Чалавек, які ніколі не спыняўся: Язэп Лёсік

У гэты дзень 84 гады таму памёр (ці быў забіты?) Язэп Лёсік. Яго асоба ў кагорце знакамітых беларускіх дзеячаў ХХ стагоддзя, якія трывала стаялі на пазіцыях нацыянальнага адраджэння — адна з ключавых і першарадных. Фактычна ён быў кіраўніком беларускай дзяржавы і адным з ініцыятараў абвяшчэння яе незалежнасці.

За Язэпам Лёсікам замацавалася амплуа «сваяка ўплывовых людзей»: зяць Ядвігіна Ш., родны дзядзька Якуба Коласа… Але ж Язэп Лёсік быў самадастатковы — палітык, навуковец, рухавік нацыянальнага адраджэння.

У кагорце знакамітых беларускіх дзеячаў ХХ стагоддзя, якія трывала стаялі на пазіцыях нацыянальнага адраджэння, асоба Язэпа Лёсіка — адна з ключавых і першарадных. Чаму? Прынамсі таму, што ён быў фактычна кіраўніком беларускай дзяржавы: Язэп Лёсік — 2-гі старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і адзін з ініцыятараў абвяшчэння яе незалежнасці. На пасадзе кіраўніка дзяржавы ён дамагаўся міжнароднага прызнання БНР. Акрамя таго, Лёсік — выдатны мовазнаўца, пісьменнік, публіцыст, педагог, акадэмік… І, што заканамерна, ахвяра сталінізму. Але як гэта бывае з дзеячамі з «нацыянальнага лагера», імя Лёсіка не самае вядомае, з грамадскага дыскурсу наўмысна выкрасленае. А вось яго дзейнасць і жыццё — увагі вартыя. Як складваўся жыццёвы шлях другога кіраўніка БНР «дзядзькі Лёсіка»?

Галіны сямейнага дрэва

Нарадзіўся Язэп Юр’евіч Лёсік 18 лістапада 1883-га ў вёсцы Мікалаеўшчына на беразе Нёмана. Яго бацькі былі беззямельнымі сялянамі і арандавалі землі ў князёў Радзівілаў. Як гэта было распаўсюджана, сям’я Лёсікаў — вялікая. Бацькі мелі сем сыноў і трох дачок. Будучы старшыня Рады БНР быў іх малодшым дзіцем. А вось адной са старэйшых дачок Лёсікаў была Ганна, якая пабралася шлюбам з Міхаілам Міцкевічам. Іх сын — Канстанцін, больш вядомы як класік беларускай літаратуры Якуб Колас.

Сястра Язэпа Лёсіка Ганна (маці Якуба Коласа)

Так і атрымалася, што Язэп Лёсік прыходзіўся родным дзядзькам Якубу Коласу, хоць і дзядзькам, малодшым на 2 гады. Паміж Лёсікам і Коласам адносіны былі вельмі прыязныя, прыяцельскія. Гэта было не проста сваяцтва, а сяброўства аднадумцаў і калег. І ў 1920-я дзядзька з пляменнікам досыць часта бачыліся і разам праводзілі час. Ёсць успаміны, як узімку, у прыцемках, не запальваючы агню, сядзелі яны да позняе ночы, схіліўшыся блізка адзін да аднаго і аб чымсьці ціха размаўлялі… У жудасныя гады рэпрэсій Колас, які сам быў на валасок ад арышту, канешне, мала чым мог дапамагчы і паўплываць на лёс дзядзькі. Але з жонкай рэпрэсіраванага класік адносіны праз ліставанне падтрымліваў да апошніх сваіх год.

Язэп Лёсік і Якуб Колас. Фота з выпускнога альбома

Дарэчы, пра жонку Лёсіка. У дзявоцтве — Ванда Лявіцкая, дачка таксама класіка літаратуры Антона Лявіцкага, які вядомы пад творчым псеўданімам Ядвігін Ш. Шлюбам з Лёсікам адзіная дачка пісьменніка пабралася ўвосень у 1917-м годзе. У іх было трое дзяцей: Юрась, інжынер-энергетык; Алеся і Люцыя — настаўніцы. Хросным бацькам дзяцей Ванды і Язэпа — Люцыі і Алесі — быў сам Янка Купала.

