Вялікая размова з Таццянай Шчытцовай — прадстаўніком Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі.
«Адна з самых складаных задач: як прадстаўнікам розных экспертных супольнасцяў навучыцца дасягаць кансэнсусу»
Таццяна Шчытцова больш за год з’яўляецца прадстаўніком Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі.
«У нас ёсць два асноўных напрамкі працы. Перш за ўсё гэта самыя розныя ініцыятывы выбудоўвання камунікацыі, пошук партнёраў. І ўсё гэта нацэлена на тое, каб дапамагаць рэпрэсаваным выкладчыкам, студэнтам, настаўнікам, тым, каму пагражалі рэпрэсіі ў краіне, і яны вымушаныя былі зʼехаць. Мы таксама падтрымліваем камунікацыю са студэнтамі, настаўнікамі, навукоўцамі і выкладчыкамі ў краіне, абмяркоўваем з імі нейкія магчымасці ўзаемадзеяння прафесійнага, варыянты дапамогі», — кажа Таццяна Шчытцова.
Таццяна займаецца падрыхтоўкай да рэформы адукацыі ў Беларусі. Тут таксама шмат аспектаў дзейнасці.
«Галоўнае тут — гэта выбудоўванне экспертных супольнасцяў. Мы наладжваем камунікацыю для таго, каб эксперты і людзі, зацікаўленыя ў абмеркаванні гэтай праблематыкі, сустракаліся адзін з адным і пачыналі сумесна абмяркоўваць каштоўнасныя арыентыры, прыярытэты, праблемы, якія датычацца беларускай адукацыі. Бываюць вельмі вострыя спрэчкі нават сярод тых людзей, якія падзяляюць агульныя каштоўнасці, разумеюць, што адукацыя павінна быць сучаснай, арыентавацца на такую дэмакратычную рамку. Тым не менш, вельмі шмат ёсць спрэчак наконт таго, як трэба рыхтавацца да рэформы, на што арыентавацца, якія тут могуць быць мадэлі, як расстаўляць акцэнты».
Дыскусіі праводзяцца для таго, каб падчас падрыхтоўкі да рэформы людзі вучыліся слухаць адзін аднаго і дасягалі кансэнсусу.
«Я ўжо год уключаная ў такі сурʼёзны палітычны кантэкст і камунікацыю з людзьмі, якія прадстаўляюць розныя грамадзянскія арганізацыі, ініцыятывы і розныя экспертныя супольнасці ў сферы адукацыі. І я магу сказаць, што гэта, бадай, адна з самых складаных задач: як прадстаўнікам розных экспертных супольнасцяў навучыцца дасягаць кансэнсусу. Думаю, што нешта падобнае вы чулі і з нагоды іншых сфер грамадзянскай супольнасці. І гэта адзін з самых важных элементаў, як рыхтуецца да будучай рэформы адукацыі — навучыцца дасягаць кансэнсусу».
Таццяна звяртае ўвагу на тое, што рэформа павінна рыхтавацца з прыцягненнем розных зацікаўленых груп.
«Мы прывыклі ў Беларусі і, у прынцыпе, гэта такая савецкая спадчына, што галоўны, хто рэформу рыхтуе, напрыклад Міністэрства адукацыі, і выбірае кола экспертаў, даручае ім напісанне рэформы і распрацоўваецца гэтая канцэпцыя. Павінна быць істотна інакш. Ёсць такое слова «стейкхолдэры» — гэта розныя групы людзей, якія зацікаўленыя ў ажыццяўленні рэформы, трансфармацыі і развіцці якой-небудзь сферы. Калі казаць пра сферу адукацыі, то падрыхтоўка да рэформы павінна быць выбудаваная такім чынам, каб усе прадстаўнікі розных зацікаўленых груп маглі ўдзельнічаць у гэтых групах».
Неабходна будзе арганізоўваць адкрытыя публічныя дыскусіі на розных пляцоўках, заўважае Таццяна.
