Генадзь Коршунаў: Улады самі не вераць у «замірэнне» з грамадствам, таму інструментамі «дыялогу» будуць заставацца рэпрэсіі

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў у вялікай размове з Budzma.org разважае пра змены ў беларускім грамадстве апошніх гадоў, «дасягненні» ў стасунках грамадства і ўлады ды пра тое, ці ўдалося пагасіць той самы «пажар на балотах».

Генадзь Коршунаў. Фото journalby.com

Генадзь Коршунаў — старшы даследчык Цэнтра новых ідэй. Нарадзіўся і вырас у Мінску. З чырвоным дыпломам скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў 9 год у Інстытуце сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, потым па тры гады ў Інстытуце эканомікі, Белдзяржуніверсітэце і Цэнтры сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў. З 2018 па 2020 гады — дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі.

Як цяпер адбываюцца сацыялагічныя даследаванні

Двума асноўнымі каналамі застаюцца інтэрнэт-даследаванне і тэлефоннае даследаванне. Дадаткова можна казаць пра розныя якасныя даследаванні, кшталту фокус-групы, глыбінныя інтэрв’ю. Зразумела, што дакладнай цалкам інфармацыі, класічнай стоадсоткавай не дае нам ніводзін метад, гэта вельмі складана зараз у беларускіх умовах. Але гэтых даследаванняў хапае, каб адсочваць дынаміку, каб разумець, у які бок рухаецца сітуацыя. І тут можна арыентавацца не толькі на даследаванні класічнага сацыялагічнага плану, але і выкарыстоўваць іншую інфармацыю, якая ёсць у адкрытым доступе: глядзець, што кажуць улады, што яны робяць у юрыдычнай сферы, якія дакументы прымаюцца. І тады можна рабіць высновы пра напрамак, а ў пэўных момантах і пра хуткасці.

Ёсць і даследаванні дыяспар, іх няшмат, фактычна, можна казаць, што менш за дзясятак, хаця ўжо тры гады прайшло, але ёсць і па Грузіі, і па Літве, па Польшчы — гэта асноўныя краіны, дзе больш за ўсё беларускіх мігрантаў. Але ўсе яны рабіліся хутчэй у 2022 годзе, абсалютная большасць. Пасля «пашпартнага» ўказу, прынамсі ў інфармацыйную прастору, нічога не выкладалася, хутчэй за ўсё, яшчэ нічога не было, таму што звычайна я ведаю і пра даследаванні закрытыя.

«Пашпартны» ўказ гуляе хутчэй на карысць дэмакратычнай супольнасці

Указ, які прымушае людзей ехаць мяняць пашпарты і рабіць розныя паперы ў Беларусь, — гэта помста тым, хто з’ехаў. Таму што яны вырваліся з лап кантролю, уплыву, а хочацца ж зрабіць балюча. Удар, як кажуць, з адцяжачкай. Бо ён будзе ўплываць не толькі менавіта зараз, але і на працягу гадоў, калі ў людзей будуць заканчвацца тэрміны пашпартоў, гэта будзе актуальна для ўсё большай долі беларускай эміграцыі. Ну і не можаш сваёй маёмасцю кіраваць — машынай, жыллём і гэтак далей. Гэта таксама балюча, таму што шмат хто з’язджаў проста без нічога, без ніякіх дакументаў. Дакументы людзі не рыхтавалі, нічога не рабілі, таму што захоўваецца спадзеў, што вернешся. Асабліва для тых, хто старэйшы, хто нешта ў Беларусі меў. Будзе біць і па тых, хто застаўся ў Беларусі, будзе абмяжоўваць іх магчымасці, напрыклад, падчас набыцця спадчыны. Напрыклад, бацькі памерлі, засталіся дзеці, нехта з’ехаў, нехта застаўся… Усё, маёмасць падвісае. І гэта таксама будзе, але будзе яшчэ больш адцягнутае па часе, чым пашпарты. Дай Бог здароўя ўсім бацькам.

Ёсць яшчэ адна група, калектыўны суб’ект, якога гэта напружвае, — гэта ўлады тых краінаў, дзе беларускія ўцекачы. Таму што ў іх малюецца перспектыва, калі на іх тэрыторыі будзе з’яўляцца ўсё большая колькасць людзей без дакументаў. І як бы выганяць іх у Беларусь — гэта не выйсце. Гэта відавочна. Таму тут зараз усё гэта стварае ім праблемы, але тут выйсце прапануюць дэмакратычныя сілы. І гэта ўжо зусім не на карысць рэжыму. Я не думаю, што яны прадбачылі такі момант. Хутчэй за ўсё, проста стаяла задача насаліць тым, хто з’ехаў, а чым гэта адгукнецца праз два-тры крокі, гэта не даглядзелі. І тут згулялі, хутчэй, на карысць дэмакратычных сілаў. Таму што ў іх ёсць прапанова — той жа пашпарт Новай Беларусі: і для беларусаў, і для ўрадаў краін. Як адзін з варыянтаў.

