“Расказаць праз фотаздымак сваю гісторыю”. Як беларуская журналістка ажыццявіла адукацыйны праект у Варшаве

Усё пачалося з артыкула для польскага часопіса і з валанцёрскай дзейнасці, а цяпер у адным з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў Варшавы адкрылася фотавыстава са здымкамі ўдзельнікаў/іц беларуска-украінскага праекта, ініцыятарам і рухавіком якога стала фатографка і журналістка Юлія Шаблоўская, піша «БАЖ».

Фота: New Home Project

“У шэлтары адбывалася ўзаемапранікненне двух грамадстваў”

— З 2021 года я сачыла, што адбываецца з беларускімі ўцекачамі ў Польшчы, — расказала Юлія Шаблоўская Беларускай асацыяцыі журналістаў. — Фонд Humanosh стварыў шэлтар, які называецца “Мірны дом”. Там знайшлі прытулак палітычныя ўцекачы з Беларусі.

Ідэя была ў тым, каб расказаць у часопісе Pismo, як жывуць беларусы ў вымушанай эміграцыі. На той момант тэма ўжо сышла з першых старонак газет. Цікавасці стала значна менш.

— У мяне былі аднаразовыя фотакамеры, якія я раздала дзецям. Пакуль размаўляла з дарослымі, яны рабілі фотаздымкі, то бок сталі суаўтарамі рэпартажу, — кажа аўтарка праекта.

Але на момант публікацыі інфармацыйны фон істотна змяніўся — пачалася вайна ва Украіне, і артыкул згубіўся сярод шматлікіх паведамленняў пра жудасныя падзеі.

Тым часам фонд Humanosh стаў актыўна дапамагаць украінцам, і ў шэлтары з’явіліся новыя жыхары.

— Выявіліся, што многія ўкраінцы не разумелі ўсёй трагічнасці сітуацыі ў Беларусі, — працягвае Юлія Шаблоўская. — Памятаю, як жанчына з Херсона здзівілася: “А што тут робяць беларусы?” Даводзілася тлумачыць і паслядоўна распавядаць.

Было вельмі незвычайна назіраць, як адбываецца ўзаемапранікненне двух грамадстваў.

Удзельнікамі праекта сталі і 5-гадовая дзяўчынка, і 23-гадовы хлопец

Нечаканым вынікам такой інклюзіі стаў адукацыйны праект New Home Project, які з’явіўся на мяжы арт-тэрапіі і фатаграфіі.

— Я па-ранейшаму наведвала шэлтар. І ў першыя дні пасля пачатку вайны ва Украіне назірала прыкладна адну і тую ж сітуацыю: пакуль дарослыя вырашалі праблемы, дзеці і падлеткі заставаліся ў чатырох сценах, некаторыя былі псіхалагічна закрытыя, — дзеліцца назіраннямі фатографка.

З гэтага часу пачаўся доўгі шлях за змаганне за праект, дзе дзякуючы фотаздымкам аб’ядналіся дзеці, падлеткі і моладзь, каб заявіць пра свой голас.

Удзельнікамі праекта сталі і 5-гадовая дзяўчынка, і 23-гадовы хлопец. Усяго — 20-25 чалавек.

— Я раздала лічбавыя “мыльніцы” і прапанавала рабіць фотаздымкі, — кажа аўтарка праекта. — Першыя эмоцыі, канешне, неперадавальныя: што гэта? Яно фоткае? А дзе франтальная камера? Куды размяшчаць флэшку?

Фота: New Home Project

На занятках не давалася канкрэтных заданняў. Удзельнікі размаўлялі пра фатаграфію, яе гісторыю, а таксама наведвалі месцы, звязаныя з візуальнай культурай: выставы, музеі, інстытуцыі.

— Калі хтосьці паказваў нон-стоп сэлфі, то мы размаўлялі пра партрэтныя здымкі, пра Вів’ен Маяр (Vivian Maier), якая адной з першых расказала пра сваю гісторыю праз сэлфі на сярэднефарматную камеру, глядзелі іншыя прыклады, — апісвае працэс Юлія.

