Выдавецтва «Скарына» рыхтуе першы беларускамоўны слоўнік кінатэрмінаў

У выдавецтве Skaryna Press хутка павінен выйсці слоўнік кінатэрмінаў на беларускай мове.

Слоўнік кінатэрмінаў мае змяшчаць болей за тысячу артыкулаў:

  • прафесійныя і тэхнічныя кінатэрміны (мантаж, кадр, адмысловы эфект);
  • жанравыя і відавыя кінатэрміны (вестэрн, дакументальнае кіно, крымі);
  • тэрміны кінатэорыі (фотагенія, трансцэндэнтальны стыль);
  • звязаныя з кіно агульнаэстэтычныя, філасофскія і сацыялагічныя тэрміны (ідэалогія, кіч, тэндэнцыйны фільм);
  • кірункі, плыні і школы з гісторыі кіно (Новая хваля, неарэалізм, Догма’95);
  • даведка пра кінапостаць ці слыннае кінамесца (Адэская лесвіца, Кінг Конг, Джэймс Бонд, Дракула);
  • назвы кінасупольнасцяў, інстытутаў, часопісаў (Галівуд, Беларусьфільм);
  • асноўныя фестывалі і кінаўзнагароды;
  • пераклады некаторых размоўных кінажарганізмаў і выразаў з англійскай, польскай, іспанскай і інш. моў.

Галоўная адметнасць слоўніка — яго беларускі характар: тэрмінам з іншых моў даюцца беларускія адпаведнікі і прыводзяцца неабходныя тлумачэнні. У артыкулах шырока выкарыстоўваюцца беларускія прыклады, а вядомыя з’явы разглядаюцца пад беларускім ракурсам і з адпаведнымі акцэнтамі. Нарэшце, слоўнік прапануе новыя тэрміны, яшчэ адсутныя ў профільнай літаратуры, але важныя для асэнсавання існых відовішчаў («рытуалы ў кіно», «тэрорнае відэа», «беларыенталізм»).

Заўвагі, удакладненні і прапановы вітаюцца!

budzma.org