Вынікі года: Вайна вызначыла ўсё

Аналітыкі экспертна-аналітычнага клуба сабраліся напрыканцы года на вялікае абмеркаванне яго вынікаў. Але пра што б яны ні казалі, гаворка ўсё роўна ішла пра вайну. Інтэрнэт-супольнасць словам года абрала слова «вайна», якога і эксперты не змаглі пазбегнуць.

Вайна сапраўды вызначыла ў гэтым годзе ўсё. Як зазначыў на пачатку сустрэчы дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч, заўсёды ў час глабальных працэсаў, такіх, як вайна, зніжаецца роля ўнутраных фактараў, павялічваецца роля знешніх. Беларусь поўнасцю трапіла ў гэты трэнд, калі ўнутрыпалітычнае і эканамічнае развіццё краіны ўсё больш і больш завязваліся на ход вайны ва Украіне. Беларусь падтрымала агрэсію Расіі, і лёс Беларусі шмат у чым цяпер залежыць ад лёсу Расіі.

Адпаведна, на большасці міжнародных пляцовак Беларусь агучвала больш расійскую пазіцыю, а ўласная пазіцыя краіны станавілася нязначнай, сыходзіла на другі план.

З канфліктам звязана і ўнутрыпалітычная дынаміка. Нават новая хваля рэпрэсій цяпер звязана іменна з вайной: «зачысткі», што адбываюцца сёння, закліканы прадухіліць найперш моманты супраціву, каб не было праблем, выкліканых размяшчэннем расійскай групоўкі на тэрыторыі Беларусі. Таму ўзмацніліся рэпрэсіі за выказванні ў інтэрнэце, рэпрэсіравалі людзей, звязаных з інфармацыяй.

Да завяршэння актыўнай фазы вайны ўнутраная беларуская палітыка будзе знаходзіцца ў замарожаным стане. Па меркаванні Казакевіча, тыя ці іншыя змены стануць магчымыя толькі пасля завяршэння «гарачай» фазы вайны.

«Нават адносіны Беларусі з Захадам, нягледзячы на тое, што было шмат дыскусій пра пачатак дыялогу, звязаны з палітвязням. З майго пункту погляду, цяпер кантакты не працуюць менавіта таму, што да завяршэння вайны наладжванне іх нявыгаднае Маскве. Масква мае рэсурсы, каб звесці мажлівасць такіх кантактаў да мінімуму», — зазначыў эксперт.

«У Беларусі дастаткова цяжкі эканамічны крызіс»

Старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра «BEROC» Дзмітрый Крук вылучыў чатыры галоўныя падзеі, якія зрабілі эканамічную карціну года, і тры з іх звязаны з вайной. Гэта санкцыі, якія былі ўведзены ў дачыненні да Беларусі за саўдзел у вайне, як іх вынік — дэфолт, разрыў адносін з Украінай (што зразумела) і падатковая карта з Расіяй.

А галоўная тэндэнцыя года — безумоўна, рэцэсія. «Я б выказаўся так: дрэнна, але магло быць значна горш. Сённяшнія ўлады апелююць да таго, што магло быць і горш — а значыць, добра. Але любая стандартная метрыка пакажа: у Беларусі дастаткова цяжкі эканамічны крызіс. Не траўматычны, але цяжкі», — мяркуе Крук.

Калі здарылася вайна, сам Крук і яго калегі казалі, што ў Беларусі мажлівы варыянт поўнамаштабнага фінансавага крызісу і зніжэння ВУП да 20%. Гэтага не здарылася, падзенне ВУП склала 4,6%. Але эканаміст падкрэслівае, што пытанне страты астатняй часткі ВУП з прагназаваных 20% не знята з парадку дня. «Сказаць, што эканоміка зведала ўсе наступствы вайны і гэта ўжо пройдзены этап — нельга», — рэзюмуе ён.

Другі трэнд — з-за вайны запусцілася эрозія бізнес-асяроддзя. У 2020 годзе эканамісты казалі, што ў рэжыму ёсць запас трываласці ў выглядзе чалавечага капіталу, сучасных бізнесаў, прыватнага сектара. У 2022-м пачалася эрозія гэтага сектара, і распаўсюджваецца яна вельмі актыўна. «Наступствы гэтай эрозіі праявяцца не так хутка, але ўжо шмат сігналаў і прыкмет, што гэта ёсць, і гэта будзе даваць пра сябе ведаць гады, і, мажліва, дзесяцігоддзі. Па мне, дык гэта вельмі кепская навіна», — зазначыў Крук.

Яшчэ адна тэндэнцыя — кардынальнае пагаршэнне іміджу Беларусі ў свеце. «Многія могуць запярэчыць, маўляў, куды ўжо горш, аднак да 2022 года Беларусь не была ў эканамічным плане стопрацэнтным ізгоем. Так, на нас глядзелі як на краіну злёгку звар’яцелую, не поўнасцю адпаведную крытэрыям нармальнасці, але Беларусь маглі крэдытаваць, з беларускім бізнесам спакойна вялі справы… Гэтая сітуацыя змянілася. Беларусь як краіна атрымала «чорную метку». Для эканомікі гэта вельмі кепска, і гэта не змяняецца імгненна», — дадаў эканаміст.

