“Вольныя” — гэта ініцыятыва дапамогі былым беларускім палітвязням у адаптацыі і рэсацыялізаціі, якая існуе з чэрвеня 2023 года. Яе мэта — дапамагчы вызваленным вярнуцца да паўнавартаснага жыцця, звязваючы іх з людзьмі, якія хочуць дапамагаць.
За ўвесь час да “Вольных” звярнулася 144 былых палітзняволеных і 141 ментар. Таксама ініцыятыва дала 44 кансультацыі па канкрэтных тэмах.
Еўрарадыё паразмаўляла з удзельнікамі “Вольных” — былым палітвязнем Дзмітрыем Панько (Някрасавым), якога ў 2021 годзе асудзілі за “масавыя беспарадкі” ў Брэсце, і ягонай ментаркай з іныцыятывы “Вольныя” Крысцінай.
Як “вольны” трапіў да “Вольных”
Дзмітрый вызваліўся з калоніі сёлета 30 траўня. Яму прызначылі прэвентыўны нагляд на адзін год. І пачалі “цягаць” па розных інстанцыях: крымінальны вышук, інспекцыі, ГУБАЗіК і іншыя арганізацыі.
“Нейкіх адэкватных паводзінаў з іх боку не было, і я зрабіў выснову, што заставацца ў Беларусі небяспечна, хаця спачатку былі думкі пачакаць гэты год, не парушаючы законаў. Але на носе яшчэ і выбары, хто ведае, што будзе, і рызыкаваць не хацелася”, — расказаў Дзмітрый.
Мужчына звязаўся з BYSOL і ў пачатку ліпеня ўжо быў у Грузіі. Дзмітрый жыў у шэлтары ў Батумі і займаўся візай у Польшчу. З гэтым былі пэўныя праблемы праз змену прозвішча, таму ў жніўні Дзмітрый набыў білеты ў Сербію праз Варшаву, дзе падчас пашпартнага кантролю папрасіў міжнароднага прытулку.
Першае, з чым Дзмітрыю спатрэбілася дапамога на месцы — гэта падача на міжнародную абарону.
“Каб дакладней адказаць на пытанні анкеты, мне, мабыць, спатрэбіцца дапамога людзей, якія добра ў гэтым разбіраюцца. Мой знаёмы, з якім я сядзеў у адной калоніі (ён таксама жыве ў Варшаве), сказаў, куды можна напісаць. Адзін з варыянтаў быў “Вольныя”. Я зайшоў на іх канал, паглядзеў, пра што пішуць, і ўбачыў пра ментарскую падтрымку. Я падумаў, што гэта тое, што трэба. Было б нядрэнна, каб быў чалавек, да якога ў выпадку чаго можна было звярнуцца і які мог нешта падказаць”.
Дзмітрый звязаўся з арганізацыяй. Запоўніў заяўку. Потым яму падабралі ментара і ў першую чаргу дапамаглі з падачай на абарону.
“Праз нейкі час мне напісала Крысціна і сказала, што яна мая ментарка. Мы з ёй стэлефанаваліся, пазнаёміліся. І да сёння кантактуем. Яна мне ўсяляк дапамагае, дае розную інфармацыю. Гэта вельмі добрая падтрымка збоку, бо бываюць розныя пытанні. Калі ёсць людзі, якія могуць даць параду, інфармацыю, гэта заўсёды вельмі добра”.
Звычайна “вольны” звяртаецца з паўсядзённымі пытаннямі: якія курсы польскай мовы абраць, што і як сказаць у адміністрацыях, па медыцынскіх і бюракратычных справах, а часам — проста каб удакладніць, што і як рабіць.
“Гэта больш як гутарка са знаёмым, які напіша: “Прывітанне, як маешся, ці атрымалася нешта зрабіць?” Свабодная і лёгкая камунікацыя”.
“Як ва ўсіх, у мяне быў складаны працэс адаптацыі”
“Мне заўсёды было важна жыць не толькі дзеля сябе, але і знаходзіць час, каб дапамагаць іншым. Я атрымліваю задавальненне ад падтрымкі людзей”, — расказала Крысціна, ментарка Дзмітрыя ў “Вольных”.
Дзяўчына жыве ў Польшчы ўжо два гады. Яшчэ перад апошнімі выбарамі ў Беларусі займалася актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасцю. У 2022 годзе яе затрымліваў ГУБАЗіК проста з дому. А пасля таго як арганізацыю, з якой яна супрацоўнічала, прызналі “экстрэмісцкай”, дзяўчына вырашыла з’ехаць.
