“Адзін колер жыцця, другі колер смерці”. У Вільні прэзентавалі новы Зборнік вершаў расстраляных паэтаў

Дыскусія дя Міжнароднага дня супраць смяротнага пакаранне прайшла ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, што ў Вільні. На ёй прэзентавалі новы Зборнік выбраных вершаў расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях турмы НКУС у Мінску.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда нагадаў, што Беларусь з’яўляецца апошняй краінай на постсавецкай прасторы і ў Еўропе, дзе смяротнае пакаранне ёсць не толькі ў юрыдычным аспекце, але яшчэ і прымяняецца на практыцы — то бок смяротныя прысуды выносяцца і прыводзяцца ў выкананне:

“Розныя аспекты, звязаныя з праблематыкай смяротнага пакарання. Адзін з іх, які мы часта закранаем — смяротнае пакаранне гэта не проста забойства чалавека ад імя кожнага грамадзяніна і грамадзянкі рэспублікі Беларусь у пэўнай ступені (таму што гэта адбываецца імём рэспублікі Беларусь). Яшчэ адзін важны псіхалагічны і эмацыйны фактар — хто тыя людзі, якія прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды? Гэта цэлая каманда, у якіх гэта з’яўляецца працай.

Асобнае пытанне судоў у Беларусі. Ведаем, якім чынам не саблюдаюцца прынцыпы справядлівага судовага разбіральніцтва па адміністрацыйным і крымінальным справам.

Наяўнасць смяротнага пакарання вельмі моцна раскручвае спіраль нянавісці ў грамадстве і вельмі шырока раздвігае межы дзяржавы на манаполію гвалту”.

Андрэй Палуда

Пытанне смяротнага пакарання датычнае кожнага чалавека, падкрэсліў праваабаронца:

“Калі мы кажам пра смяротнае пакаранне ў Беларусі — то некаторыя могуць казаць: “Ну гэта ж датычна толькі тых людзей, якія здзейснілі забойствы”. Але пры гэтым варта памятаць, што апошнім часам унесены сур’ёзныя змены ў заканадаўства, і ў Беларусі зараз смяротнае пакаранне можа быць нават не за здзяйсненне злачынства, а ў тым ліку за падрыхтоўку да пэўнага віду злачынстваў — і мы разумеем, якім чынам гэта можа таксама выкарыстоўвацца. Вельмі часта кажуць аб тым, што нас гэта не датычна, але ведаеце, праваабаронцы ўвесь час крычаць і лямантуюць, што смяротнае пакаранне датычна ўсяго грамадства. Раней мы крычалі і лямантавалі аб тым, што ўмовы ўтрымання ў месцах несвабоды, тым жа Акрэсціна, у турмах, гэта датычна ўсяго грамадства. І ведаеце, што мы тады чулі? “Не, гэта датычна людзей, якія здзейснілі злачынства”. А потым у 2020 годзе гэта закранула ўсё грамадства. Тое самае, калі мы кажам пра смяротнае пакаранне, не дай бог, але гэта абсалютна можа датычыць любога з нас з нашага грамадства”.

“У Беларусі вельмі шмат савецкай спадчыны ў выглядзе помнікаў Леніну, назваў вуліц, лячэбна-працоўных прафілакторыяў… І смяротнае пакаранне – таксама часта гэтай савецкай спадчыны, — адзначыў праваабаронца. — Яна праяўляецца яшчэ і ў тым, што цела сваякам не выдаюць, чалавек не ведае, калі ў адносінах да яго будзе прыводзіцца смяротны прысуд — і гэта засталося з савецкіх часоў ведаеце чаму? Каб хаваць масштаб рэпрэсій”.

Сярод іх — і беларуская культурніцкая інтэлігенцыя, растраляная ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Там былі і паэты, вершы якіх і склалі зборнік, прэзентаваны яго дызайнеркай Настай Чарновай.

Наста Чарнова

Наста Чарнова — выпускніца факультэта дызайна ЕГУ. Зборнік стаў яе дыпломным праектам ва ўніверсітэце.

“Чаму я вырашыла на дыплом узяць менавіта гэтую тэму? —  кажа Наста Чарнова, — Пасля 2020 года мы ўсе задаваліся пытаннем: “Як такое магло адбыцца? Чаму такія страшныя рэпрэсіі? Адкуль гэта ўсё з’явілася? Нармальна ж жылі…” Але калі паглядзець на гісторыю, на 1937 год, нічога новага яны не прыдумалі. Гэта ўсё проста натуральна выцякае з традыцый гвалту, якімі беларускія ўлады ганарацца, што яны нашчадкі Савецкага саюза. Яны пераймаюць проста ўсё, што звязана з манаполіяй гвалту. Таму калі я стала разбірацца ў гэтай тэме, то пытанне чаму такія вялікія рэпрэсіі зараз, стала відавочным.

Не праводзіць паралелі паміж тымі падзеямі і зараз проста немагчыма. Таму я вырашыла зрабіць такі невялічкі зборнік вершаў”.

Візуальны бок кніжкі выкананы ў мінімалістычным выглядзе — Наста выкарыстоўвала два колеры: чорны і сіні.

“Таму што ў паэтаў амаль што ва ўсіх таго перыяда ёсць вершы з сінім колерам, — тлумачыць дызайнерка, —  і гэта было для мяне як пра жыццё, якое было ў тых людзях:  яны былі ўсе вельмі маладыя, натхненыя новым гістарычным перыядам, яны лічылі, што ідуць да лепшага. Таму адзін колер жыцця, другі колер смерці ў зборніку адлюстраваны такім чынам”.

Пад кожны верш дызайнерка падбірала графічныя элементы, вобразы, гулялася з тэкстамі і тыпаграфікай:

“Я хацела, каб верш пачынаў казаць за сябе да таго, як мы яго прачытаем. Кожны элемент і вобраз падабраны не проста так — ён характарызуе ці аўтара, ці сам сэнс верша.

Гэты зборнік эксперыментальны, таму што вершы не напісаны класічным стылем, у ім няма ілюстрацый — а самі вершы сталі вобразамі, і ўсё пераплялося ў адно. Я не проста так вырашыла рабіць такі дастаткова смелы дызайн для зборніка паэтаў 1937 года, таму што яны былі самі авангардыстамі — яны ўвесь час эксперыментавалі з формай вершаў, з новымі тэмамі, яны былі поўнымі жыцця і хацелі рабіць рэвалюцыю ў глебе літаратуры… Таму я хацела, каб іх вершы былі вельмі сучасна адлюстраваныя ў цяпер.

І я вельмі хацела, каб гэтая кніга была прашыта сінімі ніткамі і шмат якія вобразы тут буквальныя”.

Зборнік вершаў распаўсюджваецца бясплатна.

“Я ўпэўнены, што не будзе ніякіх зменаў у Беларусі, калі ў нас не пройдзе пераасэнсаванне шмат якіх рэчаў. Яно абсалютна вельмі важна. Пераасэнсаванне пытання смяротнага пакарання, гэтай сістэмы савецкай, яно вельмі важна для таго, каб мы маглі больш упэўнена не толькі глядзець у будучыню, але і будучыню будаваць. Мне падаецца, кожны з нас можа быць у пэўнай ступені архітэктарам і закласці сваю цаглінку ў падмурак да Беларусі, якая будзе іншай, чым зараз”, — дадаў праваабаронца Андрэй Палуда.

spring96.org