І ў выніку атрымоўваецца, што зараз, зразумела, улады зрабілі балюча шмат каму, але ў перспектыве я не ўпэўнены, што гэта згуляе, так, па гамбургскім рахунку, на карысць уладам.

Таму што стратэгічна гэта гуляе, хутчэй, на карысць дэмакратычным сілам, якія могуць прапанаваць выйсце і быць карыснымі для беларусаў, што будзе спрыяць росту даверу да дэмсілаў. І яны прапаноўваюць выйсце, вырашэнне праблемы для заходніх палітыкаў. Гэта таксама моцная штука.

Рэжым будзе радыкалізаваць свае захады

Тое, што рэжым будзе ісці шляхам радыкалізацыі мераў, каб зрабіць больш балюча і тым, хто з’ехаў, і тым, хто нелаяльны ўнутры, гэта, на жаль, вельмі верагодна.

Наколькі гэта спрацуе на тую частку, хто з’ехаў, каб яны вярнуліся? Пэўна, на некаторую частку можа спрацаваць, перш за ўсё на тых, хто з’язджаў на ўсялякі выпадак, на тых, хто з’язджаў па эканамічных прычынах. Груба кажучы, на тых, хто не ў базе. Але ж ніхто не ведае, хто ў базе. Таму тут магчымыя варыянты, калі мяжу чалавек праходзіць спакойна, назаўтра па яго таксама ніхто не прыходзіць, але калі яго дзеянні адбіваюцца па базах маёмасці, не выключана, што яго пачнуць «прабіваць» па астатніх пунктах і ўносіць у спецыфічныя базы. Бо, калі зараз глядзець на тыя працэсы, якія адбываюцца, з пункту гледжання нарошчвання сістэмы сачэння, сістэмы вынішчэння любых таямніц — псіхалагічнай, адвакацкай, банкаўскай — магчымасці для фіксацыі любых дзеянняў, у тым ліку з маёмасцю, бяры і рабі, што называецца.

Ехаць ці не ехаць, што рабіць з маёмасцю, гэта ўсё роўна будзе вырашаць кожны сам, але гэта суперрызыкоўная штука. Таму што тэарэтычна ўлады таксама могуць, скажам, калі пачнецца частковае вяртанне, могуць узяць паўзу. Бо калі паглядзець на даныя па рэпрэсіях, па арыштах зараз, то мы ўбачым, што цяпер рэжым у гэтым выйшаў на нейкае плато.

Тут не зусім зразумелыя прычыны… Але можна прыкінуць, што нейкае такое ўзгадненне квот, напрыклад, паміж МУС з ГУБАЗіКам, пракуратурай, КДБ, адбываецца, што яны выпрацавалі нейкую такую сістэму і кажуць, так, вось зараз бяром столькі, бяром гэткіх… Ну, але яшчэ паглядзім, што далей будзе, бо пакуль гэта тэндэнцыі сямі-васьмі месяцаў.

Але магчымы іншы варыянт, калі ніякіх паўз, калі толькі давіць, ціснуць, плюшчыць, вынішчаць. Прынамсі, гэта вынікае з інтэрв’ю, якія даюць сілавікі розных узроўняў, у якіх вельмі простая ўстаноўка гучыць: калі мы не будзем ціснуць, адразу пачнецца ціск знізу, нічога не скончылася… Гэта гучыць на ўзроўні сілавікоў і да ўзроўню райвыканкамаў.

Чыноўнікі прызнаюць вялізную колькасць нязгодных

Акрамя рэпрэсій, нічога ўлады не робяць для таго, каб неяк стабілізаваць хоць эканамічны, хоць палітычны, хоць культурніцкі, хоць які іншы складнік сітуацыі ў краіне. Плюс да таго, зноў жа, трэба ўлічваць і кантэкст. Усё роўна Беларусь фактычна, хоць і не сваімі войскамі, удзельнічае ў расійска-ўкраінскай вайне, і лёс яе, яе рэжыму, палітычнай эліты шмат у чым ад гэтага залежыць. Таму прадказаць, што будзе, як будзе развівацца сітуацыя з пашпартамі, з ціскам на з’ехалых, з тым, як будзе развівацца сітуацыя ў краіне, суперскладана.

