Лёс «Новага Часу» — у вашых руках. Рэдакцыя тэрмінова просіць падтрымкі!

Выданне «Новы час» звяртаецца да сваіх чытачоў па дапамогу. Праз рэзкае скарачэнне фінансавай падтрымкі існаванне выдання апынулася пад пагрозай закрыцця. Збор абвешчаны на платформе «Байсол».

«Шаноўныя беларусы! З 2002 года выданне «Новы Час» бесперапынна працавала для вас. Больш за 20 гадоў мы публікавалі важныя інтэрв’ю, рэзанансныя расследаванні, палітычную аналітыку, а таксама гістарычныя артыкулы. Наша дзейнасць заўжды была скіраваная на прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў, адстойванне правоў чалавека ў Беларусі», — напісана ў звароце выдання.

«Новы Час» — адно з нешматлікіх цалкам беларускамоўных медыяў.

Падтрымаць рэдакцыю.

Пасля падзеяў жніўня 2020 напрацягу года «Новы Час» заставаўся ледзь не адзіным сродкам сувязі палітвязняў са знешнім светам. Да спынення выпуску друкаванай версіі газеты артыкулы выдання пранікалі за краты і былі магутнай падтрымкай для тых, хто апынуўся ў кіпцюрах рэжыму.

У кастрычніку 2021 года ў сядзібе выдання і па месцы жыхарства журналістаў прайшлі ператрусы. Былі канфіскаваныя камп’ютары і іншая офісная тэхніка. Так ці інакш рэпрэсіі закранулі ўсіх супрацоўнікаў выдання. Сёння за кратамі застаюцца 2 журналісты «Новага Часу» — асуджаны да 10-гадовага зняволення Дзяніс Івашын, а таксама Мікалай Дзядок, якому рэжым намагаецца дадаць яшчэ адзін год зняволення да 5-гадовага тэрміну.

Пасля пагрому выданне не спыніла сваю працу і цалкам перайшло ў анлайн-фармат.

«На жаль, цяпер рэдакцыя перажывае надзвычай складаны час. Мы спрабуем вырашыць праблемы, але наўпрост зараз сітуацыя крытычная. Без фінансавага ўдзелу чытачоў далейшае існаванне выдання зробіцца немагчымым.

Мы вельмі хочам працаваць для вас далей, таму звяртаемся па тэрміновую падтрымку. Любая дапамога будзе дарэчнай!», — адзначаецца ў звароце.

Падтрымаць выданне можна па спасылцы.

budzma.org