Пачвары вайны і экстрым дыктатуры: рэцэнзія на выставу Андрэя Анро ў варшаўскай галерэі «Duży Pokój»

Андрэй Анро. Выгнанне. Алей. 2022

У галерэі «Duży Pokój» адкрылася і да 7 ліпеня працуе выстава Андрэя Анро пад назвай “Eternal Flame” (“Вечны агонь”), паведамляе reform.by.

Невялікая экспазіцыя складаецца з жывапісных твораў, а таксама з інсталяцыі і відэа.

Мастацкая кар’ера Андрэя Анро пачалася з фатаграфіі, у якой ён рухаўся на памежжы фантазіі і рэальнасці і прадумваў кадры такім чынам, каб было незразумела, у які час яны зроблены – сёння ці стагоддзе таму.

Калі мастак звярнуўся да жывапісу, то дзейнічаць пачаў як дакументаліст: браў фотаздымкі канкрэтных падзей ці скрыны відэа – і перапрацоўваў іх у станковыя кампазіцыі.

Гэта не былі імітацыі кадра, а менавіта аповеды, выкладзеныя мовай жывапісу. Фарбы, характар мазка, шорсткая паверхня палатна, дынамічная форма – усё сталася інструментарыем для дакументавання рэальнасці, аднак менавіта такім чынам, каб загучаў аўтарскі голас і праявілася пазіцыя. Бо зварот да жывапісу супаў у Андрэя Анро з цікавасцю да фатаграфічных архіваў, да складаных пытанняў гісторыі, палітыкі і калектыўнай памяці.

Уварванне Расіі ва Украіну звузіла мастакоўскі фокус да асэнсавання феномену вайны. Апошнія працы, што якраз і прадстаўлены ў варшаўскай галерэі, зроблены пасля пачатку вайны і вайне прысвечаны – як катастрофе, што разбурае не толькі цела, але і псіхіку. Таму, акрамя аднаго твора, крывавых сцэнаў тут няма, а ёсць зафіксаваны працэс пачварнага размывання чалавечай прыроды.

Мастак праводзіць паралелі паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі і службай у савецкай арміі, ён шукае вобразы падабенства, каб разгледзець уплыў экстрэмальных сітуацый на чалавека і грамадства. Дыктатура таксама з’яўляецца экстрэмальнай сітуацыяй і ўздзейнічае на асобу адметным чынам, што можа быць зафіксавана мовай жывапісу. І гэтыя дзве тэмы – адна як наступства другой – выразна чытаюцца на гэтай выставе.

Метафарычным злучнікам праекта з’яўляецца сімвал агню, які ў мастакоўскай інтэрпрэтацыі трактуецца даволі шырока – як элемент стваральны (вялікі выбух, што спарадзіў сусвет) і разбуральны, ён урываецца ў нашу прастору, як вайна ва Украіне.

Андрэй Анро. Вечны агонь. Алей. 2023

“Вечны агонь” – так называецца карціна, што дала назву выставе. На ёй піянерам павязваюць чырвона-зялёныя гальштукі каля вогнішча, якое звязвае гэты неасавецкі рытуал з паганскімі традыцыямі.

Інспірацыяй для твора стаў фотаздымак Чаўшэску з групай дзяцей.

Дзяржаўнае выхаванне ідэалагічнага правільнага індывіда праводзіцца і ў Беларусі, дзе ў кожнай школе ёсць ідэолагі, а краіна працягвае піянерскую традыцыю савецкага мінулага, каб выхаваць новага чалавека, гатовага паслухмяна выконваць усе загады.

Найбольш экспрэсіўна-ненатуральны элемент у карціне – не сцёртыя твары, трэба меркаваць, ідэолагаў, а само вогнішча, што пачварна вырываецца з палатна, “забіваючы” сабой астатнія выявы.

Андрэй Анро. 5. 1995. Алей. 2022

Прапаганда шчыльна звязаная з вайной, а перад яе пачаткам заўсёды актывізуецца. Яна змяняе светапогляд чалавека не ў лепшы бок, і мастак літаральна візуалізуе гэту тэзу ў сваіх карцінах.

“5. 1995” – назва гэтага твора фіксуе дату. На палатне – перапрацаваны сродкамі жывапісу скрыншот аматарскага відэа пра службу ў арміі. Мастак робіць стоп-кадр на чалавеку, які стаіць на варце. Аўтара спыніў яго погляд – змрочны і здзічэлы.

Гэта жывапісны вобраз – экспрэсіўны і дынамічны, істотна аддалены ад арыгіналу з відэа. Ён вырашаны ў зеленавата-карычневай гаме, атмасферныя паралелі свайму вырашэнню мастак назірае ў фільме “Антыхрыст” Ларса Фон Трыера.

Андрэй Анро. Бясплодная зямля. Алей. 2022

Палатно “Бясплодная зямля” выканана паводле скрыншота з прапагандысцкага савецкага відэа, якое распавядае пра тое, як добра служыць салдату ў савецкай арміі. Аднак ёсць нюанс: відэа зроблена падчас афганскай вайны, калі служыць у арміі было асабліва небяспечна, што робіць гэтую рэкламу вычварнай і абсурднай, асабліва калі паглядзець на яе з часавай адлегласці.

