У Беластоку прайшло выяздное паседжанне Сеймавай Камісіі па нацыянальных і этнічных меншасцях. Удзел у сустрэчы прынялі прадстаўнікі ўсіх нацыянальных і этнічных меншасцяў з усяго Падляшша. З Варшавы ж прыбылі прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, і Міністэрства народнай адукацыі. У выніку самая гарачая дыскусія разгарэлася вакол пытання добраахвотнага вывучэння беларускай мовы ў Беларускім ліцэі ў Гайнаўцы, а, фактычна, пра лёс самога ліцэя на памежжы і этнічнай тэрыторыі беларусаў у Польшчы.
Пра хаду дыскусіі і будучыню ліцэя racyja.com пагутарыла з дырэктарам ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы Ігарам Лукашуком, які акурат на сходзе быў урачыста прыняты ў склад Супольнай камісіі Урада і нацыянальных ды этнічных меншасцяў Польшчы:
РР: Для чаго была створаная Супольная камісія? Якую праблему мае вырашаць?
— Яна была створаная даўно, каб была камунікацыя непасрэдная між прадстаўнікамі меншасці і ўрадам. Каб вырашаць важныя для меншасці праблемы. Эфектыўнасць пэўна бывае ўсякае, у залежнасці ад таго, наколькі ўрад адкрыты на патрэбы меншасці. Але важна, што яна ёсць, працуе. Праўда, яна ў папярэдняй кадэнцыі доўгія месяцы не працавала. Цяпер ідзе новы рытм, новая камунікацыя. Спадзяёмся, што яна дазволіць развязваць гарачыя праблемы
РР: Як вы ацэньваеце прыезд з Варшавы ў Беласток і наколькі эфектыўна праца камісіі на месцы адбылася?
— Яна яшчэ будзе працягваць, бо сёння была толькі размова. Камісія будзе наведваць месцы важныя для меншасці, што тут на Падляшшы. Важна адчуць атмасферу, патрэбы і праблемы. З перспектывы Варшавы можна нешта разумець, але не адчуваць сэрцам. Каб гэта адчуць сэрцам, трэба пабываць тут, пагаварыць з людзьмі, паглядзець ім у вочы, зразумець іхныя эмоцыі. Гэта безумоўна вельмі эфектыўны спосаб працы камісіі, каб раз на нейкі час, заглянуць да меншасці.
РР: Гарачая дыскусія была вакол навучання ў ліцэі ў Гайнаўцы. Што адбываецца, і як вам пазіцыя міністэрства, наколькі яна блізкая да рэальнасці, і хто мае рацыю?
— Мае рацыю той, хто можа прымаць рашэнні. Такі сумны жарт. Праблема такая, што гэтая інтэрпрэтацыя закона, які зараз ідзе з боку міністэрства, на практыцы зачыняе ліцэі беларускія. Значыцца, пазбаўляе спецыфікі, дзе ўсе ахопленыя навучаннем беларускай мовы. І гэта для меншасці дрэнна, бо ў такой форме, калі цэлая ўстанова навучальная вядзе дзеянні на захаванне тоеснасці і культуры нацыянальнай, найбольш эфектыўна. А калі толькі частка вучняў ахоплена, у нейкіх аддзелах, зразумела, ужо такое асяроддзе не ствараецца. Я перакананы, што такія добрыя вынікі, непаўторнасць ліцэяў беларускіх у Гайнаўцы і Бельску, гэта вынік сямейнай атмасферы, бо гэта школа для асяроддзя. Гэта не толькі ўстанова, гэта эмоцыі, і бацькоў, і вучняў, і настаўнікаў, і ўсіх тых, хто школе памагае. Выпускнікі таксама вельмі заангажаваныя, і маладыя, і тыя, каму больш за 50 гадоў, для іх гэта ўвесь час іхны Гайнаўскі беларускі ліцэй. І эмоцыі пазітыўныя, дапамога, падтрымка. Хацелася б, каб пра гэта можна было гаварыць праз 20, 30 і 50 гадоў.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле.