Вольга Гарбунова: Нічога не скончана. Барацьба працягваецца

Беларуская праваабаронца Вольга Гарбунова стала адной з лаўрэатаў і лаўрэатак прэміі «Front Line Defenders» 2022 года для праваабаронцаў, якія знаходзяцца ў небяспецы.

Фота з асабістага архіву Вольгі Гарбуновай

Імёны лаўрэатаў і лаўрэатак прэміі Front Line Defenders былі вядомыя яшчэ ў маі, але з меркаванняў бяспекі імя Вольгі Гарбуновай арганізатары тады не назвалі. Цяпер яна знаходзіцца ў бяспецы, і таму напярэдадні Міжнароднага дня правоў чалавека ў Вільні прайшла спецыяльная цырымонія ўзнагароджання.

«Гэта вялікая палёгка, што цяпер мы можам смела назваць Вольгу Гарбунову лаўрэаткай прэміі Front Line Defenders 2022 для праваабаронцаў, якія знаходзяцца ў небяспецы, — сказаў Эндру Андэрсан, выканаўчы дырэктар Front Line Defenders. — Яна далучаецца да выдатнай групы адважных жанчын і мужчын, якіх мы ўшаноўвалі гэтай узнагародай на працягу многіх гадоў і якія ставяць у аснову асноў барацьбу за правы чалавека, нават калі гэта спалучана з вялікімі асабістымі выдаткамі. Мы спадзяёмся, што гэтае прызнанне нейкім чынам дапаможа Вользе ў яе шматгадовай барацьбе за правы чалавека жанчын і дзяцей у Беларусі».

Штогадовая прэмія Front Line Defenders для праваабаронцаў, якія знаходзяцца ў небяспецы, была заснаваная ў 2005 годзе для ўшанавання працы праваабаронцаў, якія робяць вялікі ўнёсак у абарону правоў чалавека, часта падвяргаючы сябе асабістай рызыцы. Прэмія прыцягвае міжнародную ўвагу да барацьбы праваабаронцаў і падае шырокую міжнародную платформу для абмеркавання і адстойвання праблем правоў чалавека, якія яны абараняюць.

«Што для мяне значыць гэтая прэмія? З аднаго боку, я вельмі здзіўленая тым, што мяне заўважылі, — гаворыць Вольга ў каментары «НЧ». — З іншага боку, я разумею, што для мяне гэта важна было не таму што гэта я асабіста, а таму што яны адзначылі яшчэ “Радзіславу” і прытулак.

Так, я была ў СІЗА і знаходзілася ў вялікай рызыцы, але ж усе гендарныя актывісткі і НДА ліквідаваныя, раз’ехаліся або пад крымінальнымі артыкуламі, таму вельмі важна, што прагучала жаночая павестка і што дзейнасць жанчын-праваабаронцаў была ацэненая.

Я думала, што “Радзіслава” і прытулак — гэта маленечкая арганізацыя, пра якую ніхто не ведае, але зараз склалася так, што пры сённяшніх цяжкіх абставінах наш голас больш заўважны.

У сваёй прамове на ўручэнні я гаварыла пра тое, што падзяляю гэтую ўзнагароду з усімі жанчынамі, якія зараз знаходзяцца за кратамі; з жанчынамі, якія застаюцца ў Беларусі, ведаючы пра рызыку; з жанчынамі, якія носяць перадачы ў турмы; з жанчынамі, якія вымушаныя былі з’ехаць з краіны. Гэта пра нас усіх — таму што жанчыны таксама трапілі пад рызыку пераследу, катаванняў. 

Нікому не будзе ні цёпла, ні холадна ад таго, што ёсць такая ўзнагарода, але гэта дае магчымасць зноў і зноў гаварыць пра тое, што адбываецца ў краіне і што ўжо мінімум 773 рэпрэсаваныя жанчыны прайшлі праз крымінальны пераслед. Нічога не скончылася, барацьба працягваецца».

novychas.online