Беларуска-польскія стасункі цяпер існуюць у двух вымярэннях. З аднаго боку, ёсць цесная супраца з дэмакратычным беларускім грамадствам, а з іншага – надзвычай напружаная сітуацыя ў дачыненнях з афіцыйным Менскам.
Racyja.com пагутарыла з аглядальнікам выдання Rzeczpospolita, публіцыст, аўтар кнігі “Ледаколка. Святлана Ціханоўская”, Руслан Шошын:
РР: Будзем гаварыць пра беларуска-польскія дачыненні. Першае пытанне будзе датычыць дачыненняў з беларускай дэмакратычнай супольнасцю. Толькі што адбыўся візіт Святланы Ціханоўскай у Варшаву, ці зменіцца стасунак польскіх уладаў да беларускай дэмакратычнай супольнасці? Пра што можа сведчыць гэты візіт? Якое яго практычнае вымярэнне?
— Адназначна можна сказаць аб тым, што ў Польшчы палітычная эліта не мае намеру рабіць нейкага „рэсету“, ці нейкага перагляду стасункаў з рэжымам Лукашэнкі. Гэтага не адбываецца, няма такіх прыкметаў, што хтосьці хоча змяніць падыход, ці пачаць нейкія закулісныя гульні з Лукашэнкам.
Аднак сёння ў Польшчы адбываецца перагляд усёй папярэдняй палітыкі, гэта датычыць унутранай палітыкі, так і вонкавай, замежнай палітыкі. Што я маю на ўвазе: тут таксама не перагляд, і можна ўжыць слова „рэманент“, калі фірма правярае ўсе рахункі, ці ўсё згаджаецца, ці не было нейкіх памылак. Сёння ў Польшчы адбываецца вялізны „рэманент“ ва ўсіх польскіх інстытуцыях.
Адназначна гэта таксама адбываецца ў МЗС, ад якога таксама залежыць шмат: падтрымка беларускіх ініцыятываў, медыяў незалежных беларускіх, арганізацыяў. Таму новая польская ўлада пераглядае, правярае ці ўсе выдаткі былі сапраўды мэтанакіраваныя, і сапраўды былі слушныя. Датычыць гэта не толькі беларускіх справаў, беларускіх дэмакратаў, а ўсіх польскіх інстытуцыяў: пачынаючы ад службы аховы здароўя, сканчаючы на навуцы.
Калі казаць пра візіт Святланы Ціханоўскай, офіс Святланы Ціханоўскай і сама Святлана ведалі гэтых палітыкаў польскай апазіцыі, бо беларуская апазіцыя мела дачыненні з усімі палітычнымі сіламі ў Польшчы, заўжды гэтыя дачыненні былі добрыя. Але ўсё ж такі, калі казаць, пра афіцыйную змену ўладу ў Польшчы, то гэта было знаёмства з новымі ўладамі, такая спроба нагадаць пра беларускую справу, справу беларускай дэмакратычнай супольнасці.
Момант адназначна выпаў вельмі кепскі на гэты візіт, бо цяжка было ўявіць горшых падзеяў, падчас візіту Святланы Ціханоўскай. Маю на ўвазе ўсе турбуленцыі звязаныя з тым, што быў судовы вырак у дачыненні да двух важных палітыкаў былой кіроўнай партыі „Права і Справядлівасць“, якія пазней былі затрыманыя ў палацы прэзідэнта якраз падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Дудам, у іншым палацы.
Гэта ўсё проста вывернула дагары нагамі польскую палітычную павестку, медыі адназначна ўсе сканцэнтраваныя толькі на ўнутраных справах. Калі замежная палітыка прарываецца ў штодзённае польскае жыццё палітычнае, то датычыць нейкіх справаў, перадусім Украіны і пераглядаў нейкай палітыкі, якую праводзіла папярэдняя ўлада, тое, што пакінула папярэдняя ўлада ў замежнай палітыцы, сёння гэта спрабуюць нешта паляпшаць, змяняць.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле.