«Сёння нам выпаў гонар абмеркаваць удзел доктара Аляксея Кажарскага ў канферэнцыі «Дэкаланізацыя адукацыі і навуковых даследаванняў у Беларусі і Украіне: тэарэтычныя выклікі і практычныя задачы», якая адбудзецца з 28 па 30 верасня ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільнюсе», піша сайт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Яго разважанні абяцаюць праліць святло на асноўныя фактары, якія вызначаюць неабходнасць дэкаланізацыі ў рэгіёне, на выклікі і перашкоды, а таксама на лепшыя практыкі і стратэгіі для дасягнення гэтай трансфармацыі.
Аляксей Кажарскі – доктар філасофіі (Ph.D.), даследнік Карлавага ўніверсітэту. У сферы навуковых інтарэсаў – Цэнтральная і Усходняя Еўропа, Расія, рэгіяналізм, ідэнтычнасць у міжнародных адносінах, крытычныя падыходы да пытанняў бяспекі і тэрарызму. Аўтар дзвюх манаграфіяў “Eurasian Integration and the Russian World. Regionalism as an Identitary Enterprise” (CEUPress, 2019) і “Europe Thirty Years after the Fall of Communism. A Return to the Margin?” (Rowman&Littlefield 2022), атрымаўшая прэмію International Studies Association, Global International Relations Section за 2022-2023 гг.
Ягоныя акадэмічныя і аналітычныя тэксты можна знайсці па адрасе.
Ці можаце вы коратка прадставіць сябе і расказаць пра сваю акадэмічную адукацыю, улічваючы свае даследчыя інтарэсы ў галіне дэкаланізацыі і адукацыі?
Я працую даследчыкам і выкладчыкам Карлавага ўніверсітэта (Прага, Чэхія). Я займаюсь даследваннямі міжнародных адносін у Цэнтральна-Усходняй Еўропе, працую, у асноўным, у парадыгме сацыяльнага канструктывізма. Акром іншага, у сферу маіх даследванняў уваходзілі ідэнтычнасць, імперыялізм і яго спадчына. Гэта досыць цесна звязана з посткаланіяльнымі даследваннямі і праблемамі дэкаланізацыі.
Што натхніла вас на ўдзел у канферэнцыі па дэкаланізацыі адукацыі і даследаванняў у Беларусі і ва Украіне?
Я атрымаў запрашэнне ад сваёй былой выкладчыцы, прафесаркі Таццяны Шчытцовай, што для мяне з’яўляецца вялікім гонарам. Безумоўна, тэма канферэнцыі не толькі вельмі цікавая, але і надзвычай актуальная ў сённяшніх варунках.
Якія фактары садзейнічаюць неабходнасці дэкаланізацыі ў сферы адукацыі і даследаванняў Беларусі і Украіны?
Безумоўна, самым драматычным фактарам з’яўляецца жах поўнамаштабнай расійска-украінскай вайны, які адбываецца на нашых вачах. Разам з тым мы, безумоўна, разумеем, што пачатак гэтай драмы не ў 2022. Гэты падзеі толькі пацвердзілі тое, што 1991 пакінуў нам нявырашанныя пытанні. За тры дзесяцігоддзі, што мінулі з моманта распаду СССР, як у Беларусі, так і ўва Ўкраіне, хаця і ў надта розных умовах, адбывалася фармаванне сучасных палітычных ідэнтычнасцяў. Расія, здаецца, у пэўны перыяд спрабавала пераадолець сваю імперскую ідэнтычнасць, якая пагражала суседзям, але гэта вельмі хутка скончылася фіяскам. Усе гэтыя працэсы працягваюцца, і менавіта таму ў нас не атрымаецца пазбегнуць канцэптуальнай дыскусіі пра дэкаланізацыю.
Якія асноўныя праблемы і перашкоды, з якімі сутыкаюцца пры спробе дэкаланізацыі адукацыі і даследаванняў у Беларусі і Украіне?
