Паліна Шарэнда-Панасюк: “Было бачна, што чалавека проста “ламаюць”, і пэўнай мэты яны дасягнулі”

«Калі я першы раз убачыла Кацю Бахвалаву (Андрэеву) у жніўні 2021 года на Антошкіна ў Гомелі, яна ўсміхалася і размаўляла з намі. Але за тры тыдні цкавання яна цалкам перамянілася».

Кацярына Бахвалава. Фота: bgmedia.site

Кажа былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк пра былую журналістку “Белсата”.

– На яе быў моцны псіхалагічны ціск. Яе пачалі цкаваць у атрадзе, яе цкавалі да слёз, яна перастала ўсміхацца, падыходзіць да нас. На фабрыцы яна проста “пралятала” міма. Калі мы яе запрашалі, яна казала: не, не, не. І нават баялася казаць, а проста вачыма давала зразумець, што не можа падысці, што яна баіцца, яна плакала. Было бачна, што чалавека проста “ламаюць”, і пэўнай мэты яны дасягнулі.

Як загадвае Паліна, з Кацяй яны “ўскосна” перасекліся яшчэ ў лютым 2022 годзе, бо Паліна ў гэты час сядзела ў ШІЗА і адтуль пачула голас Каці, якую збілі, і тая прасіла паклікаць лекара:

– Ляск, грукат, і я пачула прозвішча Бахвалавай. Я чула, як яна прасіла лекара. Яна казала, што мяне моцна збілі, мяне білі па галаве, паклічце лекара. Як я зразумела, ніхто ёй лекара не паклікаў. Гэта было 9 лютага, а 10 лютага яе проста вывезлі. Я так разумею, што яе вывезлі ў СІЗА ў Гомель.    

Па словах Паліны Шарэнды-Панасюк, пасля яна даведалася, што Кацю збівалі чатыры чалавекі – оперупаўнаважаны Чорны, Ганчароў, Алёхін і Зюзін. Гэтыя чатыры мужчыны білі журналістку па галаве і жываце.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

racyja.com