«Гэта трэба, каб з боку грамадзянскай супольнасці, маглі выказацца і бацькі, бацькоўскія супольнасці, прадстаўнікі бізнесу і гэтак далей. Нават для тых, хто выйдзе з універсітэта, усё роўна паўстане пытанне працаўладкавання. Вось так счэпленая сістэма адукацыі, адукацыйныя інстытуты з магчымасцю працаўладкавання, а гэта значыць не толькі з дзяржаўнымі нейкімі інстытутамі або прадпрыемствамі, але таксама і з прыватнымі кампаніямі, куды могуць працаўладкавацца выпускнікі прафесійнай школы, прафесійна-тэхнічных устаноў».
Адукацыя — інтэгравальная зʼява ў грамадстве
«Адукацыя звязвае ўсіх з усімі: інтарэсы прадпрыемстваў, развіцця бізнесу, эканомікі, і сацыяльнай сферы, вядома, дзяржаўныя інтарэсы, таму што дзяржава зацікаўлена, каб былі адукаваныя кваліфікаваныя кадры і гэтак далей. Каб падрыхтавацца да рэформы адукацыі, у нас павінен быць цэлы шэраг самых розных публічных дыскусій. У такіх дыскусіях, калі гаворка ідзе пра школу і нават пра ВНУ, могуць удзельнічаць і старшакласнікі, і студэнты. Вельмі важна, каб была моладзь, таму што яна бачыць праблемы па адукацыі па-свойму, яны могуць указаць на тое, на што дарослыя не звернуць увагі».
Другі элемент у падрыхтоўцы да рэформы адукацыі — мабілізацыя экспертнай супольнасці. Тут таксама неабходныя незалежныя ці, арганізаваныя Міністэрствам адукацыі, ВНУ экспертныя абмеркаванні, кажа Таццяна.
«Гэта робіцца для таго, каб напрацаваць агульную мову, агульныя падыходы, а таксама абавязкова пункты канфлікту або разыходжанні, каб пры падрыхтоўцы канцэпцыі рэформы ўлічыць гэтыя вузкія або праблемныя месцы. Усё гэта трэба, каб рэформа адукацыі была інклюзіўнай, каб мы маглі ўлічваць інтарэсы розных груп».
Трэці элемент у падрыхтоўцы рэформы — гэта легітымацыя, пераклад падрыхтаваных канцэпцый.
«Добра, калі канцэпцыю рэформы адукацыі рыхтуе не адна нейкая каманда, а дзве ці тры, і потым некалькі канцэпцый выносяцца на абмеркаванне, напрыклад, будучага парламента або адпаведны прафесійнай, зноў жа, экспертнай групы, якую парламент збярэ і вызначыць для абмеркавання на нейкім фінальным этапе».
Колькі часу зойме падрыхтоўка рэформы?
«Гэтыя абмеркаванні праводзіліся менавіта для таго, каб калегі з гэтых краін падзяліліся сваім досведам рэфармавання сістэмы адукацыі пасля распаду Савецкага Саюзу і на момант утварэння Саюзу Незалежных Дзяржаў: незалежнай Літвы, незалежнай Украіны. Вельмі цікава паслухаць калегаў, якія гэта прайшлі ўжо, у якіх і свае граблі былі, свае памылкі. Калегі з Украіны гаварылі аб тым, што ім даводзілася вяртацца да нейкіх момантаў, нейкія інстытуты ствараць некалькі разоў. Напрыклад, ім давялося Незалежны інстытут ацэнкі якасці адукацыі ствараць двойчы, для таго, каб у сістэме адукацыі была асобная інстытуцыя, сапраўды незалежная, якая будзе ажыццяўляць рэгулярна экспертызу якасці адукацыі».
Самы складаны момант, каб гэтая інстытуцыя сапраўды была незалежнай, адзначае Таццяна. Таксама вельмі складана дакладна сказаць, колькі трэба часу на рэформу, паколькі само рэфармаванне сістэмы адукацыі павінна адбывацца заўсёды.
«Свет вельмі імкліва змяняецца, вельмі хутка абнаўляецца спіс прафесій, якія або адыходзяць на задні план, аказваюцца больш не запатрабаваныя на рынку, або, наадварот, зʼяўляюцца новыя прафесіі, і на гэта трэба вельмі хутка рэагаваць. Усё гэта патрабуе не проста ўвядзення новых дысцыплін, але абнаўлення нават крытэрыяў ацэнкі, метадаў выкладання, ну і гэтак далей. Увогуле, падрыхтоўка рэформы можа заняць год, два і тры. Але калі адбудзецца дэмакратызацыя краіны, мы пачнем рыхтавацца і рыхтаваць інстытуты да грунтоўнага рэфармавання, напрыклад, каб ВНУ здабылі аўтаномію, такога роду крокі павінны быць прыняты ў самай бліжэйшай перспектыве».