У нацыянальным руху ўсе былі павязаныя паміж сабой, у тым ліку сувязямі сваяцкімі.

Акадэмік, які не паступіў у семінарыю

У кастрычніку 1928-га, калі Інстытут беларускай культуры рэарганізавалі ў Акадэмію навук Беларусі, быў зацверджаны першы склад яе акадэмікаў. Гэтага пачэснага звання ўдастоены і Лёсік… Але вернемся на дзесяцігоддзі раней, калі 14-цігадовы Язэп падаўся ў Нясвіж паступаць у настаўніцкую семінарыю.

Супрацоўнікі Інбелкульта (1922)

Не паступіў. Ёсць думка, што выкладчыкі, якія не прынялі Лёсіка, былі далёка не лепшай думкі пра яго брата — Антона Лёсіка, нядаўняга выпускніка гэтай жа семінарыі. Нібыта не падабалася, што ён надта апантаны беларус. І калі старэйшы брат такі ж, то і малодшы пойдзе яго пуцявінай. Двух турботных Лёсікаў для семінарыі было зашмат. 

Брат Язэпа – Антон Лёсік

У Нясвіжы Язэпу ў прыёме адмовілі, але ён падаў дакументы ў Маладзечна. Там прынялі, але правучыўся Язэп толькі год. Быў выключаны з семінарыі з фармулёўкай «без права паступлення ў іншыя ўстановы». Усё ж пайшоў сцяжынай брата і лез насуперак меркаванню семінарскіх настаўнікаў. Але прага да адукацыі ў Лёсіка не прайшла. Ён едзе ў Ноўгарад-Северскі, дзе ўжо працаваў яго брат, і там паступае ў гарадское вучылішча. У Ноўгарадзе-Северскім Лёсік вытрымаў экзамен на годнасць настаўніка народнай школы.

Прысуджаны да «вечнай высылкі»

Кар’ера настаўніка ў Язэпа Лёсіка пачалася з пасады выкладчыка рускай мовы ў Бабруйскай сельскагаспадарчай школе. Пасля ён вярнуўся ў Ноўгарад-Северскі, дзе быў прызначаны настаўнікам у школу ў мястэчку Грамяч. А тут і выбухнула першая руская рэвалюцыя…

На месцы працы Лёсік знаёміць з палітычнымі пытаннямі сялян на сходах у школе, пра што стала вядома паліцыі. У 1905 годзе ён быў арыштаваны і зняволены ў Ноўгарад-Северскую турму, а ў 1907 годзе прывезены на суд у горад Старадуб… Але ж тут пачынаецца сапраўдны прыгодніцкі дэтэктыў, галоўны герой якога… няўлоўны Лёсік!

Язэп Лёсік і Алесь Гарун у Сібіры на высылцы

Перад самым судом у Старадубе Язэпу Лёсіку ўдалося збегчы з горада! Некаторы час хаваўся ў Стоўбцах, пытаўся перачакаць у сталіцы імперыі, а ўрэшце занесла яго на станцыю Красноўка, што недалёка ад Луганска, дзе ён жыў два гады. Чатыры гады Язэпа Лёсіка не магла вылавіць паліцыя Расійскай імперыі… 

Так бы і заставаўся ён няўлоўным, каб у 1911 годзе не прыехаў зноў у Ноўгарад-Северскі да брата Антона. Там яго ізноў арыштавалі і перавезлі ў Старадуб на суд. Яму прысудзілі бестэрміновае высяленне ў Сібір. У часе знаходжання ў ссылцы, Язэп займаўся самаадукацыяй. Здабываў сродкі на сваё існаванне фізічнай працай. Там пачалося яго супрацоўніцтва з газетай «Наша Ніва», падтрымліваў ён і сувязь з пісьменнікамі і знаёмымі настаўнікамі ў Беларусі.

