«Няма таго, што раньш было…» Топ-5 песень на вершы нашага любімага класіка

Гаворку пра яго нярэдка падсумоўваюць два словы: «Загадка Багдановіча». За некалькі тысяч кіламетраў ад радзімы ён разгледзеў тое, што не бачылі яго сучаснікі і ўвайшоў у пантэон самых слынных і вялікіх паэтаў свету. Эрудыт, выдатны майстар верша, адзін з галоўных інтэлектуалаў беларускай літаратуры – усё гэта наш любімы класік Максім Багдановіч.

Да дня нараджэння паэта, які з’явіўся на свет 9 снежня, radiounet.fm падрыхтавалі для вас топ-5 песень на яго вершы.

1. «Слуцкія ткачыхі»

Гэта адзін з самых вядомых вершаў Максіма Багдановіча, які і сам, падобна прыгонным дзяўчатам, знаходзіцца ў далёкім панскім двары і замест персідскага ўзора тчэ «цвяток радзімы васілька». Тчэ свой «Вянок» – менавіта ў гэтым зборніку быў надрукаваны твор, які ведае кожны беларус. Ну а па-сапраўднаму народным верш зрабілі «Песняры». Музыку напісаў Уладзімір Мулявін, а эталонным стала выкананне Валерыя Дайнэкі.

2. «Вераніка»

Гісторыя першага кахання Максіма Багдановіча звязана з імем Ганны Какуевай. Ёй ён прысвяціў нямала вершаў, у тым ліку цыкл пад назвай «Мадонны» з дзвюх невялікіх паэм «У вёсцы» і «Вераніка». Знакамітыя радкі, якія сталі песняй «Ізноў пабачыў я сялібы, дзе леты першыя прайшлі…», – адтуль.

Музыку на верш напісаў Ігар Лучанок, а агучылі знакамітае «няма таго, што раньш было» мулявінскія «Песняры». І атрымаўся адзін з найлепшых твораў за ўсю гісторыю беларускай музыкі.

3. «Пагоня»

«Не разбіць, не спыніць, не стрымаць»: у 1916 годзе Максім Багдановіч напісаў верш, якому было наканавана стаць патрыятычным гімнам нашай Бацькаўшчыны. Кажуць, штуршком, які натхніў паэта на напісанне твора, паслужыла выява «Пагоні» на Вострай Браме ў Вільні.

Многія кампазітары прапаноўвалі свае варыянты музыкі для «Пагоні», але кананічнай стала ўрачыстая версія для харавога выканання беларускага кампазітара-эмігранта Міколы Шчаглова-Куліковіча.

4. Раманс

Непераўзыдзены шэдэўр інтымнай лірыкі Максіма Багдановіча. Доўгі час музыка да верша лічылася народнай: імя яе стваральніка Сымона-Рак-Міхалоўскага, расстралянага ў 1938 годзе, бальшавікі старанна замоўчвалі.

«Зорка Венера» – рэкардсмен па папулярнасці ў беларускіх выканаўцаў. Хто толькі яе не спяваў! І «Песняры», і «Сябры», і харавыя калектывы, ёсць нават фолк-метал версія. Цікавае прачытанне атрымалася і ў Змітра Вайцюшкевіча.

5. «Па-над белым пухам вішняў»

Арыгінальная назва верша – «Маёвая песня». Музыку да яе напісаў Ігар Палівода і гэта быў галоўным поп-хіт Беларусі пачатку дзевяностых. Пяшчота меладычных радкоў, вясна, каханне і жыццё непераможнае.

radiounet.fm