
Выйшла кніга псіхалагіні Вольгі Вялічкі «Нябачныя: Галасы жонак беларускіх палітвязняў». Яна з’явілася ў продажы ў выдавецтве Gutenberg.
Матэрыяламі для кнігі Вольгі Вялічкі сталіся размовы з жанчынамі, чые мужы трапілі за краты за свае перакананні.
«Некаторыя з гераінь выступаюць пад уласным імем, як Святлана Ціханоўская, іншыя схаваныя за псеўданімамі. Але ўва ўсіх тэкстах чуваць пратэст: супраць абставін, якія не пакінулі выбару», – гаворыцца ў апісанні кнігі.
Гэтая ўжо другая кніга Вольгі Вялічкі. Першая – «Ад двух да пятнаццаці. Мая маці ў турме» – нарадзілася падчас працы псіхалагіні з дзецьмі палітвязняў. Вялічка пачала збіраць іхныя гісторыі пра тое, як яны перажывалі рэпрэсіі супраць бацькоў, ператрусы ў сваіх дамах, якія траўмы гэта пакінула ў маленькіх беларусаў.
Саму Вольгу Вялічку ў Беларусі завочна пакаралі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў дзевяццю гадамі зняволення, а таксама штрафам у памеры 12 000 рублёў.
Са снежня 2020 года псіхалагіня жыве за мяжой.
У Беларусі яна кіравала дзіцячым госпісам у Горадні. Ён быў ліквідаваны рашэннем гарадзенскіх уладаў.