Нічога не бывае больш часовым, чым «бестэрміновае высяленне»… Як толькі скончыўся царскі рэжым, скончыўся і тэрмін высылкі. У сакавіку 1917-га Лёсік прыязджае ў Мінск.

Стваральнік «Вольнай Беларусі»

А ў Мінску ў гэты час віравала палітычнае жыццё… Былы ссыльны адразу ўключаецца ў падзеі і арганізацыі. Як прадстаўнік БСГ, Язэп Лёсік увайшоў у склад створанага ў красавіку 1917 года Беларускага нацыянальнага камітэта. Там ён заняўся арганізацыяй выдавецкай справы. Пад яго кіраўніцтвам і рэдактурай выходзіла ў свет газета «Вольная Беларусь». Сімвалічная назва і пасада!

2-я сесія Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (1917 год)

«Вольная Беларусь» выдавалася з 10 чэрвеня 1917 года да лістапад 1918-га года ў Мінску на беларускай мове. Цягам усяго часу рэдактарам выдання заставаўся Язэп Лёсік. Зразумела, што большую частку газетных палос займала палітычная павестка, але значнае месца ў сваім выданні Лёсік адвёў на літаратурна-мастацкі аддзел. Менавіта на старонках гэта газеты ўпершыню быў надрукаваны легендарны верш «Пагоня» аўтарства Максіма Багдановіча. Таксама тут пабачылі свет камедыі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, вершы Янкі Лучыны, ўпершыню апублікаваныя першая рэдакцыя паэмы «Сымон-музыка» і раздзелы з паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа. 

Першы нумар газеты Вольная Беларусь

Наогул, культурны блок у «Вольнай Беларусі» быў моцны, адны імёны супрацоўнікаў чаго вартыя: Змітрок Бядуля, Алесь Гарун, Максім Гарэцкі. Не саступаюць і аўтары па гучнасці імя: тут друкаваліся творы Каруся Каганца, Альберта Паўловіча, Цішкі Гартнага, Уладзіслава Галубка, Францішка Аляхновіча, Фабіяна Шантыра, Канстанцыі Буйло, Зоські Верас, Міхайлы Грамыкі, Макара Краўцова, пераклады з украінскай Тараса Шаўчэнкі, рускай Максіма Горкага, польскай Уладзіслава Сыракомлі…

У снежні 1918 года Менск быў заняты бальшавікамі. Паводле ўспамінаў самаго Лёсіка, «бальшавіцкія грабежнікі ачысцілі рэдакцыю да апошняй паперкі. Забралі пішучую машынку, шапірографы, рукапісы, канцэляр, паперу, пячаткі, канторскія кніжкі, рахункі, адрасы падпісчыкаў, пісьмы і г.д… Гдзе гэта ўсё дзелася — няма ведама. Загінула навекі, а тым часам там шмат было рукапісаў вядомых беларускіх пісьменнікаў, каторых ніякімі грашыма аплаціць немагчыма, бо гэта былі аўтэнтыкі».

Спадарожна Язэп Лёсік непасрэдна ўдзельнічаў у лёсавызначальных палітычных падзеях. Шлях быў такі: спачатку ён прыняў удзел у З’ездзе беларускіх арганізацый і партый, дзе быў абраны ў прэзідыум Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый. Потым Лёсік уваходзіў у склад Вялікай беларускай рады, быў удзельнікам Першага Усебеларускага з’езда. Выступіў публічна супраць разгону кангрэсу і супраць бальшавікоў. Потым яму гэта прыпомніцца… Але тое будзе потым, а зараз — на двары сакавік 1918-га.

Мэта — дабіцца прызнання незалежнасці

Ад тэарэтычнай «Вольнай Беларусі» да практычнай незалежнай краіны заставаўся адзін крок. І Язэпу Лёсіку было наканавана паспрабаваць яго зрабіць адным з першых. Ён увайшоў у кола ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года, уваходзіў у склад яе Рады, а ў сярэдзіне красавіка 1918-га ён ужо разглядаўся палітыкамі БНР, як адзін з кандыдатаў на пасаду кіраўніка ўрада. 

