Нокт (яна ж – Кацярына Манкевіч) – вакалістка беларускага doom/post-black metal гурта Dymna Lotva. Спявачка перажыла падвоеную эміграцыю: спачатку (у жніўні 2021) – з Мінска ў Ірпень пад Кіевам, затым (пасля 24.02.2024) – у Варшаву. Менавіта тут артыстка цяпер і жыве разам з хлопцамі з гурта Яўгенам і Мікітам, займаецца музыкай і актыўна выступае. «АртКантэкст» паразмаўляў з Нокт пра светапогляды розных краін, вайну і творчасць.

Беларусь і Польшча: «Празрыстасць вельмі падкупляе»

– Ці адчуваеш ты розніцу паміж тым, як музычная сфера функцыянавала ў Беларусі, і тым, як яна працуе ў Варшаве?

– У Польшчы усё інакш. Цікава, што тут мы граем на меншых пляцоўках, чым дома, але за гэта атрымліваем хоць нейкія грошы.

У Беларусі метал-музыкі амаль ніколі не зарабляюць сваімі выступамі. Ніколькі. У нас нават не было прынята пра гэта казаць – усе проста рабілі прыемны выгляд. Часам здараліся выключэнні. Напрыклад, мы атрымалі фінансавую ўзнагароду за выступ на фестывалі «Купальскае кола» ў Дудутках. Але звычайна ўсё не так.

– А за сольнікі?

– А хіба металюгі граюць сольнікі? Праўда, я пачынала ў Беларусі арганізоўваць сваё мерапрыемства, нават аплаціла клуб. Але гэта было ўвесну 2020 года, таму ў выніку нічога не адбылося. Складанасць у тым, што ў Беларусі ты не можаш сам зладзіць канцэрт: для афармлення ўсіх патрэбных папер трэба мець юрыдычную асобу. Ды і дазвол на правядзенне мерапрыемства цяжка атрымаць, таму арганізацыяй канцэртаў у нас займаюцца асобныя людзі.

А яшчэ цікава, што тут, у Польшчы, калі мы самі ладзім падзею, мы маем усю інфармацыю пра прададзеныя квіткі. Нядаўна выступалі ў Хожаве. Там да нас у грымёрку прыйшоў арганізатар і распавёў, колькі квіткоў набылі. У Беларусі мы звычайна такой статыстыкі не мелі. Разумееш, у мяне няма мэты зарабіць усе грошы свету, але мне цікавыя самі лічбы: колькі квіткоў прададзена, колькі чалавек прыйшло па плюсах, хто які мерч набыў… Такая празрыстасць вельмі падкупляе. У Польшчы ў нас зараз запланавана вельмі шмат канцэртаў на бліжэйшыя паўгода. Паглядзім, ці захаваецца такая сітуацыя.

– Існуе меркаванне, быццам заходняя музыка мацнейшая за беларускую. Цяпер ты жывеш у Польшчы. Пры гэтым у вас быў прамежкавы этап, калі вы былі ва Украіне. Ці адчуваеш ты, што пасля рэлакейту ваша музыка стала больш магутная ці больш якасная? Што, прыярытэты альбо арыенціры змяніліся?

– Не. Мы ж тыя самыя беларусы…

– Так, але ў вас ужо крыху іншыя магчымасці, чым у тых музыкаў, якія засталіся ў Беларусі…

– Слухай, наш крайні альбом «Зямля пад чорнымі крыламі: Кроў» быў запісаны яшчэ ў Беларусі. Міксавалі яго таксама дома ў добрага гукача, які супрацоўнічае не толькі з беларусамі. Да гэтага ў нас быў яшчэ адзін варыянт з іншым гукачом, але той цяпер жыве ва Францыі. І пакуль мы працавалі над альбомам, ён так прапампаваў скілы і падняў кошты, што мы яго проста ўжо не пацягнем. Ён, дарэчы, таксама беларус. Што да магчымасцей ці абсталявання, то гэта залежыць ад таго, колькі ў цябе ёсць грошай, а не ад таго, у якой краіне жывеш.

