Беларускія журналісты на Дзяды ўшанавалі памяць Уладзіміра Паца

У Дзень памяці памерлых сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў з Беластока наведалі вясковыя могілкі ў Самагрудзе на Сакольшчыне, дзе пахаваны іх калега — шматгадовы карэспандэнт «Польскага радыё» ў Менску Уладзімір Пац.

Гаворыць сябра рады Беларускай асацыяцыі журналістаў у Беластоку Зоя Хруцкая:

– Такая сувязь, пераемнасць паміж журналістамі, мне падаецца, вельмі добрая ідэя. І менавіта таму мы вырашылі наведаць магілу нашага калегі Уладзіміра Паца, які працаваў на радыё, у тым ліку асвятляў пратэсты 2020 года, знаходзіўся ў Менску. Гэта выдатны журналіст, якога, на жаль, не стала некалькі гадоў таму ў досыць маладым узросце — яму было 54 гады. Ён пахаваны на могілках зусім недалёка ад мяжы з Беларуссю.

Пасля вяртання ў Беласток у Цэнтры беларускай культуры адбылася дыскусія пра інтэграцыю беларускіх журналістаў, якія цяпер жывуць і працуюць у Беластоку, у мясцовую медыясупольнасць.

Сваім меркаваннем падзяліўся ўдзельнік дыскусіі, шматгадовы журналіст Беларускай рэдакцыі «Польскага радыё Беласток» Зміцер Косцін:

– Вядома, што беларускія журналісты, якія вымушаныя былі выехаць з Беларусі, апынуліся ў зусім новым для іх асяроддзі. І не таямніца, што цяжка знайсці сябе ў гэтым асяроддзі, адразу адчуць сябе як рыба ў вадзе. Хаця, мне здаецца, што беларуская медыясупольнасць даволі згуртаваная, у тым ліку дзякуючы таму, што шмат гадоў дзейнічае Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Як адзначыў падчас дыскусіі Зміцер Косцін, паводле яго ацэнак, прыкладна чвэрць журналістаў у Беластоку — гэта калегі з Беларусі, якія працуюць у беларускіх незалежных сродках масавай інфармацыі.

racyja.com