Аўтаномія ў ВНУ павінна быць на ўзроўні арганізацыйных рашэнняў, як, напрыклад, павінна быць выбудавана прыняцце рашэнняў і ўнутры ўніверсітэтаў, паміж універсітэтамі і Міністэрствам адукацыі, рознымі значнымі грамадзянскімі інстытутамі, кажа Таццяна.
«Ццяперашняя сістэма адукацыі перашкаджае развіццю ў дзяцей гнуткасці, варыятыўнасці і крытычнасці мыслення»
У школах і ўніверсітэтах неабходна мяняць парадак камунікацыі, якая прыводзіць да прыняцця рашэнняў у тым, як выбудоўваецца адукацыя і якія абавязкі ў настаўніка, адзначае прадстаўнік.
«Цяпер у нас усе гэтыя рашэнні рухаюцца выключна па вертыкалі, зверху ўніз. Акрамя таго, паміж Міністэрствам адукацыі і школай ёсць розныя прамежкавыя ўзроўні, якія таксама вызначаюць, спускаюць свае ц/у. у раённых, абласных камітэтаў, якія займаюцца пытаннямі адукацыі, ёсць свой уладны рэсурс вызначаць, чым павінна займацца школа. Гэтыя дысцыплінуючыя ўказанні павялічваюць абʼём нагрузкі на настаўнікаў».
На гэтую праблему звярнуў увагу кансультант па пытаннях школьнай адукацыі Ігар Варакса, які раней быў дырэктарам Ліцэя БДУ. Таццяна Шчытцова рэкамендуе паглядзець вебінар, дзе Ігар Варакса прэзентуе асноўныя вынікі тэставання PISA.
«PISA — гэта міжнародная праграма тэставання школьнікаў. У выніку правядзення гэтага тэставання можна выявіць слабыя месцы ў той ці іншай сістэме адукацыі. У плане агульнага ўзроўню адукацыі Беларусь паказала вельмі добры вынік. Але ёсць графа, па якой беларускія школьнікі паказалі вельмі нізкі вынік — здольнасці крытычнага мыслення і праявы творчага ўяўлення, гнуткасці інтэлектуальных навыкаў, усё, што адносіцца да творчасці, здольнасці крытычна ставіцца, аналізаваць рэальнасць, у якой знаходзіцца чалавек. Ва ўкраінскіх дзяцей такія паказчыкі вышэйшыя».
Атрымліваецца, беларуская сістэма адукацыі дае нядрэнны набор ведаў, але пры гэтым арганізавана такім чынам, што дзеткі на выхадзе аказваюцца неканкурэнтаздольныя, таму што іх не падрыхтавалі, тлумачыць Таццяна.
«Іх навучалі такім чынам, што ў іх ёсць складанасці, каб самастойна крытычна ацэньваць і прапаноўваць (тут фантазія падключаецца, здольнасць уяўлення) нешта крытычна ацаніць і (а вось тут гнуткасць інтэлектуальных здольнасцяў) прапанаваць розныя іншыя варыянты. Гэта значыць, што наша цяперашняя сістэма адукацыі перашкаджае развіццю ў дзяцей гнуткасці, варыятыўнасці і крытычнасці мыслення».
Дзяржава павінна клапаціцца аб тым, якія павінны быць уведзеныя інструменты, каб забяспечыць роўны доступ да якаснай адукацыі, незалежна ад таго, дзе дзіця нарадзілася і жыве, у вёсцы ці горадзе, кажа прадстаўнік.
Дапамога міжнароднай супольнасці
Таццяна адзначае вельмі важны вынік, якога ўдалося дасягнуць сёлета: у чэрвені ў Вільні Офіс правёў вялікую экспертную канферэнцыю. Таццяна лічыць, што канферэнцыя была ўдалай, таму што ўпершыню сабралі такі рэпрэзентатыўны склад экспертнай супольнасці, яна дала моцныя вынікі.
