Беларусы Бельгіі адзначылі Дзень памяці продкаў — Дзяды. Паводле традыцыі, яны наведалі пахаванні выбітных беларусаў, якія знайшлі свой апошні спачын на бельгійскай зямлі. Спачатку ўшанавалі памяць кампазітара Міколы Равенскага, аўтара духоўнага гімна беларусаў «Магутны Божа», а затым — раднага Беларускай Народнай Рэспублікі Янкі Жучкі.

Пра традыцыю распавядае яе ініцыятар, цяперашні прадстаўнік Бельгіі ў Радзе БНР Зміцер Піменаў.
«Памяць наша — гэта любоў пасля смерці. Актывісты беларускай грамады ў Бельгіі прыехалі з розных мясцін: хтосьці з Валоніі, хтосьці з Бруселя, хтосьці з Антвэрпэна. І мы ўсе разам сабраліся на магіле нашага вядомага кампазітара Міколы Равенскага. На магіле была прачытаная заупакойная малітва, быў праспяваны духоўны гімн “Магутны Божа”. Мы добра паразмаўлялі, абмеркавалі некаторыя планы на будучыню», — зазначыў Зміцер Піменаў.
Беларусы Бельгіі таксама бяруць удзел ва ўшанаванні памяці іншых выбітных суайчыннікаў. Некалькі гадоў таму яны займаліся ўсталяваннем каванага металічнага крыжа на магіле Барыса Кіта, пахаванага ў Германіі. Акрамя таго, беларуская грамада апякуецца памятным знакам удзельнікам Слуцкага збройнага чыну ў нямецкім Мітэнвальдзе.