Праз уласныя фатаграфіі ўдзельнікі праекта паказвалі свой свет: як яны бачаць абстаноўку вакол, што адчуваюць, хто знаходзіцца побач.

Фота: New Home Project

— У залежнасці ад таго, які партрэт прыносілі, я даведвалася пра жыццё аўтара фотаздымка — хто яго сябры, як ён ці яна сябе адчуваюць, — тлумачыць фатографка. — Праблема ў тым, што часта паміж дзецьмі і дарослымі няма бяспечнай мовы камунікацыі. А я прапанавала такі канал праз фотаздымкі.

Гэта таксама была магчымасць знайсці сяброў і атрымаць дапамогу. У межах праекта была прадугледжана дапамога крызіснага псіхолага, і выявілася, што гэта вельмі своечасовы і правільны крок.

— Адной з частак праекта стала абмеркаванне фотаздымкаў, якія рабілі ўдзельнікі/цы, — расказвае пра адзін з прыкладаў Юлія Шаблоўская. — Хлопец паказаў фатаграфію. Здаецца, нічога незвычайнага: сцяна, ліхтарыкі і экран тэлевізара, па якім паказвалі мульцік “Скубі-Ду”. Але падчас размовы хлопец прызнаўся, што ў яго гэта выклікала цяжкія эмоцыі. Пасля падключылася псіхолаг, якая высветліла, што ў аўтара фотаздымка на вобразе з мультфільма замацавалася псіхалагічная траўма. Такім чынам яе ўдалося выкрыць і прапрацаваць.

Пасля шырокага асвятлення дапамога прыйшла ад мэрыі Варшавы

Спачатку Юлія Шаблоўская разлічвала на свае сілы — нават купляла за ўласны кошт камеры, але паступова інфармацыя пра незвычайнаю ідэю беларускі распаўсюджвалася, і дапамогу праекту пачалі аказваць фонды і буйныя кампаніі.

— У нейкі момант знайшоўся фонд, які як раз і дапамог набыць тыя “мыльніцы” Sony. А пасля са мной звязалася кіраўніцтва Panasonic Polska, і ў нас з’явілася некалькі прафесійных фотаапаратаў, — кажа фатографка.

Увосень адбылася фотавыстава, на якой былі прадстаўлены здымкі, зробленыя ўдзельнікамі/цамі праекта.

— Яна ладзілася наўпрост на папулярнай у Варшаве вуліцы Хмельна, — расказвае Юлія Шаблоўская. — Туды не трэба было прыходзіць спецыяльна. Можна было шпацыраваць па горадзе і выпадкова ўбачыць нашы фатаграфіі.

Адукацыйны праект выклікаў цікавасць з боку лакальных медыя. Фатографку запрасілі ў эфір нацыянальнага тэлебачання, на радыё.

Фота: New Home Project

Працягам стала маштабаванне адукацыйнага праекта, які падтрымала мэрыя Варшавы. Быў вылучаны грант на праект “Збліжэнне культур”, ён прадугледжваў шэраг актыўнасцяў, і ў тым ліку фотозаняткі New Home Project.

Удзельнікамі/цамі новага этапу сталі 350 чалавек! Свой унёсак у падтрымку аказала UNICEF Polska.

Вынікам праекта па збліжэнні культур стала зборная фотавыстава, якая праходзіць у гэтыя дні ў гандлёвым цэнтры Blue City (Варшава). Прыкладна 100 фотаздымкаў былі зробленыя ўдзельнікамі праекта New Home Project.

Самай цікавай рэакцыяй Юлія Шаблоўская лічыць эмоцыі звычайных людзей, калі яны разумеюць, што аўтары фатаграфій — дзеці, якія перажываюць няпросты вопыт вымушанай эміграцыі.

baj.by