Разумееш, калі плацяць за канцэрты нават маладым гуртам, то гэта добра стымулюе. Я заўважыла, большасць музыкаў-металістаў – айцішнікі. Не таму, што яны маюць нейкія звышздольнасці, а таму, што з іх айцішнымі заробкамі яны могуць дазволіць сабе набыць і гітары, і абсталяванне, і рэпетыцыі аплаціць разам з гуказапісам. Бо для айцішніка тое не паўзаробку. А калі чалавек працуе на заводзе, то ў яго і сіл няма, і грошы значна складаней выдаткаваць. Да прыкладу, у мяне на запіс вакалу сышло больш за тысячу долараў. Але я не эканоміла. Магла сабе дазволіць спакойна браць хоць чатыры гадзіны на запіс адной песні, пры гэтым паўтары гадзіны мы маглі проста курыць. І я не нервавалася. Аднак, калі ў нейкага гурта зусім няма ўжо фінансаў, часам ён пішацца ў шафе. Хоць 10 гадоў таму гэта было яшчэ акей.

Альбом: «Я вельмі паглыблялася ў тэму»

– Над апошнім па часе альбомам «Зямля пад чорнымі крыламі: Кроў» вы працавалі сем гадоў. Чаму так доўга?

– Слоўпокі таму што. Насамрэч альбом уздымае складаныя тэмы, таму не атрымлівалася запісаць патокам, як, напрыклад, наш першы альбом. Той мы наогул за два тыдні запісалі, а тут у нас паміж запісам кожнай песні праходзіла больш за месяц. Яўген сказаў бы, што я проста лянівая, але насамрэч я зануралася ў тэму вельмі глыбока. Па-другое, у нас банальна павялічылася колькасць канцэртаў. І па-трэцяе – у нас стала больш дарослых клопатаў і працы. Але так мы больш рабіць не будзем, бо трэба працаваць хутчэй.

– Чым гэты рэліз асабіста для цябе адметны? Чаму, на твой погляд, яго варта паслухаць усім?

– Мы заснавалі канцэпцыю альбома на базісе апавяданняў відавочцаў Другой сусветнай вайны. І, на мой погляд, цікава параўнаць, наколькі гэта актуальна зараз. Да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў мяне былі думкі такія: «Мы даўно прыдумалі такую канцэпцыю трылогіі. І вось будзе другая частка. Так, усё будзе так, як мы задумалі, але каму будзе цікавым і патрэбным слухаць ізноўку пра вайну?» Беларусаў ужо і без таго стамілі тэмай вайны: дзяржаўнымі фільмамі, што ў школе паказвалі, аднатыпнымі літаратурнымі вобразамі… Нават мне самой бы хто сказаў: «Вось паглядзі класны фільм». Я б спытала: «Пра што ён?» Мне б адказалі: «Вайна і немцы». Я б дакладна такога не глядзела. А зараз я разумею, што дарма.

– Актуальнасць. Што яшчэ?

– У нашым альбоме выкарыстоўвалася шмат усялякіх інструментаў. У розных рэцэнзіях часцей за ўсё пра саксафон пісалі, але насамрэч там шмат і іншага: акардыён, бязладны бас, дзіцячы хор, розныя стылі спеваў, госці на вакале…Альбом атрымаўся доўгім – 75 хвілін, – але ён вельмі разнастайны. Наш менеджар да выдання рэлізу прапаноўваў скараціць лонгплэй больш чым на траціну, але мы адмовіліся, бо першапачаткова наогул было напісана 25 песень – і мы палову выкінулі. Ды і крытыкі пісалі, што тую ці іншую частку можна было б выдаліць, але ўсе яны казалі пра розныя трэкі.

Дарэчы, цікава атрымалася з вокладкай. На ёй я на руках трымаю Стэфанію, дачку Кацярыны Ваданосавай. Дык вось сама ідэя фота ў нас з’явілася яшчэ ў Беларусі. Там мы знайшлі малую актрысу, ёй было каля 10 гадоў, гэта была пляменніца маёй сяброўкі. Але дзяўчынка ўлетку паехала ў лагер, а вярнулася тады, калі мы ўжо вымушана з’ехалі ва Украіну. Тады я пачала шукаць іншую маладую беларуску. Дамовіліся з Кацярынай наконт яе дачкі. І тут пачалася вайна. Потым мы пераехалі ў Польшчу ў розныя гарады. Кацярына мела праблемы са здароўем, таму было не да здымак. Але ўрэшце мы знайшлі паўзу ў яе раскладзе. Тады мы прыехалі ў Беласток. Мелі вельмі мала часу, зняліся каля нейкай горачкі, а потым гэта ўсё мая сяброўка выправіла ў фоташопе.