Адзінае, што бачна за тры гады, тое, што як зрабілі стаўку на гвалт, фактычна з вясны 2020 года, вось гэтая механіка, гэты разлік працуе і дасюль. Другі разлік, які вызначыўся, гэта выключная стаўка на Расію і падпарадкаванне «русскому миру». Вось гэтыя два супервялікія трэнды, якія ідуць апошнія тры гады. А сістэма кантролю і сачэння проста сямімільнымі крокамі рухае беларускае грамадства ў таталітарны стан.

Любая дзейнасць відавочна мусіць быць падпарадкаваная чамусьці ці камусьці, любая самачынная дзейнасць, хай сабе па ўпарадкаванні двароў, мы ведаем гэтыя прыклады, будзе пакараная, бо — без адмашкі, без узгаднення зверху. Любы збор людзей, два, тры, пяць, не ўзгоднены зверху, гэта мінімум суткі: ці то ў двары сабраліся наконт коцікаў пагаварыць, ці фанаты блогера…

Любая самачынная дзейнасць немагчымая. І ў гэтым сэнсе бачна, што сістэма такога ціску сапраўды пераходзіць у стан выпрацоўкі новага прыгону.

Гэта добра бачна па юрыдычных момантах, арганізацыйных. Вельмі моцны кантроль за прадстаўнікамі вертыкалі і дзяржслужбы, першай апоры рэжыму. Гэта ціск і пернікі сілавікам, другой апоры рэжыму. Працэсы ўзмацнення тычацца і бюджэтнікаў — ад заводаў і да школ. Ну, асобна стаіць падвышаная ўвага да сістэмы адукацыі, на ўсіх яе ўзроўнях — з дзіцячых садочкаў да ўніверсітэтаў. Калі раней мы казалі, што сістэма аўтарытарная, цяпер ёсць усе падставы казаць, што яна ідзе ў бок таталітарнай.

Шлях да поўнай дэградацыі сістэмы

Фактычна рэжым Лукашэнкі пачаў разбураць дзяржаву як сістэму інстытутаў з 2020 года, таму што гэта прымус інстытутам выконваць функцыі, якія ім зусім не належаць. Гэта разбуральная рэч, натуральна. Мы гэта бачым праз прымус рабіць тое, што людзі не павінны, мы гэта бачым праз мілітарызацыю кіроўных кадраў. І раней былі намеснікі па ідэалагічнай працы, але зараз гэта не проста пасада — туды прызначаюць людзей з бэкграўндам кадэбэшным, мусаўскім. І таму, з аднаго боку, можна казаць пра разбурэнне дзяржаўных інстытутаў, з другога боку — гэта перафарматаванне, перабудова дзяржавы ў такім азіяцкім стылі, ці, як некаторыя кажуць, пабудова сістэмы султанізму, як бы такі варыянт манархіі.

І калі мы ў 2020 годзе казалі, што беларускае грамадства прасунутае ў лічбавую эпоху, постіндустрыяльную, то дзяржава, сістэма кіравання, рэжым, наадварот, ідзе ў традыцыйнае грамадства, у даіндустрыяльную эпоху. У гэтым сэнсе тыя размовы, якія разам з рускамірствам пра традыцыйныя каштоўнасці — гэта тое ж самае, функцыя вытворная ад агульнага адкату мыслення, светаўспрымання і светабудовы ў даіндустрыяльную эпоху.

Грамадства сышло ў шэрую зону

Паўтаруся, што нешта прагназаваць у бягучых умовах суперскладана як мінімум праз кантэкст вайны… Але калі глядзець з пункту гледжання грамадскай свядомасці, то я б сказаў, што стан беларускага грамадства па некаторых паказніках вельмі мне нагадвае 2017–2019 год, калі людзі сыходзілі ў шэрую зону, калі яны адмаўляліся даваць канкрэтныя адказы на шэрагі пытанняў. Тады гэта ж быў мірны час. Тады адчуванне свабоды было, але ў людзей не было свайго меркавання па шмат якіх пытаннях, з-за таго, што яны, за аднаго боку, не абмяркоўваліся, з іншага боку, людзі ўсё роўна падспудна адчувалі ціск, небяспеку. Але тут больш тое, што сапраўды людзі не ведалі, таму што дзяржава, прапаганда цэлыя шэрагі тэмаў выключае са свайго абмеркавання. Ну, напрыклад, пытанне «маё стаўленне да міліцыі», такія адказы былі: «…ну, не ведаю, з аднаго боку так, з другога боку так». І такое ж да пытанняў наконт мясцовых уладаў, судовай сістэмы… У тыя гады па цэлым шэрагу пытанняў больш за палову людзей адказвалі: не ведаю, цяжка адказаць. І гэта абсалютна шчыра. Калі няма інфармацыі, абмеркавання. Зараз, мне падаецца, сітуацыя вельмі падобная. Калі людзі адыходзяць ад вялікіх пытанняў проста таму, што далучаецца сапраўды страх, боязь рэпрэсій, таму лепей прамаўчаць.