“Як ва ўсіх, у мяне быў складаны працэс адаптацыі, бо не было плана і жадання сюды ехаць. Першыя паўгода былі вельмі эмацыйнымі. Цяпер ужо лягчэй, але мігранцкія пытанні заўсёды ўзнікаюць, няважна, колькі гадоў ты тут знаходзішся. Таму мне таксама было важна дапамагчы і падзяліцца тым, чаму я навучылася”.
Усе першыя крокі ў Польшчы Крысціна рабіла самастойна. А да “Вольных” далучылася ў пачатку лета праз семінар пра “сіндром самазванкі”.
“Мяне натхніла лектарка, якая і сола-маці, і бізнесам займаецца, і ментарка ў “Вольных”, і яшчэ нешта робіць. Мне здалося, што калі яна з лёгкасцю спраўляецца з нагрузкай і знаходзіць час на ўсё, то і мне варта прыняць больш выклікаў”.
Перад пачаткам працы ментары праходзяць анлайн-курс, слухаюць лекцыі. У працэсе яны сустракаюцца з псіхолагам і іншымі ментарамі, каб узаеманатхніцца, расказаць пра свой досвед.
Сустрэчу “вольнага” з ментарам ладзяць арганізатары. Паводле ўмоваў праграмы, адначасова ментар можа мець толькі аднаго падапечнага. Дзмітрый — ужо другі ў Крысціны.
“Ёсць хваляванне, хто будзе гэтым чалавекам, які кейс. Вельмі хвалюешся, ці зможаш сапраўды дапамагчы чалавеку. Але не проста так жа прыходзяць і ментары, і “вольныя” ў гэтую праграму. У нас ва ўсіх падобныя думкі, ідэі, жаданні і мары. Штосьці нас дакладна ўжо аб’ядноўвае”.
Супраца з “вольным” заканчваецца тады, калі ён сам вырашыць. Ментары таксама могуць адмовіцца, калі чалавек не пасуе, але Крысціна яшчэ не чула такіх гісторый і заахвоціла іншых далучацца да ініцыятывы.
“Я лічу, што падтрымка палітвязняў — цяпер найважнейшая справа. Гэта не так страшна і не так шмат часу патрэбна, як можа падацца. Гэта вельмі натхняе. Мне вельмі цікава. Не толькі я дапамагаю падапечным. Яны таксама сваімі гісторыямі і сілай духу дапамагаюць мне. Таму гэта вартая справа”.
“Як толькі нашыя людзі будуць раз’яднаныя, усё скончыцца”
Дзмітрый задаволены супрацай з Крысцінай. Ён жартуе, што “вады яна не лье, усё па справе і відаць сур’ёзнае стаўленне”. Пастаяннай псіхалагічнай падтрымкі мужчына не патрабуе, маўляў, “жыццё акурат пачынае наладжвацца”.
“Усё перацякае ў добрае рэчышча, а ўсё дрэннае засталося там. У мяне настрой пазітыўны, але думаю, што ў “Вольных” нікога не пакінуць, калі ў чалавека будзе праблема. Я цудоўна гэта разумею, сам бачыў знутры, як гэта адбываецца з людзьмі, і бачыў, якія змены людзі перажываюць, калі выходзяць з тых месцаў”.
Таму галоўная парада ад Дзмітрыя гучыць так: няма нічога дрэннага, калі вы звяртаецеся па дапамогу.
“Па дапамогу трэба звяртацца, бо вы не супермен, ды і розныя сітуацыі бываюць у жыцці. Калі ёсць магчымасць, трэба ёю скарыстацца. Бывае па-рознаму, але варта спрабаваць. І не толькі “Вольныя”, падобных арганізацый шмат”.
Дзмітрый не выключае, што неўзабаве, калі сам нармальна адаптуецца, можа паспрабаваць стаць ментарам для іншых.
“Бо хочацца неяк праявіць ініцыятыву і дапамагаць людзям. Гэта важна. Як толькі нашыя людзі будуць раз’яднаныя, усё скончыцца. Тады нічога ўжо не будзе мець сэнсу. Таму трэба трымацца разам, трэба дапамагаць адно аднаму, трэба больш камунікаваць адно з адным”.