Беларуская незалежная кінаакадэмія выступіла сузаснавальніцай Федэрацыі кінаакадэміяў Еўропы

Беларуская незалежная кінаакадэмія абвясціла збор праектаў для прэзентацыі на Еўрапейскім кінарынку ў межах «Берлінале». Здымак мае ілюстрацыйны характар і прадстаўлены рэдакцыі. Фота: Зміцер Брушко

У Люксембурзе 11 ліпеня адбылася цырымонія падпісання дакументу аб заснаванні Федэрацыі кінаакадэміяў Еўропы (FACE). Беларуская незалежная кінаакадэмія (BIFA) сталася адным з сябраў-заснавальніц.

Усяго арганізацыямі-заснавальніцамі выступіла 21 кінаакадэмія, сярод якіх Еўрапейская кінаакадэмія, Дацкая кінаакадэмія, Кінаакадэмія Люксембургу, Аўстрыйская кінаакадэмія, Украінская кінаакадэмія і іншыя.

Мэта Федэрацыі кінаакадэміяў Еўропы – фармалізаваць стасункі паміж кінаакадэміямі, аб’яднацца для прадстаўлення агульных інтарэсаў і супрацы, падвысіць бачнасць еўрапейскага кіно.

«Федэрацыя – гэта кола культурнай салідарнасці, што сягае праз увесь кантынент, аб’ядноўваючы нашыя разнастайныя і ўнікальныя галасы ў кіно, каб іх можна было пачуць і ўбачыць усюды, дзе гэта неабходна. Люксембург мае гонар быць базай гэтай натхняльнай новай Федэрацыі», – зазначыў Ян Тонар, прэзідэнт Люксембургскай кінаакадэміі і старшыня кіраўніцтва Федэрацыі.

Пад эгідай новай Федэрацыі еўрапейскія кінаакадэміі будуць разам прэзентаваць свае агульныя інтарэсы і абʼядноўваць спектр працы, якую яны выконваюць для розных галінаў кінаіндустрыі.

Важнай часткай працы Федэрацыі мае быць лабіяванне з еўрапейскімі і нацыянальнымі палітыкамі, каб гарантаваць, што еўрапейскае кіно па-ранейшаму разглядаецца як значная культурная каштоўнасць і як істотны эканамічны фактар.

Таксама важнымі аспектамі выступяць кінаадукацыя, пашырэнне сяброўства і праекты кінаспадчыны, у якіх устойлівасць, разнастайнасць і злучнасць ёсць ключавымі элементамі.

Федэрацыя хоча, каб праца кінаакадэміяў лічылася неадʼемнай часткаю любой еўрапейскай палітыкі ў галіне кіно. Агулам новая федэрацыя абʼядноўвае каля 20 тысячаў чалавек.

«BIFA атрымала запрашэнне Еўрапейскай кінаакадэміі ды Люксембургскай кінаакадэміі ўвайсці ў склад устаноўчай рады Федэрацыі, – распавяла сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі і сябра кіраўніцтва Воля Чайкоўская, якая падпісвала дакумент ад імя BIFA. – Падпісанне дакументу Беларускай незалежнай кінаакадэміяй – гэта вялікі крок наперад у прызнанні беларускага незалежнага кіно ў Еўропе, а таксама пашырэнне магчымасцяў для развіцця беларускіх кінематаграфістаў у выгнанні».

Беларуская незалежная кінаакадэмія была створаная незалежнымі кінематаграфістамі з Беларусі ў 2022 годзе з мэтай зрабіць голас беларускага незалежнага кіно заўважным у Еўропе.

Марыя Міхалевіч, belsat.eu