
Беларуская хакерская група «Кібэрпартызаны» і праўкраінская група Silent Crow заявілі пра ўзлом IT-інфраструктуры Расстату — Фэдэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі Расеі.
«У выніку апэрацыі быў атрыманы доступ да значнай часткі IT-інфраструктуры ведамства, у тым ліку да цэнтральнага апарату, рэгіянальных падразьдзяленьняў і Галоўнага міжрэгіянальнага цэнтру апрацоўкі і распаўсюджваньня статыстычнай інфармацыі. Таксама былі скампрамэтаваныя сыстэмы віртуалізацыі і кіраваньня інфраструктурай», — гаворыцца ў заяве.
У прэс-службе ведамства пацьвердзілі РБК, што сайт Расстату недаступны, і паабяцалі аднавіць яго працу хуткім часам.
Паводле зьвестак расейскага выданьня «Коммерсант», хакеры разьмясьцілі на сайце паведамленьне на беларускай мове: «Ніхто не пазьбегне адказнасьці». Аналягічныя паведамленьні зьявіліся на старонках рэгіянальных упраўленьняў ведамства.
Хакеры заявілі, што пад іх кантролем аказалася каля 25.000 машын. Незалежнага пацьверджаньня маштабаў узлому пакуль няма.