«Па-першае, некаторыя людзі там пазнаёміліся і ўжо знайшлі важныя пункты судакранання або стала зразумела, у чым у нас сурʼёзныя ёсць рознагалоссі. Стала зразумела, у які бок рухацца далей, дзе ў нас болевыя кропкі, а дзе ў нас больш шанцаў і можна ісці наперад».
У гэтым годзе было шмат зроблена ў падтрымку навукоўцаў, студэнтаў і настаўнікаў.
«Дзякуючы працяглай і няпростай камунікацыі з донарамі, у першую чаргу, з Еўракамісіяй, мы прыйшлі да таго, што былі вылучаныя вялікія гранты — адзін па школьным кірунку, іншы вялікі грант на студэнтаў, навукоўцаў і выкладчыкаў ВНУ».
Адна вялікая грантавая праграма накіравана на тое, каб прапанаваць самыя розныя нефармальныя адукацыйныя ініцыятывы, якія будуць і для дзетак у дыяспарах, якія вымушаныя былі разам са сваімі бацькамі пакінуць Беларусь па палітычных прычынах.
«У школьнай праграме ёсць нефармальныя адукацыйныя ініцыятывы рэальныя, а ёсць і онлайн (вось тут змогуць падключацца і дзеткі, якія жывуць у краіне, і тыя, якія жывуць у дыяспарах). Таксама будуць прапаноўвацца ініцыятывы на спецыяльнай платформе, накіраваныя на распрацоўку новых курсаў ці ж альтэрнатыўных курсаў, якія ўпісваюцца ў школьную праграму. Праз гэты вялікі грант мы зможам прапанаваць самыя розныя адукацыйныя, цікавыя ініцыятывы для дзетак».
Ёсць вялікі грант у рамках праграмы Еўракамісіі Source to advanced learning and training. Гэтая праграма прадугледжвае выдзяленне Стыпендыі для беларускіх студэнтаў для вучобы ў еўрапейскіх краінах, а таксама навукоўцаў і выкладчыкаў ВНУ, каб яны маглі рэалізаваць даследчы праект або зʼездзіць на навуковую стажыроўку, кажа Таццяна.
«Таксама будуць асобныя сродкі для запуску розных адукацыйных ініцыятыў у рэжыме онлайн для дарослых ужо таксама самага рознага профілю. Гэта дазволіць і падтрымліваць развіццё беларускай навукі, студэнтаў, новых адукацыйных ініцыятыў на онлайн пляцоўках».
Ёсць некалькі інстытуцый у розных краінах, у тым ліку ў Германіі, якія аказваюць падтрымку навукоўцам і офіс з імі падтрымлівае сувязь, запытвае актуальныя дадзеныя.
«Два разы на месяц у нас выходзіць дайджэст «Асвета», дзе ёсць раздзел «міжнародныя магчымасці», там інфармацыя ўвесь час абнаўляецца. Калі ласка, сачыце, хто шукае новыя магчымасці, стыпендыі для навучання, стажыроўкі».
Сёлета ў Таццяны Шчытцовай таксама была рабочая паездка ў Германію, дзе прадстаўнік сустракалася з рознымі фондамі і арганізацыямі, якія падтрымліваюць навукоўцаў.
«Я сустракалася з прадстаўнікамі DFG Deutsche Forschungsgemeinschaft — нямецкае даследчае таварыства з прадстаўнікамі DAAD (нямецкая служба акадэмічных абменаў) і з прадстаўнікамі фонду Аляксандра Гумбальта. Мы акурат абмяркоўвалі розныя фарматы падтрымкі для беларускіх навукоўцаў, у якія праграмы яны могуць упісацца і што яшчэ асобна можна прапанаваць. У нас дасягнуты шэраг дамоўленасцяў і камунікацыя працягваецца. Я спадзяюся, што можа быць нават у наступным годзе ў Вільню прыедуць нямецкія прадстаўнікі, каб выбудоўваць беларуска-нямецкае навуковае супрацоўніцтва».
Актыўнае супрацоўніцтва офіс вядзе з Еўракамісіяй.
