Беларуска не знайшла сябе ў спісе выпускнікоў школы — лічыць, што праз палітычныя погляды

Ілюстрацыйнае фота

На сёлетнім дне сустрэч выпускнікоў Таццяна са здзіўленнем выявіла, што яе няма на стэндзе сярод так званых юбіляраў — людзей, якія скончылі школу круглую дату назад. Тэматычныя выставы і ўспаміны пра тых, хто выпусціўся 5, 10, 15 і болей гадоў таму — традыцыя ў многіх беларускіх школах.

«Культура адмены па-беларуску ў 2025 годзе — гэта калі на вечары сустрэч у школе твайго імя больш няма ў спісе выпускнікоў», — пракаментавала дзяўчына. «Наша Ніва» папрасіла яе расказаць пра сітуацыю больш падрабязна.

Таццяна (мы не раскрываем асабістыя даныя цалкам па просьбе гераіні. — НН) працуе журналісткай у адным са СМІ, якое сёння для беларускіх улад мае «экстрэмісцкі» статус. Яна жыве за мяжой, але знаёмыя паведамілі ёй, што ў школе, якую яна скончыла ў 2005 годзе, яе не было ў спісе выпускнікоў-юбіляраў.

Таццяна вучылася ў пасёлку, дзе «ўсе адно аднаго ведаюць». У самой школе ў іх быў толькі адзін клас, таму ў супадзенні, што яе проста «згубілі», суразмоўца не верыць.

«У спісе на стэндзе былі ўсе, нават хлопец, якога ўжо няма ў жывых. Усе, акрамя мяне. А гэта школа, дзе не толькі я вучылася, але і дзе мая мама адпрацавала шмат гадоў.

Цікава, што напярэдадні дня выпускнікоў быў створаны чат аднакласнікаў, куды спачатку дадалі ўсіх, але пасля Таццяну з яго выдалілі. Пазней зноў вярнулі, але ў выніку вырашылі, што вечар сустрэч павінны абмяркоўваць толькі тыя, хто на яго ідзе. На гэтым агульная група скончыла сваё існаванне.

Дзяўчына прызнаецца, што яе моцна засмуціў гэты факт з кэнсэлінгам.

«Мне здаецца, раней нікога палітычныя погляды выпускнікоў не турбавалі. Ну, і па шчырасці, я не была «ворагам народа» да 2020 года. Гэта проста сюр, і ён паказвае, наколькі людзей запужалі. І гэта мяне засмучае значна больш, чым тое, ці ёсць маё імя ў нейкіх спісах».

nashaniva.com