Хэндмэйд: «Той самы шалік, які я на пратэстах вязала, зараз у Беларусі»

– Раней ты займалася хэндмэйдам. Як зараз? Ці хапае часу, ці ёсць жаданне?

– Хм, ці ёсць у мяне яшчэ якое-небудзь хобі, акрамя як валяцца на канапе і піць піва?.. Я ўжо і не ведаю. Сёння вось у лес хадзіла. Так, я зараз не працую, але хутка спадзяюся вярнуцца да працы.

Насамрэч мне вельмі хочацца займацца хэндмэйдам, але ў мяне заўсёды матэрыялу няма. А калі матэрыял ёсць, то няма часу. Але нядаўна я ўсё ж дарабіла хлопцам касцюмы. Як звычайна, спачатку не знаходзіла часу, а потым – у апошні момант, калі трэба нешта здымаць ці рабіць фотасэт, – я сяджу і нешта майструю.

Фота таксама люблю, але зараз трэба трошкі больш часу на гурт. Я спачатку напісала, што ў мяне ёсць час на здымкі, таму калі хтосьці хоча мяне паздымаць, то клічце. Але нядаўна я адмовіла дваім, бо, на жаль, у графік гэта не ўлазіць.

– А з тых рэчаў, якія ты зрабіла раней, зараз ёсць для цябе асабліва дарагія?

– Добрае пытанне. У мяне вельмі часта не захоўваецца тое, што я рабіла. Напрыклад, той самы шалік, які я вязала на пратэстах , зараз у Беларусі, хаця абяцала яго Яўгену. Я зараз тут ужо звязала яшчэ два ці тры. Трэба купляць лепшыя ніткі. Ну і іншыя рэчы перарабіць.

– А ты часта перарабляеш тое, што ў цябе ўжо зроблена?

– Здараецца. Напрыклад, калі мы здымалі наш буклет у Беларусі ў Музеі беларускай архітэктуры і побыту ў Азярцы, у мяне была чырвоная сукенка без рукавоў, а на яе – накідка з рукавамі. Але сукенка згарэла ў Ірпені. І тады ўжо я яе перарабляла. Прычым пашыла адразу на Яўгена, каб зрабіць фота ды адразу аддаць яму. Таму мне яна крыху вялікая, і таму я на вокладцы выглядаю, як Яўген. А яшчэ памятаю, як сцэнічныя касцюмы, якія я рабіла для «Лотвы», пасля першага ж канцэрта мы дзесьці згубілі. Хутчэй за ўсё, хлопцы забыліся іх на аўтобусным прыпынку, але, можа, хтосьці і скраў. Не ведаю.

Пастскрыптум. «End of my passport tour»

– На Дзень Волі ў нас выйшаў трэк «Жыві!» — https://www.youtube.com/@prophecyBC/videos . Плюс сакавік у нас быў вельмі заняты канцэртамі. Дарэчы, у мяне у красавіку заканчваецца пашпарт, таму я называю наш трып «End of my passport tour».

– Ты цяпер жывеш разам з іншымі ўдзельнікамі калектыву, Мікітам і Яўгенам. Як гэта ўплывае на вашу дзейнасць? Ці займаецеся вы музыкай больш?

– Так, безумоўна. Таму што цяпер не трэба чакаць, калі хтосьці адкажа ў сацыяльных сетках. Яўген часта мяне падганяе, можа прыйсці і сказаць: «Ну што ты?» Ну і наогул, зараз у нас такая прышпільная метал-хата, асабліва па вечарах, калі хлопцы практыкуюцца. Адзін з аднаго пакоя грае, другі – з іншага, а я сяджу на кухні і распяваюся. Клас! Вядома, бывае, што не хапае асабістай прасторы: усё ж такі раней я жыла адна. Але, напрыклад, калі я буду займацца бздурай, то гэта адразу будзе заўважна, – тое вельмі падштурхоўвае да больш аператыўнай працы, бо тармазіць – мая прафесійная фішка.

Дарэчы, мы ўжо пачалі працу над нашым наступным альбомам, і вось нядаўна мы запісалі катА, які жыве з намі. Калі яго хлопцы, асабліва Яўген, бяруць на ручкі, ён пачынае рабіць так: «Ву-ву-ву-ву». Навошта такому знікаць?

art-context.com