І апошняя маштабная тэндэнцыя — яшчэ большая залежнасць ад Расіі. Па словах эксперта, такую залежнасць, як цяпер, цяжка было ўявіць, прычым у шмат якіх вымярэннях. Гэта і знешні гандаль, дзе да 70% экспарту ідзе ў Расію, аграмадная залежнасць па імпарце, пагадненне па ўскосных падатках. Па словах Крука, Расія «пасадзіла на тугі павадок» беларускі бюджэт, і цяпер фіскальная сфера таксама стала залежаць ад Расіі. І, канешне, вялікая ступень энергетычнай залежнасці.

«Нічога неадмяняльнага не адбываецца»

У якасці аптыміста на сустрэчы выступіў палітычны аналітык Арцём Шрайбман, які нават у сітуацыі, якую ён ахарактарызаваў як «эрозію суверэнітэту», паспрабаваў знайсці станоўчы бок. І гэтым станоўчым бокам, на яго думку, выступае тое, што ўсё ж такі ў ваеннай і эканамічнай сферах паглыбленне залежнасці і «дэсуверэнізацыя» адбываецца дэ-факта, але не дэ-юрэ. Не адбываецца кадыфікацыі, фармалізацыі той жа ваеннай інтэграцыі.

«Падпісаны нядаўна пратакол у ваеннай сферы, гледзячы па ўсім, не прадугледжвае стварэння расійскіх баз альбо сталага размяшчэння ў Беларусі расійскіх войскаў. Тое ж у эканоміцы. І калі мы ўявім сабе добры зыход гэтай вайны, то для будучай беларускай улады куды большай праблемай было б пазбавіцца ад фармальных абавязацельстваў, чым ад сённяшніх формаў эрозіі суверэнітэту», — выказаўся Шрайбман.

Ён таксама называе вайну «нікому непадкантрольным фактарам, які стрымлівае магчымасць Лукашэнкі манеўраваць у знешняй палітыцы». На яго думку, калі б Лукашэнка нават і захацеў цяпер пагуляцца ў звыклыя «геапалітычныя арэлі» ці пагандляваць палітвязнямі, то не можа даскочыць да той планкі, якую выстаўляе Захад.

Вайна таксама спрасціла геапалітычны выбар і для дэмакратычных сіл. «Больш няма магчымасці балансаваць, спрабаваць гуляць з Расіяй, спрабаваць убіць клін паміж Лукашэнкам і Пуціным, казаць пра тое, што Масква можа быць пасрэднікам паміж дэмсіламі і Лукашэнкам. Гэтая старонка перагорнута, і ў гэтым сэнсе для апазіцыі пытанне геапалітычнага выбару спрошчана», — адзначыў Шрайбман.

Канешне, у гэтым для апазіцыі і шмат выклікаў, бо большасць беларусаў знаходзіцца не настолькі ў празаходнім і праўкраінскім сегменце. І гэта зніжае мажлівасць працы з людзьмі Але гэта значыць толькі тое, што апазіцыі трэба больш працаваць.

Капсуляванне сітуацыі

Адпаведна, пакуль вайна не завершыцца — прынамсі, яе актыўная фаза — ніякіх радыкальных перамен у Беларусі эксперты не чакаюць. Проста таму, што ваенная сітуацыя значна звузіла кола магчымасцей для дзеянняў у кірунку змен, пра што таксама шмат казалі эксперты.

Вераніка Лапуцька, сузаснавальніца даследчага цэнтра «East Сenter» спрагназавала ўзмацненне рэпрэсій, узмацненне ціску на Лукашэнку з боку Пуціна і пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Прынамсі, тут усё навідавоку. Аднак, на яе думку, калі ў краіне працягнецца інфляцыя, рост коштаў і ад’езд спецыялістаў за мяжу, улада можа «выстраліць» нейкім новым сацыяльным кантрактам, накіраваным на падтрымку насельніцтва. Праўда, «за чый кошт» гэта можна ажыццявіць, пакуль незразумела.

Дзмітрый Крук, які адразу сказаў, што не робіць прагнозаў, тым не менш зазначае, што ёсць перадумовы да «зрывання эканомікі ў штопар» і што могуць адбыцца нейкія змены ў механізме прымянення санкцый да Беларусі. На яго думку, можа стацца так, што санкцыі будуць больш гнуткімі і больш прадметнымі.

Арцём Шрайбман лічыць, што сцэнар як уцягвання Беларусі ў вайну, так і перамогі Украіны ў 2023 годзе бачацца яму малаверагоднымі, хутчэй, перамогі ў наступным годзе Украіна яшчэ не даможацца. А вось зацяглы канфлікт будзе азначаць тэндэнцыю на таталітарызацыю ўлады, працяг рэпрэсій, поўную зачыстку партыйнага поля, далейшую крыміналізацыю апазіцыйных поглядаў.

А яшчэ ў Шрайбмана ёсць пытанне, як доўга будзе працягвацца «мядовы год» у адносінах Пуціна і Лукашэнкі. «Калі паглядзець на гісторыю ўзаемадачыненняў, то гэта не норма ў адносінах Пуціна і Лукашэнкі, нормай з’яўляецца працяглы і пакутлівы гандаль праз скандалы. Зразумела, што наяўнасць агульных ворагаў яднае, але я б чакаў, што пры больш глыбокім уздзеянні санкцый на Расію могуць узмацніцца рознагалоссі. Канфлікт можа быць з абсалютна непрадказальнымі наступствамі, бо атмасфера напружаная, і канфлікт, які ў 2018 годзе скончыўся «ўльтыматумам Мядзведзева» пра паглыбленую інтэграцыю, пры сённяшніх стаўках можа мець зусім іншыя наступствы», — адзначыў Шрайбман.

Сяргей Пульша, novychas.online