
З’явіўся даклад пра сістэмны крызіс беларускай навукі. Сярод яго аўтараў — былыя супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.
У дакладзе робіцца выснова, што “беларуская навуковая сфера перажывае глыбокі крызіс”. За апошняе дзесяцігоддзе рэзка пагоршыліся асноўныя паказчыкі: колькасць навуковых публікацый, патэнтавых заявак, пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах. Адзначаецца, што Нацыянальная акадэмія навук “ператварылася ў бюракратычную структуру, што прывяло да заняпаду акадэмічнага асяроддзя і дыскрэдытацыі навукоўцаў”. Яшчэ адна праблема — неэфектыўнае фінансаванне, паколькі “сродкі размяркоўваюцца непразрыста і несправядліва”: увага надаецца не перспектыўным і прадуктыўным даследаванням, а напрамкам, звязаным з “палітычнымі прыярытэтамі”.
У Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адчуваецца адставанне айчыннай навукі ад сусветных стандартаў. Яна апынулася ў ізаляцыі ад міжнароднай навуковай супольнасці (вельмі нізкая колькасць публікацый у вядучых сусветных часопісах, амаль поўная адсутнасць супрацоўніцтва з заходнімі інстытутамі).
Пасля 2020 года многія даследчыкі былі звольненыя, арыштаваныя або вымушаныя пакінуць краіну. Гэта “прывяло не толькі да кадравай катастрофы, але і да страты навуковых напрамкаў”, пішуць аўтары даклада. Да таго ж адбываецца палітызацыя і мілітарызацыя навукі, у навуковыя праграмы ўкараняюцца прапагандысцкія наратывы.