З’явіўся новы дакументальны фільм пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі пад назвай «Лес». Як збіраліся сведчанні пра злачынствы сталінскіх катаў, чаму антыбеларускі рэжым не прызнае сталінскі генацыд народа? Гутарка «Радыё Рацыя» з рэжысёркай фільма Марыяй Булавінскай.
РР: Чаму вы распачалі гэтую працу?
Марыя Булавінская: У 2020 годзе я з’ехала з Беларусі і пакінула свой відэаархіў на дзясяткі тэрабайтаў у незнаёмых мне людзей і ў нядобрых умовах. Я думала, што я хутка вярнуся, але, як апынулася, што я з’ехала ўжо на чатыры гады. І, канешне, гэты відэаархіў – 10 год майго жыцця. Я вельмі моцна з-за яго пераймалася і недзе год-паўтара я наважылася перавезці гэты архіў, і я атрымала відэа па актуальнай сёння тэме. А ўлады ў 2021 годзе пачалі раскопкі ў лесе пад Гомелем. І я маю архіўнае відэа пра тыя падзеі 30-ых гадоў, пра гэты лес. Лепшага відэа няма на сёння. І я вырашыла, што на яго аснове можна стварыць такі фільм, які будзе раскрываць гэту тэму.
РР: Якія канкрэтныя гісторыі вы паказалі ў сваім дакументальным фільме “Лес”?
Марыя Булавінская: Самая ключавая гісторыя гэтага фільма – гэта сітуацыя чалавека, якога расстралялі, але ён выжыў. Мы мелі дзве такія падобныя гісторыі, дзве крыніцы. Магчыма гэта гісторыя аднаго чалавека, мы не ведаем, але гэта розныя крыніцы, якія паведамляюць пра жыхара Гомеля, якога расстралялі ў 30-ых гадаў у шчокатаўскім лесе. Ён выжыў, але праз пэўны час здаўся ў НКУС, таму што не мог жыць у тых умовах, у якіх ён жыў пасля ўсяго гэтага. І, напэўна, быў складаны псіхалагічны стан у чалавека. І вось гэтыя дзве гісторыі паведамляюць, што ён здаўся ў НКУС, але па адной версіі гэты чалавек быў вызвалены. А паводле другой крыніцы гэты чалавек атрымаў 25 год турмы, але пасля смерці Сталіна быў рэабілітаваны.
Я лічу, што гэта вялікі поспех, што мы мелі дзве розныя крыніцы, што яны пацвярджаюць, што гэтая гісторыя сапраўдная, што такое сапраўды адбылося. І гэтая гісторыя пацвярджае, што ў шчокатаўскім лесе сапраўды расстрэльвалі ў 30-х гадах супрацоўнікі НКУС.
У той жа час сённяшнія ўлады абсалютна адмаўляюць гэтую версію, яны лічаць, што ў так званым шчокатаўскім лесе расстрэльвалі нацысты падчас Другой сусветнай вайны.
РР: Чаму ўлады зноў сталі варушыць гэтыя справы? Нібыта калісьці прызналі, што гэта сапраўды быў такі тэрор, сталінскі генацыд, а цяпер яны шукаюць ахвяр нацызму, часоў Другой сусветнай вайны?
Марыя Булавінская: Лічу, што гэта справа генацыду Другой сусветнай вайны таксама важная тэма, але ёй трэба займацца не так, як сёння займаюцца ўлады. Таму што мы ведаем вельмі шмат такіх месцаў, дзе сапраўды нацысты ўчынялі свае злачынствы, але ўладаў не цікавяць гэтыя гісторыі, іх не цікавяць гэтыя месцы, а іх чамусьці зацікавіў лес, дзе ў 1930-ых гадах людзей расстрэльвалі супрацоўнікі НКУС. Я тут маю сваю версію, чаму так сталася, што раскопкі былі пачатыя менавіта ў гэтым лесе. Лічу, што гэта звязана з вайной ва Украіне. Гэтыя раскопкі пачаліся за паўгода да пачатку вайны. Расея ўварвалася ва Украіну з тэрыторыі Гомельшчыны, і таму трэба было паказаць такую страшную гісторыю генацыду беларускага народа, які ўчынялі нацысты і падтрымаць вось гэты прапагандысцкі расейскі тэзіс, што быццам Расея змагаецца супраць сучаснага нацызму, які быццам апанаваў і Украіну. Гэта спроба падтрымаць гэтыя расейскія тэзісы і абгрунтаваць чаму мы вось аддалі тэрыторыі і дапамаглі гэтаму ўварванню.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле: