Юбілей за кратамі. Зняволенаму віцебскаму музыку і культурменеджару Уладзіміру Булаўскаму споўнілася 35 год

Віцебскаму музыку і культурменеджару Уладзіміру Булаўскаму 15 лютага споўнілася 35 гадоў. Свой юбілей Уладзімір Булаўскі «адзначаў» у зняволенні.

Гарадскія фестывалі, канцэрты, паэтычныя вечарыны, літаратурныя дыскусіі — безліч самых розных культурных мерапрыемстваў праходзілі ў Віцебску дзякуючы нястомнай энергіі і шчырай любові да беларушчыны Уладзіміра Булаўскага. Многія з гэтых мерапрыемстваў Уладзімір ладзіў у межах грамадскй культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» як рэгіянальны каардынатар кампаніі па Віцебшчыне.

Рэдакцыя budzma.org сардэчна віншуе Уладзіміра з 35-годдзем! Зычым здароўя, трываласці і веры ў лепшае. Спадзяемся на хуткую сустрэчу на волі!

Уладзімір Булаўскі — віцебскі актывіст і культурны мэнэджар. Першы раз ён быў затрыманы ў асноўны дзень галасавання на рэферэндуме, 27 лютага 2022 г., і арыштаваны на 15 сутак.

Другі раз яго затрымалі 14 снежня 2022 г. пасля затрымання трох асобаў, звязаных з дзейнасцю гастрапаба ROK’I PUB. У выніку супраць віцебскага арт-менеджара распачалікрымінальную справу паводле арт. 342 КК. А 26 траўня 2023 г. Уладзіміру Булаўскаму прысудзілі два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

На судзе Уладзімір не прызнаў віну і даваў паказанні на беларускай мове.

Павіншаваць Уладзіміра і падтрымаць яго лістамі можна па адрасе: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Булаўскаму Уладзіміру Ігаравічу

budzma.org