Народны Сакратарыят Беларусі (1918)

Так і адбылося 14 мая, калі Язэп Лёсік быў абраны старшынёй Прэзідыума Рады БНР. Як старшыня перад Лёсікам стаяла канкрэтная складаная задача: давесці да прызнання незалежнасці БНР на міжнароднай арэне, а таксама прадухіліць страту тэрыторый, якія палітыкі БНР разглядалі як частку Беларусі.

Лёсік пачаў дзейнічаць. І вось ужо ў кастрычніку ён быў у складзе дэлегацыі БНР да канцлера Германіі, якая павінна была данесці просьбу аб прызнанні БНР Германіяй і просьбу аб фармаванні беларускага войска. Што праўда, дэлегацыя не была прынятая. Таксама Лёсік быў адным з прадстаўнікоў БНР, які папрасіў прэзідэнта ЗША аб прызнанні дзяржавы, палітычнай падтрымцы і абароне тэрыторыі пасля эвакуацыі нямецкіх войскаў… 

Затым, у 1919-м годзе, у якасці старшыні Рады БНР прыняў удзел у сустрэчы з кіраўніком польскай дзяржавы Юзафам Пілсудскім у Мінску. У ходзе сустрэчы дэлегацыя БНР папрасіла Пілсудскага аб прызнанні незалежнасці і цэласнасці БНР, дазваляючы аднаўленне працы яе органаў, аб паступовай перадачы ўлады ў рукі Рады, аб фармаванні беларускага войска і сумеснай барацьбе супраць бальшавікоў. Дэлегацыя не атрымала якіх-небудзь абавязацельстваў з боку Пілсудскага…

Язэп Лёсік (1919)

А потым адбыўся раскол Рады БНР, Язэп Лёсік фактычна адышоў ад палітычных спраў. Там ужо і савецка-польская вайна закончылася, трэба было вырашаць: што і дзе рабіць?

10 шчаслівых год

Язэп Лёсік вырашае застацца ў Мінску. Спадарожна ён абвясціў аб «прызнанні прынцыпаў Савецкай улады» і адразу заняўся навуковай, культурна-асветнай, літаратурнай працай. Наступныя 10 год жыцця Лёсіка сапраўды можна назваць шчаслівымі. Чаму? Ён жыў на сваёй зямлі, радзіма знайшла «свой пасад», была любімая праца, сябры і ўсё больш і больш узмацнялася ідэя беларускай Беларусі… Час яшчэ спрыяў гэтаму, праходзіла і набірала абароты «беларусізацыя».

Склад літаратурнага аб’яднання Полымя (1926-1927)

Для Язэпа Лёсіка сапраўды адкрываліся магчымасці: з ліпеня 1921-га ён выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, на беларускіх лектарскіх курсах, у Беларускім педтэхнікуме. У 1922 годзе Лёсік быў абраны правадзейным сябрам Інстытута беларускай культуры, з галавой паглыбіўся ў пытанні і праблемы беларускай мовы: удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі, быў адным з ініцыятараў правядзення Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў лістападзе 1926 года, на якой выступіў з двума асноўнымі дакладамі. У 1928 годзе зацверджаны правадзейным сябрам Беларускай Акадэміі навук, быў намеснікам дырэктара Інстытута мовазнаўства…

Зроблена за гэты час Лёсікам было нямала. Дзясяткі кніг, сотні артыкулаў… Але ж такія людзі, як Язэп Лёсік, савецкай уладзе былі не патрэбныя і нават небяспечныя.

