
19 студзеня 2026 года Галоўнае дзяржаўнае ўпраўленне Гішпаніі па пытаннях міграцыі выдала інструкцыю, якая дазваляе прымаць да разгляду беларускія пашпарты нават пасля заканчэння тэрміну іх дзеяння.
Пра тое, як на практыцы дзейнічае гэтая інструкцыя, «Радыё Рацыя» паразмаўляла з Марыяй Дзенісевіч, якая жыве ў Гішпаніі.
РР: Які менавіта дакумент рэгулюе прызнанне беларускіх пратэрмінаваных пашпартоў у Гішпаніі?
Марыя Дзенісевіч: Гэта інструкцыя, якая была дасланая ва ўсе міграцыйныя службы і сервісы Гішпаніі пра тое, што ім трэба прызнаваць нашыя пратэрмінаваныя пашпарты. То бок гэта ўнутраны дакумент, які дасылаецца ў розныя мясцовыя ўстановы, і тады, калі прыходзяць людзі, напрыклад, падаўжаць свой від на жыхарства, яны могуць паказаць гэты дакумент, ён мусіць быць бачным у сістэме, і працаўнікі гэтых устаноў мусяць прыняць на разгляд дакументы, або адкрыць банкаўскі рахунак, то бок, гэта такая інструкцыя, якая носіць унутраны характар, і на падставе яе людзі могуць рабіць розныя свае побытавыя справы, і справы, якія датычаць іх дакументаў.
РР: Хто падпісаў гэты дакумент і якую юрыдычную сілу ён мае для супрацоўнікаў паліцыі і міграцыйных службаў на месцах?
Марыя Дзенісевіч: Гэты дакумент абмяркоўваўся з МЗС Гішпаніі і потым быў падпісаны генеральным дырэктарам па кіраванні міграцыі і таксама генеральным камісарам па пытаннях міграцыі межаў. То бок гэта ўнутраная інструкцыя для ўсіх супрацоўнікаў паліцыі і службаў міграцыі ў дачыненні да беларусаў.
Але здараюцца розныя сітуацыі. Напрыклад, адзін беларус пайшоў падаўжаць свой від на жыхарства, ён жыў у маленькім горадзе, прыйшоў у службу міграцыі, пачаў размаўляў з працаўнікамі міграцыйнай службы, і яны адразу сказалі, паколькі ў яго пратэрмінаваны пашпарт, ён мусіць сысці. Ён прыйшоў без адваката, ён кепска размаўляў на гішпанскай мове, ён не ўзяў з сабой гэты дакумент, каб паказаць ім, яны шукалі гэтую інструкцыі, не знайшлі, і не змаглі нічога яму зрабіць. Наша рэкамендацыя, калі неабходна пайсці ў нейкую ўстанову, лепш узяць з сабой таго, хто размаўляе на гішпанскай мове, ці, напрыклад, пайсці разам з адвакатам, і ўзяць з сабой гэты дакумент, каб яны знайшлі яго ў сваёй унутранай сістэме і атрымалі далейшыя інструкцыі, што рабіць у такой сітуацыі.
РР: Ці азначае прызнанне пратэрмінаванага пашпарту, што гішпанскія ўлады лічаць яго сапраўдным, як дакумент, у якога не скончыўся тэрмін дзейнасці? Ці гэта проста часовы дазвол толькі для міграцыйных працэдур?
Марыя Дзенісевіч: Паколькі гэтая інструкцыя носіць характар унутранага дакумента менавіта для паліцыі і міграцыйных служб, то, канешне, гэта найперш тычыцца пытанняў легалізацыі, для легальнага знаходжання беларусаў у Гішпаніі. Але што напісана ў гэтай інструкцыі. Напісана, што пратэрмінаваныя пашпарты прызнаюцца легальнымі пакуль не будзе магчымасці ў беларусаў замяняць пашпарты ў сваіх амбасадах за мяжой. І як толькі з’явіцца такая магчымасць і можна будзе замяніць пашпарты, не выязджаючы з Гішпаніі, тады інструкцыя спыніць сваё існаванне і не будзе дзейнічаць.
