«Вось убачыце, адбудзецца родная Беларусь, бо гэта папроўдзе». Мілінкевіч расказаў пра свайго дзеда, які змагаўся за беларушчыну

Дзядуля Аляксандр Мілінкевіч са сваёй жонкаю Лідзіяй, настаўніцай школы ў Ліпніках пад Берштамі, выпускніцай Дзямідаўскай гімназіі ў Санкт-Пецербурзе. Яна свабодна гаварыла на французскай, нямецкай, беларускай, рускай і польскай мовах

Палітык, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч расказаў у фэйсбуку пра свайго дзеда, які ўсё жыццё змагаўся за беларушчыну і верыў у беларускую Беларусь, хоць так і памёр, не пабачыўшы яе. «Наша Ніва» прыводзіць гэты сімвалічны расказ. 

Сёння спаўняецца 140 год з дня народзінаў майго каханага дзеда Аляксандра Мілінкевіча, які ў значнай ступені паўплываў на фармаванне маёй беларускасці.

Ягоныя продкі мелі шляхецкае паходжанне згодна прывілею, дадзенаму ў 1661 годзе каралевай Людвікай Марыяй Ганзагай.

Бацькі дзядулевы Казімір і Марыя з Багдзевічаў паходзілі з сямей стральцоў Берштаўскай пушчы, паўстанцаў Каліноўскага, пакараных поўнай канфіскацыяй маёмасці па асабістаму распараджэнню Мураўёва-вешальніка.

Яшчэ зусім маладым дзед Аляксандр на пачатку XX ст. апынуўся ў Пецярбурзе, дзе рабіў на чыгунцы. Удзельнічаў у працы беларускіх арганізацый у сталіцы імперыі. Перажыў у Расіі дзве рэвалюцыі, Першую сусветную і Грамадзянскую войны. Яго ледзь не расстралялі чарнасоценцы, якім здаліся падазронымі прозвішча Мілінкевіч і гарбінка на носе. Цудоўным чынам уратавала фота праваслаўнага святара з Берштаў з добрымі пажаданнямі, падоранае яму перад ад’ездам на чужыну.

Вярнуўся дахаты ў адноўленую Рэч Паспалітую напрыканцы 1918 года, быў адным з лідараў беларускага руху на Гродзеншчыне.

Сёння нават цяжка ўявіць сабе, што ўжо сто гадоў таму на нашай зямлі віравала грамадскае жыццё — суполкі Таварыства Беларускай Школы ў той час дзейнічалі ва ўсіх мястэчках і нават у большасці вёсак. У беларусаў была шчырая вера, што яны здабудуць аўтаномію, як мінімум нацыянальна-культурную. Дзед Аляксандр не ўступіў у КПЗБ, калі многія ТБШоўцы пад уплывам левых і прамаскоўскіх настрояў пайшлі ў кампартыю, бо добра ведаў яшчэ з Піцера, хто такія бальшавікі.

Ён з’яўляўся сябрам Берштаўскага валаснога камітэту і ўдзельнічаў у агульным сходзе гродзенскіх беларусаў у студзені 1919 года. Выступіў адным з ініцыятараў адкрыцця ў родных Берштах двухкласнай беларускай школы.

На пачатку 1920-х гадоў стаў удзельнікам беларускага антыпольскага партызанскага руху на Гродзеншчыне, які адстойваў права беларусаў мець сваю дзяржаву. Быў прызначаны намеснікам кіраўніка Гродзенскай падпольнай акругі. Толькі ў Берштаўскай пушчы больш за 200 маладых вяскоўцаў зышлі ў партызаны. Дзядуля Аляксандр арганізоўваў ім дастаўку зброі з Літвы. Не раз арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у турме.

Адышоў ад рэвалюцыйнай барацьбы, калі зразумеў, што яна ў значнай ступені фінансуецца і выкарыстоўваецца Крамлём у сваіх імперскіх мэтах.

Ад 1927 года быў абраны памочнікам пісара Берштаўскай гміны, якая, нягледзячы на цяжкія часы, штогод са свайго сціплага бюджэту адсылала 300 злотых Віленскай беларускай гімназіі. У гэты час беларускае школьніцтва ў Заходняй Беларусі ўжо значна марнела ў выніку паланізацыі.

Паводле польскай паліцыі, якая за ім стала сачыла, «Аляксандр Мілінкевіч пад час спаўнення сваіх службовых абавязкаў, адносіўся да мясцовага насельніцтва занадта прыхільна, інфармуючы яго аб усіх распараджэннях улады, тым самым, перашкаджаючы працы іншых службоўцаў гміны … Карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод сялян».

Напрыканцы 1929 года дзядуля Аляксандр пераехаў у Гародню, дзе працаваў у рэдакцыі «Сялянскай Газеты» («Gazeta Chłopska»).

… Ён адыходзіў у лепшы свет у 1956 годзе, так і не даўшы рады дачакацца беларускай Беларусі. Сталіна ўжо не было, але і Хрушчоў яшчэ не прачытаў свой даклад аб кульце асобы. З расповедаў матулі знаю, што аднымі з апошніх дзядулевых словаў было тое, што было ў яго на сэрцы: «Вось убачыце, адбудзецца родная Беларусь, бо гэта па-прóўдзе». Такое гучанне мела раней слова «праўда» ў берштаўцаў.

nashaniva.com