Краіны Паўночнай рады прызначаць каардынатараў па кантактах з дэмсіламі Беларусі

Сцягі краін Паўночнай рады / jarnvagar.nu

Краіны Паўночнай рады прызначаць каардынатараў для кантактаў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі — для ўмацавання супрацы. Пра гэта паведаміла міністр замежных спраў Швецыі — краіны, якая старшынюе ў Паўночнай радзе, — Марыя Мальмер Стэнергард.

(Гэта не першы падобны выпадак. Іншыя краіны таксама маюць дыпламатаў, якія каардынуюць кантакты з беларускімі дэмсіламі. Напрыклад, ад Польшчы спецыяльным прадстаўніком МЗС з’яўляецца Артур Міхальскі, былы амбасадар у Беларусі.)

Кіраўніца МЗС Швецыі падкрэсліла, што для краін Паўночнай Рады адной з першарадных задач застаецца захаванне прыярытэту Беларусі ў міжнародным парадку дня, перадае “Позірк”.

Стэнергард заявіла пра занепакоенасць “цяжкай сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі”. У сувязі з гэтым яна паведаміла, што абмеркавала з калегамі падтрымку Міжнароднага гуманітарнага фонду для беларускіх палітвязняў і іх сем’яў. На сёння ў Беларусі налічваецца каля 1300 чалавек, якім праваабаронцы надалі статус палітвязняў.

Прэс-канферэнцыя Стэнергард прайшла пасля сустрэчы дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай і кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін Паўночнай рады. У ёй таксама прынялі ўдзел міністры замежных спраў Нарвегіі, Фінляндыі, Ісландыі, Даніі і Фарэрскіх выспаў.

euroradio.fm