«Кожная паездка Святланы Ціханоўскай з візітам у якую-небудзь краіну ўключае ў сябе пытанне, звязанае з падтрымкай і для нашых студэнтаў, для акадэмічнай сферы: для навукоўцаў, для рэпрэсаваных навукоўцаў і студэнтаў. А далей ёсць папярэднія дамоўленасці з Польшчай і Чэхіяй. Камандзіроўка ў Чэхію была звязана з тым, каб дасягнуць нейкага пазітыўнага рашэння ў дачыненні да нашых студэнтаў там, развіццю навуковага супрацоўніцтва паміж навукоўцамі з Чэхіі і Беларусі, а можа быць і прадстаўнікамі іншых краін. Ёсць некаторыя працоўныя дамоўленасці і з Францыяй».
Нягледзячы на тое, што пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну сітуацыя моцна змянілася, але міжнародная супольнасць гатовая супрацоўнічаць на розных узроўнях і падтрымліваць беларусаў у адукацыі, кажа Таццяна.
«Рэжыму патрэбна лаяльная моладзь»
У 2022 годзе ў беларускай сістэме адукацыі было мноства змен: закрыццё прыватных школ, увядзенне характарыстык, узмацненне ролі патрыятычнага выхавання.
«Тут мы бачым дастаткова зразумелую палітыку рэжыму, яна накіраваная на тое, каб праз усе інстытуты адукацыі забяспечыць сабе падтрымку маладога пакалення. Рэжыму патрэбна лаяльная моладзь, каб яна праводзіла ідэалогію, якую спрабуе прасоўваць рэжым. Але ідэалогія палягае ў тым, каб неяк утрымацца ва ўладзе, а гэта можна зрабіць, падтрымліваючы рэжым Пуціна і арыентуючыся на ягоную палітыку нават у адукацыі. Пакуль гэта адзіныя ідэалагічныя акцэнты, якія ў стане неяк артыкуляваць цяперашні рэжым».
Увядзенне дадатковага ліцэнзавання ў прыватных школах — гэта дадатковы «фільтр» і інструмент кантролю, кажа Таццяна.
Рэжым Лукашэнкі спрабуе зрабіць з дзяцей лаяльных грамадзян, але гэты працэс пакуль зваротны, лічыць Таццяна.
«Шчасце, інтэрнэт усё яшчэ працуе — гэта такое вакно ў свет, які не можа кантраляваць цяперашні рэжым. І, вядома, сурʼёзныя надзеі, што ўсё ж такі ёсць адэкватныя настаўнікі ў школе, якія не стануць літаральна рупарам, інструментам прасоўвання квазі-ідэалогіі Лукашэнкі. Вялікія надзеі звязаныя з бацькамі, што яны будуць падтрымліваць і ўсяляк накіроўваць дзяцей на тое, каб чытаць кнігі, глядзець кіно, якое расплюшчвае вочы і больш шырокія гарызонты на агульнаеўрапейскі кантэкст, ці ўвогуле глабальны кантэкст, узбагачаюць і не стрымліваюць, не заганяюць дзіця вось у гэтую вузкую каляіну, якую хоча выбудаваць рэжым Лукашэнкі ў школах для нашых дзяцей».
Важны момант, якога дамагаецца цяперашняя ўлада праз гэтыя інструменты — абʼяднанне адукацыйных прастор Беларусі і Расеі.
«Пра гэта сведчыць ужо цэлы шэраг крокаў, мер і падзей, якія праводзяцца ў нашых школах. Назва гэтых мерапрыемстваў вельмі красамоўна сведчаць пра тое, каб гэта была адзіная прастора і арыентавалася на тыя ідэалагічныя прыярытэты, якія ладзяць рэжым Пуціна. І гэта вельмі трагічная па-свойму акалічнасць, таму што яна таксама заводзіць нашу сістэму адукацыі, школьную адукацыю ў яшчэ большы тупік, у яшчэ большы крызіс».
«Не павінна быць ніякага прымусовага размеркавання»
Прадстаўнік па адукацыі адзначае, што ў Беларусі не павінна быць прымусовага размеркавання пасля заканчэння ВНУ.
«Не павінна быць ніякага прымусовага размеркавання. Гэта цалкам адназначна. Але дзяржава павінна клапаціцца разам з бізнесам, з грамадзянскай супольнасцю аб тым, каб у выпускнікоў нашых ВНУ і іншых навучальных устаноў была перспектыва працаўладкавання ў краіне, і для гэтага не патрэбны інструмент прымусовага размеркавання».