Беларускага палітэмігранта – журналіста і актывіста Валянціна Цішко – дэпартавалі з Украіны

Беларускага журналіста-фрылансера і актывіста «Руху «За Свабоду» з Маладзечна Валянціна Цішко, які ў 2021 годзе вымушаны быў уцякаць з Беларусі праз палітычны пераслед, дэпартавалі з Украіны. Трэцяга траўня Цішко вывезлі са Львова, дзе ён жыў апошнія больш як паўтара года, на мяжу з Польшчай і загадалі пакінуць Украіну. Раней Валянцін Цішко падаўся ва Украіне на атрыманне статусу палітычнага ўцекача альбо дапаўняльнай абароны. Пра тое, што адбылося 3 траўня Валянцін Цішко распавёў «Радыё Ўнэт».

— Мяне разбудзілі а 8-й раніцы тэлефонным званком. Паведамілі, што гэта з міграцыйнай службы. На пытанне, што здарылася, мне адказалі: «Мы Вам ліст прынеслі». Я вырашыў, што, можа, нарэшце, ёсць адказ на мой статус бежанца і так далей. Кажу: «Добра, куды мне падыйсці?». Мне кажуць: «Нікуды, мы ў Вас пад пад’ездам, спускайцеся». Я цягам там 10 хвілін спусціўся, патлумачыў, што чакайце, бо я яшчэ сплю. Спусціўся, мне сапраўды аддалі ліст, але ліст ад сябра з-за мяжы. Як ён у іх аказаўся, я не ведаю. Яны сказалі, што «пошта ўбачыла, што Вы іншаземец». Магчыма, я не ведаю, у нейкіх базах «Укрпошты» ёсць, як іншаземец? І таму перадала гэты ліст не мне на адрас, а ў Службу бяспекі.

Мяне завезлі ў міграцыйную службу, дзе склалі пратакол за тое, што я перабраў дні знаходжання, за тое, што я «нелегал». Выпісалі мне пратакол, выпісалі штраф 5100 грыўняў, гэта недзе ў раёне 130 еўра. І сказалі, што «вось Вы зараз гэты штраф сплаціце, і тады ўсё будзе добра, і тады Вам штамп пра няўезд ніхто ставіць не будзе». Я кажу: «Дык а што далей?». «Ну, Вам трэба выехаць на паўгода, а пасля можаце ўязджаць». Я кажу: «Пачакайце, якое выехаць на паўгода? Я падаў дакументы на статус бежанца»».А гэта іншы аддзел, гэта не наша пытанне і мы пра гэта нічога не ведаем». Я кажу: «Ну ў мяне ёсць паперы». «Вас у базе няма, я пра гэта нічога не ведаю».

Паколькі мяне няма ў базе, я так разумею, яны не бралі да разгляду ні адну з маіх заяў. Я двойчы падаваўся на бежанства – яшчэ перад вайной і апошні раз некалькі тыдняў, там, дзесьці месяц таму. На мой другі ліст яны мне прыслалі адказ, што «Вам ужо быў накіраваны адказ, але Вы яго не атрымалі, бо вы выехалі з той кватэры, дзе Вы жылі. Мы Вам заказным лістом адправілі, і вось ён вярнуўся назад». Аднак, не дадалі да новага адказу копію старога. І, наколькі я разумею, ніякага адказу не было, таму што, калі б вы прымалі да разгляду маю справу, то ў вас у сістэме міграцыйнай службы была б хоць нейкая адзнака пра тое, што я падаваўся і мне адмовілі. А ў іх ніякіх адзнак пра гэта не было.

Мяне пратрымалі ў міграцыйнай службе з 8-й раніцы да 1-й гадзіны дня. Увесь гэты час спрабавалі адправіць мяне «Дык Вы ж ідзіце заплаціце штраф 5100». Я кажу: «Чакайце, вы мне сказалі, што ў мяне будзе час на тое, каб гэта ўсё зрабіць, у мяне зараз з сабой няма 5100». «А, ну так, ну так». Пасля мне ўжо паказалі і паведамілі, што мне будзе пастаўлены штамп пакінуць Украіну цягам 5 дзён. Я паспрабаваў папрасіць трошкі болей, кажу: «У мяне котка ў краіне і мне хаця 15 [дзён], для таго, каб падрыхтаваць дакументы для яе». Прадстаўнікі міграцыйнай службы сказалі, што пасля як-небудзь знаёмыя перададуць. Гэта ж лёгка – узяў так, цераз мяжу перадаў котку! Таму ў павелічэнні тэрміну мне адмовілі вусна. У мяне ў пашпарце стаіць штамп, што мне трэба выехаць да 8 чысла.

А дзесьці ўжо бліжэй да гадзіны першай-другой, мяне пасадзілі ў машыну, завезлі дадому і сказалі: «Вазьміце сабе якія-небудзь рэчы». «Якія рэчы? Для чаго?» «Ну можа Вам нешта зараз трэба». Я кажу: «Для чаго мне нешта зараз можа быць трэба?» «Ну вось нейкія рэчы Вам, можа быць, трэба». Я кажу: «Хлопцы, кажыце адразу, куды мы едзем і я тады буду разумець, якія рэчы мне трэба. Калі мы едзем на шашлык, то мне трэба красоўкі, а калі мы едзем у турму, то мне трэба абутак без матузкоў. Дзесьці з шостай спробы, усё ж-такі, яны прызналіся, што мы едзем на мяжу, што яны мяне вывозяць у Польшчу. На маё пытанне, дык а як жа 5 дзён, якія мне сказалі, што ў мяне ёсць на выезд, сказалі: «Сітуацыя памянялася, у вас няма 5 дзён».

Такім чынам, мяне прывезлі да польскай мяжы, сфатаграфаваліся са мной, відаць, для справаздачы, што спецаперацыю правялі і такога «злоснага тэрарыста» з Украіны вывезлі. Пасадзілі ў аўтобус, і я паехаў. Цяпер я ўжо ў Польшчы.

Варта адзначыць, што ў адказе, які Цішко атрымаў 3 траўня за подпісам начальніка Галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны ў Львоўскай вобласці Юрыя Татомыра пазначана, што беларус звяртаўся па атрыманне статусу ўцекача 30 снежня 2021 года. І тады па выніках разгляду таго звароту яму быў накіраваны нейкі адказ, які да Цішко не дайшоў, але ці была ў ім адмова ў наданні статусу, у апошнім адказе не пазначана. Няма такой дакладна акрэсленай адмовы і ў апошнім адказе, які складзены на паўторны зварот аб наданні статуса ўцекача, з якім Цішко звяртаўся 4 красавіка гэтага года.

У апошнім адказе ДМС даводзіць, што Цішко жыў ва Украіне працяглы час з парушэннем дазволенага часу знаходжання і ім парушаны парадак і тэрміны звароту па абарону. Таксама міграцыйная служба паведаміла, што ў сувязі з паўнамаштабнай узброенай агрэсіяй Расіі супраць Украіны Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў не лічыць зараз Украіну бяспечнай краінай, таму наданне ў ёй абароны шукальнікам прытулку робіцца недарэчным.

radiounet.fm