Супольнасць Pamyłka, якая ўдзельнічала ў сёлетнім фестывалі Прадмова, дзе распавядала пра сваю дзейнасць за апошнія паўтары гады, абвясціла аб выхадзе ўжо шостага нумара ўласнага навукова-папулярнага часопіса Pamyłka: і анансавала навуковую прэмію «Бізон Гіґс – 2024».
«Радыё Рацыя» пагутарыла з прадстаўніком Cупольнасці Pamyłka Міхаілам Волчакам пра часопіс і прэмію, ды тое, як такая актыўнасць спрыяе падтрымцы навукоўцаў як у самой Беларусі, так і выгнанні:
РР: Раскажыце, калі ласка, пра саму ініцыятыву Cупольнасці Pamyłka. Чаму такая назва? Як з караблямі – нельга назваць карабель “Бяда”, але вось тут Pamyłka. Які быў ваш пасыл і ідэя працы ўсёй каманды?
Міхаіл Волчак: Насамрэч усе навуковыя адкрыцці ці наогул нейкія адкрыцці ў чалавечым жыцці пачынаюцца з памылкі, і таму гэта вельмі такая натхняльная матывуючая назва для таго, каб не спыняцца на тым, што атрымалася ў жыцці ці не атрымалася, і рушыць далей. Таму ўзнікла Pamyłka і з ім самвыдадчасопіс Pamyłka – навукова-папулярны. І калі яму рэдакцыя, калектыў прыдумвалі назву, то спыніліся на гэтай назве, яна і прыжылася, і вельмі пасуе навукова-папулярнаму кірунку. Што памыліцца ў навуцы – гэта нармальна, і з гэтага пачынаецца рух далей.
РР: Таксама вы прадставілі ідэю сваёй суполкі падчас нядаўняга фестывалю “Прадмова”, як усё прайшло, можа быць, была нейкая зваротная сувязь, штосьці цікавае для сябе знайшлі?
Міхаіл Волчак: І ў Вільні, і ў Берліне, і ў Варшаве адбываліся прэзентацыі. Я рабіў анлайн прэзентацыю і распавядаў, як працуе рэдакцыя, якія выклікі, што было зроблена. Былі пытанні, вядома, таму што я рабіў таксама прэзентацыю вось гэтай прэміі, каторую пачалі пілоціць, якая называецца “Бізон Гіґс”, і людзі пыталіся пра яе, што гэта такое, як гэта будзе варушыцца. Пачулі больш інфармацыі, бо аўтары раскіданая па ўсім свеце, ёсць і ў Беларусі, і на ўсіх кантынентах. І таму сабраліся анлайн, і аўтары таксама сабраліся і слухалі. Гэта было цікава.
РР: У Беларусі, напэўна, бракуе такога навукова-папулярнага часопіса, які сапраўды збіраў усе навінкі ў навуцы, бо ў савецкія часы і зараз ёсць “Навука і жыццё” – часопіс, які выходзіць у Расеі і які стараўся агарнуць і савецкую прастору, і міжнародную згодна з ідэалогіяй. У вас таксама атрымаўся вельмі цікавы прадукт. Мала таго, што на беларускай мове, але яшчэ мае такім сімвалам зубра. Напрыклад, для Падляшша гэта быў бы такі трыгер, каб набыць гэты часопіс і пачытаць. Для чаго ствараўся часопіс і ці хацелі б вы ахапіць і ці мажліва ахапіць беларускую навуку зараз?
Міхаіл Волчак: Удзельнічаюць у часопісе і аўтары з Беларусі, і мастакі з Беларусі, і ўсё гэта недзе 50х50 круціцца, у сэнсе, што гэта не адзін-два, а даволі такая сур’ёзная частка. Таму гэта звязана з Беларуссю, калі казаць вось менавіта пра тое, як супольнасць размеркавана. Так, вядома, што шмат таленавітых людзей выштурхнута, і яны ў іншых краінах рэалізуюцца, і гэта дае ім магчымасць навукова развівацца. Навукова-папулярны часопіс – гэта дзейнасць, якая пачалася ўжо паўтары гады таму, і вось ужо шосты нумар вы маглі бачыць гэтую вокладку. А прэмія – гэта зусім іншы кірунак папулярызацыі навукі. Таму што часопіс – гэта папулярызацыя словам, гэта папулярызацыя навуковай думкі па-беларуску. Яна, можа быць, не такая супер-новая, ёсць новыя, цікавыя артыкулы, якія тычацца нейкіх тэмаў сучасных, а ёсць пра тое, як пачыналася генетыка ці пра беларускіх навукоўцаў.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Рэгламент прэміі «Бізон Гіґс – 2024»
Заявіць беларусаў, якія працуюць у галіне навукі і нечага дасягнулі ці бяруць удзел у чымсьці, можна тут.
Вольга Сямашка, racyja.com,
фота Міхаіла Волчака