А манашка тая — голая! Самы дэпрэсіўны панк-альбом пад кодавым нумарам «19», які варта паслухаць

Культавы гурт «Голая манашка» нечакана, незаўважна, ціха і без перформансаў выпусціў свой альбом «19» яшчэ летам 2023. Малюнак на вокладцы адсылае да касетных 90-х, ці магчыма, яшчэ далей, і па агульнай кампазіцыі можна здагадацца, у якім прыблізна стылі будзе альбом. Натхнёныя постпанкам і гранжам, хлопцы такі аддалі даніну класіцы.

Альбом настолькі музычны, наколькі можна яго ўявіць сабе цяпер, у 2024 годзе, ад класічнага беларускага панк-гурта. І, калі ўважліва слухаць, то па тэкставым складніку ніводная з песень не саступае музыцы. Першыя два трэкі — «Дэжа вю» і «Мёртвая мова» — напісаныя на сінтэзе файнага панка старой школы з пераходам на постпанк. Менавіта гэтыя кампазіцыі вам і захочацца пераслухаць некалькі разоў, бо яны задаюць агульны настрой і выступаюць у ролі дырыжора да ўсяго, што вы пачуеце далей.

А далей кожнага з нас чакаюць эксперыменты — трэкі «О мой бог» і «Саюз Юнацтва» б’юць у даволі непапулярны ў беларускай музыцы жанр — сінці-поп. Безумоўна, са сваімі прыдумкамі і музычнымі рашэннямі, аднак спроба ўдалая, і ў параўнанні з першымі дзвюма песнямі, гэтыя ўспрымаюцца больш вайбова і воблачна не толькі з-за мінімуму тэксту, але і з-за сваёй партыі сінтоў, якія ўзносяць кудысьці ў нябёсы і пакідаюць там на пэўны час.

«Снег» і «Сталіца» б’юць холадам у твар, збіваючы ўсю тую магічную лёгкасць, якую падарылі нам 2 мінулыя кампазіцыі. Гэта пра тыповы, змрочны постпанк, у якім няма ратавання, а ёсць толькі сум, журба, марудлівасць і ўсё, за што мы так любім гэты жанр.

Фінальны трэк пад назвай «Сіроп з парадоксамі» пакідае супярэчлівыя эмоцыі. Гэта дакладна не тое, што вы б жадалі пачуць, слухаючы альбом на мяжы панк-стыляў. Ці можа, я адзін чую тут калыханку, якая зацягвае ў цёплую і салодкую багну, падобную на свежазвараны кісель?

Альбом «19» — грунтоўная і шматслойная праца. Яго трэба слухаць некалькі разоў, магчыма, з розным настроем і нават у рознае надвор’е. Трэкліст, канешне, сціплы, аднак гэта падштурхоўвае да думкі, што кожны з трэкаў трэба прагнаць праз сябе па 2-3 разы, каб сапраўды адчуць і павайбіць.

Позняя вясна, як па мне, створана для такіх альбомаў, хіба не?

Слухаць альбом на стрымінгах

Хатні Томпсан, Budzma.org