Спалучэнне безабаронна ўразлівых целаў і безаблічнай уніформы стварае нерв гэтага твора, складаючы формулу пакоры, дысцыпліны і падпарадкавання.

Андрэй Анро. Выгнанне. Алей. 2022

Дзве невялікія работы, выкананыя ў хуткай эскізнай манеры, акрамя назвы “Выгнанне” маюць яшчэ адну – “Не я б’ю, вярба б’е”. Матыў узяты з нямецкай дакументальнай хронікі, зробленай падчас акупацыі Беларусі. На ім дзеці выганяюць з вёскі нейкага мужчыну. Адбываецца гэта ўсё ўвесну, калі набліжаецца Вялікдзень. А за тыдзень да Вялікадня ёсць традыцыя хадзіць з вярбой і паўтараць “Не я б’ю, вярба б’е”.

Праз назву мастак рыфмуе рэальную гісторыю з біблейскай. Бо рэальная гісторыя, таксама як і біблейская, завяршаецца катаваннем: чалавека ў наступных кадрах забіваюць, праўда, без шанцу на ўваскрашэнне, бо нават імя яго не вядома.

Для Андрэя Анро гэта гісторыя паказальная тым, як змянілася вёска падчас акупацыі, як яе жыхары пачалі прымаць для сябе чужынскія законы. Ён знаходзіць паралелі з сённяшнім днём, падкрэсліваючы, што менталітэт і мысленне людзей, якія цяпер жывуць на акупаваных тэрыторыях, становяцца іншымі.

Андрэй Анро. Марс. Алей. 2022

Войны заканчваюцца, дыктатуры, калі яны не спадчынныя, падаюць. Мастак даводзіць нам гэтае перакананне, транслюючы сцэны непазбежнай расплаты.

На карціне “Марс” паказаны сюжэт самагубства адстаўнога генерала Харватыі Слабодана Праляка: падчас судовага працэсу ў Гаазе ён прыняў цыяністы калій. Акрамя непазбежнасці расплаты, якая можа наступіць і праз дзесяць гадоў пасля злачынстваў, мастака заінтрыгавала тое, што Слабодан быў асобай творчай, кінарэжысёрам і пісьменнікам, і яго крэатыўнае мысленне дапамагала здзяйсняць ваенныя злачынствы.

Стылістычны разлом паміж больш-менш прапрацаванай часткай карціны (вочы) і змазанымі рухамі рукі і ніжняй сківіцы стварае напяты драматызм твора і набліжае гэты вобраз да кіношных прывідаў, да цьмяных увасабленняў жаху. Парадаксальным чынам фіксуецца спынены час: частка гэтага чалавека ўжо па-за межамі нашай рэальнасці.

Алена Чаўшэску. Алей. 2022

З падобнай тэмай, але ў іншай стылістыцы, аўтар працуе з пасмяротным вобразам Алены Чаўшэску, жонкі дыктатара з Румыніі, гісторыя якой скончылася хуткім прысудам і смяротным пакараннем у святочныя калядныя дні. Дыктатуры сапраўды некалі скачваюцца – войнамі ці пераваротам, то-бок нечым такім, што іх стваральнікі не жадаюць прадугледжваць. Мастак некалькі разоў паўтарае гэтую тэзу – і ў сваіх тэкстах, і на сустрэчы з гледачамі.

Постаць забітай мала нагадвае чалавечую, аўтар фіксуе знак ганебнага канца: нібы знікае і выцвітае форма, што не была лагічнай адпачатку.

Андрэй Анро. Дзень пад зямлёй, ці Недахоп кіслароду. Алей. 2022

Карціна “Дзень пад зямлёй, ці Недахоп кіслароду” прысвечана ядравай зброі, якая раней захоўвалася ў Беларусі. Мастак піша іржавую дэталь, якую пабачыў на фота і відэа з ракетнай шахты ля роднай Смаргоні, і ператварае гэты фрагмент у сімвал таго, што можа настаць у выніку яе выкарыстання.

Другая частка назвы – недахоп кіслароду – фіксуе ідэю пра невыносны цяжар адказнасці. Людзі, якія працавалі пад зямлёй, казалі, што ў нейкі момант заканчваўся кісларод і станавілася цяжка дыхаць.

Канун. Інсталяцыя. 2023

Важным сэнсавым акцэнтам экспазіцыі з’яўляецца інсталяцыя “Канун”. Так называюць стол у праваслаўных цэрквах, куды людзі прыносяць свечкі, каб згадаць памерлых. Для аўтара гэты сімвал набывае новыя значэнні, бо ва ўсіх праваслаўных цэрквах сёння, падчас вайны ва Украіне, людзі нясуць свечкі за памерлых.

Калі наблізіцца да інсталяцыі, можна заўважыць, што кожная свечка нагадвае выцягнутага салдата. Быць салдатам, – даводзіць аўтар, – гэта пагаджацца на хуткую смерць: “На вайне ты ў любы момант можаш памерці, і назаўтра за цябе паставяць свечку“.

Выстава Андрэя Анро ў галерэі «Duży Pokój» будзе працаваць да 7 ліпеня.

reform.by