўна вышаў на волю, у сваім Facebook распавядае пра жыццё па той бок кратаў. Гэтым разам — пра беларускую мову ў няволі.

Турма і беларуская мова

Ёсць такі турэмны прынцып: жыві, кім жыў. Маўляў, калі спрабуеш рэзка змяніць свой лад жыцця, атрымліваецца так ненатуральна, што лепш і не пачынаць).

У мяне не было ўнутраных ваганняў. Калі ты жывеш па-беларуску, то працягваеш гэта рабіць у няволі. Ці магчыма, што атрымаеш негатыўныя наступствы? Бясспрэчна, і такое здараецца.

Калі я толькі прыехаў у калонію — фармальна яшчэ не экстрэмістам у кайданках, а неплацельшчыкам квартплаты, — на першым жа аглядзе рэчаў у мяне спыталі: «Э, прафілатычны ўлік ёсць?» (гэта каляровая бірка, якую носяць усе палітвязні). — «Няма». — «Будзе, ха-ха!». 

І рэальна, праз два тыдні каляровая бірка ў мяне з’явілася, хай і фармальна па іншай прычыне, праз адміністратыўку за пратэсты. Але факт, што ў цяперашняй Беларусі для часткі сілавікоў беларуская мова з’яўляецца раздражняльнікам.

Магчыма, што наадварот, атрымаеш ад беларускай мовы нейкія бонусы? Бывалі ў зняволенні і такія выпадкі. Але галоўнае, што я адчуваў сябе натуральна. Я ж раблю выбар для сябе, а не для кагосьці іншага.

Вопытныя асуджаныя раілі: хаця б з адміністрацыяй размаўляй па-руску. Ну гэта ж зусім ужо клаўнада, хіба не? Ок, я мог уставіць нейкае рускае слова, каб мяне больш дакладна зразумеў сірыец ці індус. Але і яны больш-менш разумелі беларускую мову, адказвалі «дзякуй» і «смачна есці». А з беларусамі размаўляць па-руску… Навошта?

У чым я сапраўды саступіў, дык гэта што ў калоніі пісаў па-руску іх заявы, якія ўсе з рускамоўнымм шаблонамі. Можа, і дарма. Але я не ўспрымаў сітуацыю як нейкую вайну, дзе ні кроку назад.

Канечне, не абыходзілася без «філолагаў» у пагонах з каштоўным меркаваннем «я ж чую, што ты не чыста размаўляеш!». Можа, назавеце мае памылкі ці пакажаце на ўласным прыкладзе, як трэба? «Калі не ўмееш чыста, то няма чаго і пачынаць! А памылкі былі, дакладна былі». Ну гэта рыторыка не толькі там, такіх жа экспертаў можна сустрэць і на свабодзе.

А, яшчэ эпізод. Намеснік начальніка калоніі: «Як па-беларуску журналіст?» Я нават падзавіс! Кажу, дык гэта і ёсць па-беларуску, хоць у глабальным плане па-англійску) «Не-не, — пярэчыць, — неяк іначай было». Ну я тут і рэпарцёра, і карэспандэнта ўзгадаў, але ўсё адно не тое, англійскія ж словы! «Нешта ты мне не дагаворваеш!». Так і не зразумеў, што ён ад мяне хацеў.

Ці было шмат вязняў, якія размаўлялі па-беларуску? Некаторыя ў размове са мной пераходзілі на беларускую мову. Але так, каб пастаянна, то ў маім атрадзе (300 чалавек) ніводнага. З іншымі перасякаешся мінімальна, таму поўнай карціны няма. Напрыклад, сустракаў Юрася Зянковіча, ён заязджаў на пару месяцаў, пакуль не адправілі ў крытую турму. Пасля ўжо прачытаў пра беларускамоўнага палітвязня, які сядзеў у Бабруйску перада мной. Карацей, такія людзі тут былі і будуць. Як мінімум пачынаючы з Алеся Бяляцкага ў 2012-2014)

Падсумоўваючы: сядзець па-беларуску можна. Ці прыляцяць табе за гэта дадатковыя клопаты, спрагназаваць нерэальна. Але адмаўляцца ад сябе, каб нібыта падстрахавацца? Больш страціш, чым здабудзеш.

novychas.online