Помста ад бальшавікоў

Першыя непаразуменні з савецкай уладай у Язэпа Лёсіка ўзніклі амаль адразу, яшчэ ў 1922 годзе. Адбылося гэта пасля выхаду ў свет кнігі «Практычная граматыка беларускае мовы». Тады на сваіх старонках газета «Звезда» назвала падручнік «контррэвалюцыйным». Гэта было раўназначна судоваму выраку. Арышт не прымусіў доўга сябе чакаць: у пачатку лістапада 1922-га года за Язэпам Лёсікам прыйшлі чэкісты. У яго абарону выступіў тагачасны наркам асветы ССРБ Усевалад Ігнатоўскі. Тады так яшчэ можна было зрабіць. Ігнатоўскі накіраваў у Прэзідыум ЦК КП(б)Б зварот, у якім паказаў значэнне Язэпа Лёсіка для будаўніцтва нацыянальнай культуры і паставіў пытанне аб яго вызваленні. У снежні 1922 года Лёсік быў адпушчаны.

Фрагмент савецкай газеты з Я. Лёсікам

Адпушчаны, але не вызвалены з поля зроку карных органаў. За Лёсікам сачылі, пільнавалі яго дзейнасць, выклікалі на размовы, прыходзілі на працу… Нібыта не крытычна, не арыштоўвалі ж, але гэта — справа часу.

14 ліпеня 1930-га года Язэп Лёсік зноў быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Узялі яго на курорце ў Мацэсце, з Каўказа арыштаваным прывезлі ў Мінск і пасадзілі ў турму Дзяржаўнай палітычнай управы НКВД. Адначасова з арыштам у яго доме праходзіў ператрус, які цягнуўся ўсю ноч.

А потым пацягнуўся ланцуг падзей, скіраваных на фізічнае знішчэнне Лёсіка. Спачатку яго пазбавілі звання акадэміка, налета ён быў сасланы на 5 гадоў у горад Камышын Саратаўскай вобласці. Што праўда, у лістападзе 1934-га пастановай ВЦВК Язэп Лёсік атрымаў амністыю, але без дазволу на вяртанне ў Беларусь. Але надышоў бязлітасны 1937-мы… Тады Лёсік працаваў у педтэхнікуме горада Актарска Саратаўскай вобласці. У чэрвені 1938-га за ім зноў прыйшлі: былы старшыня Рады БНР і акадэмік арыштаваны па справе «Контррэвалюцыйнай арганізацыі палітссыльных у Саратаве». 31 сакавіка 1940 года асобай нарадай асуджаны на 5 гадоў ГУЛАГу за «антысавецкую агітацыю». Паводле афіцыйнай версіі, памёр ад сухотаў у саратаўскай турме на наступны дзень. Паводле іншай версіі, быў застрэлены адразу па абвяшчэнні прысуду. 

Турэмная картка Язэпа Лёсіка

Апошні раз яго сям’я мела кантакт з ім 16 ліпеня 1938 года, калі атрымала развітальную паштоўку: «Жывіце без мяне… Ваш тата».

***

Язэпа Лёсіка рэабілітавалі не адразу. У 1959-м годзе яго жонка Ванда атрымала афіцыйны адказ з пракуратуры БССР:

«Ваша жалоба на неправильное осуждение в 1931 году Вашего мужа Лёсика Иосифа Юрьевича Прокуратурой БССР рассмотрена. Указанная жалоба оставлена без удовлетворения, так как проверкой в порядке прокурорского надзора дела по обвинению Вашего мужа установлено, что осуждён он был правильно и оснований для реабилитации нет». 

Асуджаны правільна, падстаў для рэабілітацыі няма… Гэта шмат што значыла: напрыклад, выкрэсліванне з навукі яго прац, забарона друку звестак аб ім, шальмаванне і кляйменне нябожчыка. А сам Язэп Лёсік праз дзесяцігоддзі задае нібыта рытарычнае пытанне:

«Ці дачакаемся мы да тае часіны, калі наш народ духоўна вернецца ў сваю родную краіну, каб усцешыцца вялікаю радасцю свайго ўласнага нацыянальнага творчаства?». Напісанае было ў 1921-м, але ж… 

Барыс Палута, novychas.online