
Наста Лойка адказала для Фонда Дамоў правоў чалавека на пытаньні пра свабоду, вымушаную эміграцыю, праваабарончую працу і надзею.
1. Калі пасьля вызваленьня вы зноў адчулі сябе па-сапраўднаму свабодным/свабоднай?
Свабода – гэта ня толькі зьнешнія абставіны, але й унутраныя адчуваньні. Чым больш я рэфлексую апошнія падзеі, тым больш мне падаецца, што свабоднай я пачала сябе адчуваць яшчэ 17 сакавіка 2026 года ў Гомелі – за 2 дні да вызваленьня. У гэты дзень пасьля працы мяне выклікалі ў штаб, і намесьнік начальніка калёніі стаў задаваць звычайны набор пытаньняў кшталту «Якія пляны пасьля вызваленьня?» Але раптам зьявілася новае: «Ці ня хочаце быць з намі на сувязі пасьля вызваленьня?» Апошняе мяне моцна зьдзівіла: навошта ім? Спытала, што менавіта іх цікавіць. Цікавіла нешта накштал такога: калі я буду сустракацца зь іншымі вызваленнымі, то што мы будзем абмяркоўваць? А навошта ім, намесьнік калёніі сказаў, што ня можа мне тое раскрыць. «Тады й я не магу падумаць», – адказала я. І мне ніхто не прагаворваў, што будзе далей, але чамусьці я ўжо адчула ў сабе нахабства й кантроль над сытуацыяй. Я працягвала выконваць усе правілы, але чакала разьвязкі. Ужо праз 3 гадзіны мне шапнулі, што мяне й Марфу Рабкову здымаюць на заўтра з фабрыкі. А на фабрыку можна не пайсьці толькі ў двух выпадках: ці калі зусім хворая ляжыш плазам, ці калі вызваляюць. Але не было ніякіх унутраных фанфараў – былі задачы, якія трэба было пасьпець зрабіць за апошні вечар.
Толькі праз двое сутак мне афіцыйна скажуць: «You are free» – і гэта прагучыць па-ангельску з вуснаў Джона Коўла на мяжы Беларусі й Літвы. Але на той момант былі ўжо стома ад дарогі й чаканьня. А потым мяне накрыла іншым адчуваньнем: радасьцю ад вызваленьня іншых 235 чалавек і ад сустрэч з дарагімі людзьмі. І ўвогуле сустрэч зь людзьмі – таго, што было моцна абмежавана апошнія 3 гады й амаль 5 месяцаў.
Таму свабода асацыюецца ў мяне з дарогай і сустрэчамі, званкамі й відэапаведамленьнямі, тэлефонам у руках, клавіятурай пад пальцамі, паркам у Варшаве, прагулкай па полі ў прыгарадзе з сабачкам сяброўкі.
2. Наколькі цяжка вам было пакінуць Беларусь? Ці спадзяецеся вы вярнуцца?
Мне было няцяжка пакідаць Беларусь, бо я не адчувала сваёй суб’ектнасьці. Мяне проста ўзялі і выкінулі за мяжу, бяз пашпарту і нарысаў пра правы чалавека. Мяне не запытвалі, што я хачу, не прапаноўвалі й ня ставілі ўмоваў. Таму я проста плыла на хвалі чужых рашэньняў. У бок радасьці, бясьпекі й цёплых сустрэч. Мне проста раптам выключылі працяглы трывожны фон – і гэта блякуе сум па Радзіме, якая была такой несправядлівай да мяне. Я вельмі шмат кантактую зь людзьмі зь Беларусі, пішу туды звароты, шлю лісты, перадаю рэчы, чытаю пасты людзей – і не адчуваю сябе ізаляванай і адарванай. Пакуль я бачу магчымасьць рабіць адвакацыйныя кампаніі нават з эміграцыі, калі ў мяне будзе хоць трошкі падтрымкі людзей побач. Я б хацела аднойчы вярнуцца ў Беларусь – але празь некаторы час і калі яна будзе сапраўды бясьпечнай для праваабаронцаў.
3. Чаму вы працягваеце змагацца за правы чалавека?
Доўгія гады ў зьняволеньні я гаварыла сабе дзьве рэчы. Першая: гэта ўсё часовае выпрабаваньне, проста перапынак. І другая: гэта проста ўключаны маніторынг, каб я глыбей усё дасьледавала і потым змагла больш зрабіць па тэме правоў чалавека ў Беларусі. І я разумела, што мой праваабарончы досьвед дапамагае бачыць мне больш і глыбей, задаваць патрэбныя пытаньні, фіксаваць важнае. Зараз я адчуваю вялізную адказнасьць за гэты новы прафэсійны досьвед. Я вельмі хачу мяняць сыстэмныя рэчы ў Беларусі, таму бурлівая праваабарончая дзейнасьць – адзіны для мяне відавочны шлях. Бо я толькі гэтым жыла, толькі гэтым займалася амаль палову жыцьця. Для мяне Правы чалавека ўсё яшчэ застаюцца каштоўнасным арыентырам і прававым мэханізмам на шляху да бясьпекі й шчасьця ўсіх людзей.
4. Што дае вам надзею на будучыню?
Надзею на будучыню мне даюць сыгналы, што хутка адбудуцца трансфармацыйныя падзеі. Кожны дзень я прагаворваю дзьве свае мары: каб вызвалілі ўсіх палітвязьняў у Беларусі й каб скончылася вайна (хаця б суседняя ва Ўкраіне). Я бачу магчымасьць гэтых зьменаў ужо ў 2026 годзе, я вельмі спадзяюся й чакаю. Надзею дае й тое, што ёсьць людзі, гатовыя мяне падтрымліваць у маіх памкненьнях і вялізнай колькасьці ідэй. Гэта самае каштоўнае для мяне цяпер.
5. Што самае галоўнае вы хацелі б сказаць чытачам гэтага матэрыяла?
Людзі ў Беларусі й іншых аўтарытарных краінах займаюцца праваабарончай дзейнасьцю ў больш складаных умовах, яны заўжды пад пагрозай перасьледу й ня могуць наўпрост уплываць на свой урад і шырока ўзаемадзенічаць зь людзьмі ў краіне. Таму ім вельмі важная падтрымка ад людзей зь іншых краін: данатамі, падтрымкай кампаній салідарнасьці, зваротамі да сваіх урадаў з патрабаваньнем рэагаваць на падзеі ў Беларусі – толькі так мы адчуваем апору.
Для вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі патрэбнае ўключэньне ў перамоўны працэс усіх магчымых актараў – і толькі гэта спыніць рэпрэсіі й дапаможа выйсьці на новы лібэралізацыйны пэрыяд, зьнізіць уплыў Расеі ў рэгіёне.
Як моцна правы чалавека будуць эфэктыўныя для нашай бясьпекі й мірных мэтадаў вырашэньня канфлікатаў – залежыць ад кожнага й кожнай. Я люблю гэтыя каштоўнасьці і механізмы, хаця іх падтрымліваюць менш і менш, хаця для іх узьнікае больш выклікаў. Проста пакуль чалавецтва не прыдумала больш унівэрсальных словаў, чым ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.
6. Што б вы сказалі праваабаронцам з розных краінаў, якія цяпер знаходзяцца ў зьняволеньні, у тым ліку ў Беларусі?
Праваабаронцам у зьняволеньні я хачу сказаць, што мы робім вельмі важную справу, і таму часам даводзіцца рабіць і «ўключаныя маніторынгі». І гэта абавязкова скончыцца – трэба толькі пачакаць і зьберагчы сябе.