На сённяшні дзень, галоўным выклікам з’яўляецца, бадай, тое, што нам цяжка рабіць прагнозы: як скончыцца вайна, які лёс чакае Беларусь і г.д. – тут вельмі шмат нявызначанасці, якая робіць планаванне праблематычным. Тым не менш, дыскусія патрэбная, для таго каб мець хаця б прыблізнае ўяўленне пра тое, што трэба зрабіць, калі з’явіцца такая магчымасць. Безумоўна, выклікаў прадбачыцца шмат. Некаторыя з іх маюць практычны характар, напр. рэсурсы, кадры, палітычная воля. Ёсць і канцэптуальныя, да прыкладу, як адаптаваць канцэпты каланіяльнасці і дэкаланізацыі да ўсходнееўрапейскага кантэкста, ці як даць рады са спадчынай імперыялізма і адначасова захаваць свабоду слова і акадэмічнай дыскусіі. Усё гэта няпростыя пытанні.
Назавіце лепшыя практыкі, стратэгіі і практычныя крокі, якія адукацыйныя ўстановы могуць выкарыстоўваць для прасоўвання намаганняў па дэкаланізацыі ў сваіх навучальных і даследчых праграмах?
Шчырасць, акадэмічная сумленнасць і прафесіяналізм, высокія навуковыя стандарты разам з адкрытасцю і свабодай акадэмічнай дыскусііі. Магчыма, гэта гучыць крыху абстрактна, але гэта неабходныя базавыя ўмовы. Мы знаходзімся ў новай сітуацыі і, безумоўна, нам давядзецца нешта пазычаць з налейпшых заходніх і незаходніх даследчых і адукацыйных установаў. Але давядзецца і дапасоўваць гэта да нашага рэгіяльнага кантэксту. Недастаткова проста капіяваць.
Ацаніце, наколькі важна міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне дэкаланізацыі адукацыі і даследаванняў у Беларусі і Украіне? Ці ёсць паспяховыя сумесныя праекты?
Тут ёсць два аспект. Першы – гэта тое, пра што я казаў вышэй: глабальнае вымярэнне, спробы навучыцца чамусці з іншых рэгіянальных кантэкстаў, пры ўсведамленні таго, што існуюць як падабенствы, так і істотныя адрозненні. Гэта надзвычай карысна. Па-другое, гэта супрацоўніцтва ўнутры рэгіёна, паміж беларускімі і ўкраінскімі даследчыкамі і практыкамі. У экспертных і інтэлектуальных колах ведаў пра суседнюю краіну, магчыма, крыху больш, чым у шырокай публікі, але і тут, нажаль, нямала лакунаў. Я лічу, што дадзеная канферэнцыя – гэта добры крок у накірунку такога супрацоўніцтва.
Якім чынам студэнты і мясцовыя супольнасці могуць актыўна далучацца да працэсу дэкаланізацыі?
Адукацыя і рэфлексія мне заўжды былі бліжэйшыя за палітычны актывізм, таму мой адказ будзе вельмі нецікавым. Для таго, каб быць актыўна ўключанымі ў працэс дэкаланізацыі, студэнты мусяць прытрымлівацца высокіх акадэміных стандартаў і актыўна іх патрабаваць. Гэта ўключае ў сябе адыход ад «маналагічнага» выкладання, якое пабудаванае на пасіўнай рэцэпцыі ведаў і пераход да якаснай дыскусіі і развіцця пэўных навыкаў, якія дазваляюць чалавеку самому фармуляваць і перадаваць веды, а таксама ўдзельнічаць у іх стварэнні. Гэта даволі сур’ёзная праблема ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе, дзе выкладанне часцяком можа быць пабудаванае вакол лекый, не абавязкова вельмі якасных, якія вучацца на памяць. Гэта, пэўным чынам, таксама частка каланіяльнай парадыгмы.
Якой вы бачыце будучыню дэкаланізацыі ў сферы адукацыі і даследаванняў для Беларусі і Украіны?
Гэта надта шырокае пытанне. Я б сказаў, што як мініум, гэта магло б быць пераадольванне пэўных наратываў, стэрэатыпаў і практык, якія мы атрымалі ў спадчыну ад імперыі. Поўная дэкаланізацыя – гэта, бадай, утапічная задача. Мае назіранні што да іншых рэгіёнаў, якія я меў магчымасць даследваць, наводзяць на думку, што імперыі ніколі не сыходзяць цалкам, але гэта не абавязкова заўжды вядзе да трагічных наступстваў.
На заканчэнне, якое пасланне або ключавую выснову вы хацелі б адрасаваць удзельнікам і ўдзельніцам канферэнцыі адносна дэкаланізацыі адукацыі і даследаванняў у Беларусі і Украіне?
Працуйма!