Іван Краўцоў застаўся сакратаром Каардынацыйнай рады

Фота: тэлеграм-канал КР

Іван Краўцоў працягне працаваць на пасадзе сакратара Каардынацыйнай рады (КР), паведаміла ўвечары 20 ліпеня прэс-служба палітычнай структуры.

Адзначаецца, што яго падтрымала 68% дэлегатаў, якія бралі ўдзел у галасаванні.

Па выніках выбараў сёлета ў траўні Краўцоў стаў дэлегатам КР трэцяга складу ад блока “Моладзевы наступ” (усяго блок атрымаў 15 месцаў). Згодна з зацверджаным у ліпені статутам КР, дэлегат, абраны кіраўніком сакратарыята, на час выканання адпаведных функцый складае свой мандат.

Сакратарыят КР з’яўляецца “падраздзяленнем, якое ажыццяўляе арганізацыйна-тэхнічнае і фінансавае забеспячэнне дзейнасці Каардынацыйнай рады і ўсіх яе структур”. Ён арганізуе правядзенне агульных пасяджэнняў КР, галасаванняў, нарад фракцый, камісій, працоўных груп, інфармуе грамадскасць пра дзейнасць структур КР ды інш.

Краўцоў выконвае функцыі сакратара ад моманту з’яўлення КР у жніўні 2020 года. Да таго ён быў у камандзе прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, экс-банкіра Віктара Бабарыкі, працаваў у ААТ “Мінскі гадзіннікавы завод”.

11 ліпеня стала вядома, што спікерам КР абраная прадстаўніца кааліцыі “Каманда Латушка і Рух “За Свабоду” Анжаліка Мельнікава, віцэ-спікерам — член блока “Еўрапейскі выбар” Станіслава Гліннік.

16 траўня Мінскі гарадскі суд завочна прыгаварыў Краўцова да 11 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 357 (змова, або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім); ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (дапамога ў здзяйсненні наўмысных дзеянняў, скіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненых групай асоб, якія пацягнулі іншыя цяжкія наступствы) Крымінальнага кодэкса.

pozirk.online