
На ўсходзе Украіны з траўня амаль па сярэдзіну кастрычніка ЗСУ вялі гучную вайсковую аперацыю «Вівальдзі», падчас якой удалося вызваліць каля 277 квадратных кіламетраў тэрыторыі. Акрамя дэакупацыі некалькіх населеных пунктаў, сілы абароны не далі Расеі акружыць Славянска-Краматорскую агламерацыю з флангаў, заціснуць яе ў абцугах і перарваць украінцам важны лагістычны шлях. У вызначальнай аперацыі апошніх месяцаў удзельнічалі і беларускія добраахвотнікі. «Белсат» сабраў усё, што вядома пра ўдзел нашых ваяроў у «Вівальдзі».
Наступ
«Вівальдзі» сімвалічна падзялялася на чатыры этапы – «сезоны». Пра завяршэнне апошняга, чацвёртага, і разам з ім усёй аперацыі ў сярэдзіне кастрычніка паведаміў камандзір Трэцяга армейскага корпусу ЗСУ Андрэй Білецкі, які ў 2014-м сфармаваў батальён «Азоў».
У складзе батальёну HATRED 3-й асобнай штурмавой брыгады (АШБ), якая ўваходзіць у Трэці корпус, у наступальных дзеяннях падчас «Вівальдзі» ўдзельнічалі байцы Беларускага добраахвотніцакага корпусу.
Дэталі большасці баёў, як і самой аперацыі, не разгалошваюцца. Аднак яшчэ падчас першага этапу некалькі беларусаў за свае ўчынкі атрымалі ўзнагароды ад камандавання, у тым ліку лідар «Маладога фронту», які з 2022 года ваюе за Украіну, Дзяніс Урбановіч (Ваўкалак).
«З гонарам запісваем у гісторыю вызваленчай вайны імя беларускага добраахвотніка», – адзначалі ў корпусе.
Палонныя, ліквідаваны суайчыннік з Магілёва
У самім БДК расказвалі, што ў складзе HATRED займаюцца выведкай і «знішчэннем расейскіх акупантаў». Улетку падчас баёў за сёлы Новэ і Кацярынаўка імі былі ліквідаваныя ў тым ліку камандзіры ўзводу і роты выведкі, іншаземцы з Кыргызстану і Інданезіі, якія ваявалі на баку Расеі, а таксама «манкурт з грамадзянствам РБ».
Паводле звестак з ягоных дакументаў, гэта Раман Кандраценка 1990 года нараджэння з Магілёва. Мужчыну абвяшчалі ў вышук – яшчэ ў студзені 2025 года ён знаходзіўся ў Цвярской вобласці Расеі, а пасля знік. Паводле звестак БДК, Кандраценка падпісаў кантракт з арміяй РФ у той самай Цвяры ў сярэдзіне красавіка 2026-га.

«Нас, як і раней, не вельмі цікавіць фонд палонных, пакуль беларускія добраахвотнікі Верамейчык, Дзюрбейка, Дзёгцеў па-за спісамі на абмен», – заявілі ў БДК.
Украіна заяўляе, што пры штурмах найперш намагаецца браць у палон, а не знішчаць праціўніка, каб папаўняць абменны фонд і дамагацца вызвалення сваіх. За 4 гады ў спісы на абмен беларусы Ян Дзюрбейка (Тромблі) і Сяргей Дзёгцеў (Клешч), якія трапілі ў расейскі палон яшчэ летам 2022-га, не ўносіліся. На гэты час нічога ўвогуле не вядома пра іхны лёс. А былы каліновец Васіль Верамейчык (Пацук) знаходзіцца за кратамі ў Беларусі, пасля таго як быў перададзены КДБ у Вʼетнаме.
Беларускія ваяры разам з украінцамі працягваюць захопліваць палонных. Паводле былога палітзняволенага Кіма Самусенкі, які паразмаўляў з беларусамі – удзельнікамі аперацыі «Вівальдзі» пра яе ход, БДК, акрамя пяхотнай выведкі, даводзілася таксама ладзіць засады на расейцаў, пракладаць маршруты для байцоў і выконваць выведна-ўдарныя задачы.
«Вылазіць галава нейкая, па баках паглядзела, выцягвае аўтамат»
Самусенка паразмаўляў з адным з камандзіраў падраздзялення беларусаў. Ваяр, імя якога не называецца, кажа, што пачатак аперацыі быў складаны, але плённы.
Сабралі шмат інфармацыі пра абстаноўку на ЛБЗ (украінскі скарот для лініі баявога сутыкнення. – Рэд.) і ў тылах праціўніка. Поўнасцю перахапіўшы ініцыятыву, нашы групы заходзілі далёка ў тыл п****ў да пазіцыяў варожай аэравыведкі і артылерыстаў. Паспяхова бралі палонных і прыпынялі лагістыку», – дзяліўся камандзір.
Вядома, што падчас апошняга этапу беларускія добраахвотнікі працавалі ў раёне ўкраінскіх вёсак Рэдкадуб, Новэ, Кацярынаўка, Ліпавэ і Зялёная Даліна, якія былі вызваленыя. А таксама ў пасадках каля Калодзезяў, Іванаўкі і Навалюбаўкі.
Пра баі ў раёне Рэдкадубу прэс-службе 3-й АШБ расказваў Урбановіч разам з іншым выведнікам падраздзялення HATRED на пазыўны Малет. Ваяры праводзілі прарыў да Новага, сумежныя батальёны заязджалі на пазіцыі для штурму на тэхніцы, а выведка ішла па густа замінаванай зямлі «на назе».