Памятаеце, як мы гаварылі ў 2020–2021 гадах, што калі пажар ідзе на балоце, то яго можна і не ўбачыць? Зараз хай і не пажар, але тое, што там гарыць — дакладна, і, як мы бачым, рэжым робіць вельмі шмат, каб там не тухла. Ён прыбівае пламеньчыкі, якія тэарэтычна маглі б вылезці на паверхню, але не робіцца нічога, каб гэтага полымя ўвогуле не было.

Тыя ж самыя апошнія моманты з сістэмай адукацыі, з падвышэннем тэрміну размеркавання… Я вельмі сумняюся, што бацькі выпускнікоў, самі выпускнікі з захапленнем гэтую ідэю ўспрынялі. Другі момант, пра што менш казалі, адразу пасля нарады наконт размеркавання была нарада па сельскай гаспадарцы. І там была агучаная ідэя, што за кожнае «скотамесца», «жывёламесца» будзе адказваць канкрэтны чыноўнік ці то з аблвыканкама, ці то з райвыканкама. Гэта кажа пра тое, што рэжыму грамадства не цікавае, увогуле і зусім. Калі кажуць, што расійскі рэжым яшчэ неяк глядзіць на стан грамадскай думкі, то беларускаму рэжыму гэта цалкам не цікава. Яны на шляху ў феадалізм адносна Расіі зайшлі значна далей, значна глыбей. Разглядаюць людзей не як грамадзян, а выключна як рэсурс.

Летам на адной нарадзе было ўжыта такое: «Кіраванне працоўнай сілай». То-бок для рэжыму гэта нават не людзі, гэта — працоўная сіла. Гэта такі агромністы разрыў паміж грамадзянамі і рэжымам у светаўспрыняцці, што цяжка ўявіць сабе іншыя краіны, дзе такое ёсць зараз. Калі мы бяром Кітай ці Паўночную Карэю, то там хаця б рэжым і людзей нітуе ідэалогія, якая ёсць і падмуркам, і будуе такія вертыкальныя сувязі, якія робяць з рэжыму і грамадства нешта адно. А ў нашым выпадку гэтага няма.

Што можа замарозіць «пажар на тарфяніках»

Калі ўжо працягваць гэтую метафару, то пажары знікаюць зімой, у маразы, і вось такім марозам у нашым выпадку можа стаць сітуацыя, калі вайна ва Украіне замарозіцца на гады, калі нейкім чынам не адбудзецца паразы Расіі, вось тады можа наступіць вялікая зіма для Беларусі.

Палкамі не прымусіш любіць, можна толькі прымусіць маўчаць

Але я і не ўпэўнены, што ёсць жаданне, каб іх палюбілі… Мне падаецца, што пасля 2020 года Лукашэнка ўсё зразумеў. Вось той момант, калі на заводзе яму крычалі «сыходзь!», тут трэба аддаць яму належнае — ён вытрымаў, сэрца не лопнула, але пасля такога верыць у тое, што цябе зноў палюбяць, і пры гэтым не рабіць нічога для таго, каб змянілася стаўленне…

Адзінае, на што ўлада робіць упор:

• першае, мы не ўдзельнічаем у вайне (хаця гэта няпраўда);

• другое, усе супраць нас (гэта напалову праўда, бо Еўропа не супраць беларусаў, а супраць Лукашэнкі, і дзякуючы дыяспары шмат хто разумее, што рэжым Лукашэнкі і Лукашэнка — гэта не беларускі народ);

• трэці момант — гэта тое, што эканоміка не рухнула. Бо пасля пачатку вайны было прадчуванне апакаліпсісу ваеннага і эканамічнага. І вось ні ваеннага, ні эканамічнага апакаліпсісу не адбылося.

Але. Калі ў Беларусь прыйшлі «вагнераўцы», то, як паказваюць даныя апытанняў апошніх, гэта з’яўленне рускіх наймітаў у нас, можа, не ўсімі, але пэўнай часткай людзей было расцэненае менавіта як прыход вайны і да нас. Зразумела, у вельмі аблегчаным варыянце, але ж яшчэ трэба дадаць пытанне ядзернай зброі, гэты феціш для Лукашэнкі з 1990-х гадоў.

Але для беларусаў, якія да таго ж памятаюць і Чарнобыль, што ядзерная зброя, што Вагнер — гэта пункты грамадзянскага аднадушша, гэта кропка кансэнсусу, якая мае адмоўны характар. І гэта падпільвае прапагандысцкія слупы — няма вайны, усе супраць нас і эканоміка не ляснула.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org