Аліна Коўшык: Тэма беларускай адукацыі – адная з цэнтральных тэмаў, якую абмяркоўвалі ў Варшаве

Гутарка з прадстаўніцай АПКБ па нацыянальным адраджэнні Алінай Коўшык.

РР: Зараз вельмі шмат важных для беларусаў падзей адбываецца ў Варшаве. Учора адбылася сустрэча з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, падчас якога выступілі беларускія калядоўшчыкі.

Аліна Коўшык: Так, сапраўды, вельмі насычаны час. Сёння працягваецца візіт спадарыні прэзідэнта Святланы Ціханоўскай у Варшаву, дзе Аб’яднаны Пераходны Кабінет прымае вельмі актыўны ўдзел. І ўчора адбылася ўжо трэцяя штогадовая калядная сустрэча ў Бельведэрскім прэзідэнцкім палацы. І сустрэча прайшла ў вельмі цёплай, прыязнай атмасферы, нягледзячы на тое, што ў Польшчы зараз такі гарачы палітычны перыяд. Але тым не менш, што было запланавана, усё было выканана. На сустрэчы былі прадстаўнікі беларускай супольнасці, а таксама нашыя польскія сябры, якія шмат дапамагаюць у нашай працы. Я думаю, што ўсім вельмі спадабалася неспадзяванка вечара – гэта тое, што ўпершыню ў гісторыі беларускія калядоўшчыкі завіталі ў пэзідэнцкі палац з песнямі, з забавамі. Заспявалі беларускія традыцыйныя калядкі і польскую. Пажадалі нам усім дабрабыту і шчасця. І пайшлі ў іншую хату, як абяцалі.

РР: На адным з фотаздымкаў з гэтай сустрэчы бачна, што Анджэй Дуда вельмі ўважліва, з цікавасцю глядзіць на беларускіх калядоўшчыкаў. Як бы Вы маглі ахарактарызаваць, як ён рэагаваў на беларускую традыцыю каледавання і на нашых беларускіх калядоўшчыкаў?

Аліна Коўшык: Вельмі цёпла і, сапраўды, гэта выклікала ў яго вялікую цікавасць. Ён усміхаўся, падпяваў нават, калі была польская калядка. Я думаю, падкрэсленне акурат нашых беларускіх традыцый яшчэ раз нагадала палякам, наколькі блізкія нашыя народы. Як шмат супольнага мы маем. І на гэтым святочным прыёме палякі былі ўражаны і сказалі, што сапраўды не ведалі, што ў нас аж так шмат агульнага. Таму беларускія традыцыі – гэта наш сапраўдны скарб, гонар, гэта тое, што паказвае нашыя карані, тое, што сапраўды можа аб’ядноўваць людзей розных веравызнанняў і розных поглядаў, палітычных у тым ліку. Трэба прызнаць, што, сапраўды, учарашняя сустрэча была вельмі аб’ядноўваючая, таму што прыйшлі прадстаўнікі абсалютна розных палітычных сілаў, якія досыць рэдка сустракаюцца ў жыцці. Былі Зянон Пазьняк, Наталля Радзіна, то бок людзі, якія часам маюць вельмі крытычныя погляды, але на запрашэнне Анджэя Дуды і Святланы Ціханоўскай усе прыйшлі.

РР: Вельмі шмат пытанняў абмяркоўвалася падчас гэтых сустрэчаў. Хочацца для слухачоў Беларускага Радыё Рацыя сканцэнтравацца на пытаннях адукацыі, бо паколькі была сустрэча з міністаркай адукацыі Польшчы, напэўна, закраналіся гэтыя пытанні. У прыватнасці, ёсць адная з праблемаў, што знікае беларуская мова ў беларускіх ліцэях у Гайнаўцы і Бельску–Падляшскім. Ці размаўлялі на гэтую тэму?

Аліна Коўшык: Так, сапраўды, гэта была адная з цэнтральных тэмаў, якую мы абмяркоўвалі са спадарыняй міністаркай. І я ведаю, што спадар прафесар Алег Латышонак накіраваў ліст да новай міністаркі адукацыі з просьбай звярнуць пільную ўвагу на гэтую справу. Таму Барбара Навацкая была вельмі добра зарыентаваная ў гэтай тэме. Хачу сказаць, што польскае Міністэрства адукацыі вельмі добра падрыхтавалася да сустрэчы. Мы абмяркоўвалі тэму беларускіх ліцэяў. Для нас гэта адная з сімвалічных тэмаў. Яна вельмі важная для беларускай адукацыі. І мы разумеем, наколькі важна захаваць беларускую ідэнтычнасць. Спадарыня міністарка пагадзілася з гэтым і сказала, што яны будуць думаць над тым, як вырашыць гэтую справу. Змяніўся зараз падляшскі куратар, які займаецца гэтай справай. І зараз будзем глядзець, як яна будзе вырашацца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

racyja.com