Задача стаяла – тэрыторыю зачысціць, праціўніка ўзяць у палон або знішчыць.
«Настаў час Х, мы ўсе высунуліся. Было шчыльнае мінаванне, – казаў Ваўкалак. – Прайшлі 500–600 метраў, адбыўся кантакт. Прапанавалі ворагу здацца, вораг нічога не адказваў, вёў у адказ агонь».
На пазіцыі, па якой працавала падраздзяленне, знаходзіліся, паводле ваяра, 3–4 расейцы. Пасля перагрупавання быў знішчаны бліндаж. Ваўкалак трымаў сектар.
«Я нават не ведаў, што там ёсць [яшчэ адзін] бліндажык. Той, з якога па нас вялі агонь, быў знішчаны, ужо гарэў. Другі я бачыў, яго зачышчалі хлопцы. А той, які быў на 12 (вайскоўцы абазначаюць кірунак па аналогіі са стрэлкамі гадзінніка. – рэд.), не быў бачны. Вылазіць галава нейкая, па баках паглядзела, выцягвае аўтамат», – узгадаў Урбановіч.
Група тады была вымушаная адкаціцца назад, па пасадцы адпрацавалі іншымі тэхнічнымі сродкамі, каб зберагчы асабовы склад.
«Вораг адкаціўся, залез у хмызняк. Мы ўжо падыходзілі да краю пасадкі, – кажа Урбановіч. – Мы на іх напароліся, прапанавалі здацца ў палон – у іх ужо не было БК (боекамплекту. – рэд.), яны вырашылі здацца. Пасля аказалася, што сярод іх два афіцэры, лейтэнанты, мы хуценька іх перадалі хлопчыкам, іх павялі ў тыл.
Па радзейцы нам перадаюць, што да нас у пасадку заскочылі трое расейцаў. Мы хуценька агледзеліся, дзе нам заняць пазіцыі, сустрэлі «Іванаў», якія ішлі на Кіеў за тры дні, і ліквідавалі іх».
У падраздзяленні паведамілі, што было знішчана болей за сотню расейскіх вайскоўцаў, яшчэ калі 20 былі захопленыя.
«Час уздыму» для беларускіх ваяроў
Калі абапірацца на звесткі з рэсурсаў БДК, а таксама на ранейшы досвед – беларускія фармаванні ва Украіне звычайна паведамляюць пра страты пабрацімаў неўзабаве пасля іх смерці – абышлося без загінулых. Параненыя былі, іх колькасць не называлася, аднак прынамсі адзін з беларусаў падчас баёў у «Вівальдзі» атрымаў цяжкія траўмы. Корпус абвяшчаў збор яму на дапамогу. Імя байца не называецца.
«Беларускія жаўнеры ў першых шыхтах бяруць удзел у пераломнай вызваленчай кампаніі. На жаль, свабода здабываецца цяжка: крывёю і потам найлепшых, – пісалі ў падраздзяленні. – Патрэба ў дапамозе на аднаўленне зʼявілася для яшчэ аднаго нашага ваяра. Ён страціў канцавіну падчас гераічнага жорсткага бою».

Ваяр, з якім меў гутарку Кім Самусенка, падводзячы вынікі, дадаў, што вайна з часам робіцца ўсё больш складанаю, цяпер пехацінцам-выведнікам, у тым ліку беларусам, цяжэй дабірацца да зоны выканання задачаў.
«Гэта патрабуе некалькіх дзён маршу, новых прынцыпаў складу групаў і эшаланавання, маскавання, сувязі і гэтак далей, – патлумачыў ён.
– Цяпер асабліва важна скрытна дабрацца да праціўніка, каб не скампраметаваць шляхі нашага прасоўвання і каб вораг не задзейнічаў ударныя дроны і дыстанцыйнае мінаванне, артылерыю і нават авіяцыю. Са зменаў, як прыклад, – праца ўначы амаль што не выконваецца праз распаўсюджаную аэравыведку з цеплавымі і інфрачырвонымі камерамі».
Камандзір у размове з Самусенкам адзначыў, што ў склад 3-й асобнай штурмавой брыгады ЗСУ пераведзеная большасць ваяроў БДК, там з пачатку 2026 года палепшылі падрыхтоўку і досвед беларусаў. Таксама, паводле байца, стала болей рэкрутаў – як беларусаў, так і украінцаў, якія таксама ваююць у складзе. Дзякуючы «мілітарнаму сімбіёзу з 3-й АШБ БДК расце і мацнее».
«Можна сказаць, цяпер нашы жаўнеры пражываюць найлепшыя часы ўздыму. Вайб пачатку 2022-га, але з вялікім досведам і магчымасцямі», – дадаў вайсковец.
