Падчас саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці беларуская лідарка сустрэлася з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам.
Важнай тэмай дыялогу стала пытанне дапамогі і вызвалення беларускіх палітвязняў. Святлана Ціханоўская заклікала прэзідэнта асабіста звярнуць увагу на праблему і паспрыяць вызваленню палітзняволеных: іх становішча – усё больш крытычнае.
Асобна беларуская лідарка распавяла Макрону пра палітычную сітуацыю ў Беларусі і падкрэсліла: рэжым Лукашэнкі і Расія дагэтуль працягваюць уцягваць Беларусь у вайну супраць Украіны.
Напрыканцы лідарка падзякавала Францыі за прызначэнне спецпасланніцы па Беларусі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці. Бакі дамовіліся працягваць кансультацыі на рабочым узроўні.
Пасля сустрэчы Святлана Ціханоўская адзначыла: «Я вельмі ўдзячная Францыі за пазіцыю ў дачыненні да Беларусі: краіна выдае візы, а таксама падтрымлівае беларусаў і дэмакратычныя сілы на міжнароднай арэне. Нам хацелася б больш актыўнага супрацоўніцтва, і нам патрэбна дапамога прэзідэнта Макрона – асабліва ў пытанні вызвалення палітвязняў. Мы будзем змагацца за кожнага з іх».