Які сакральны сэнс нясуць у сабе традыцыйныя беларускія лялькі-скруткі? Тлумачыць псіхолаг Вольга Вялічка

Беларускія лялькі — скруткі — традыцыйныя цацкі і сакральныя абярэгі. У кожнай з іх была свая задача. Але ёсць і тое, што іх аб’ядноўвае. Беларускія лялькі прыносяць у дом толькі добрае і засцерагаюць ад зла і суроку. Для тэлеграм-канала «тётя Ира разрешила» псіхолаг Вольга Вялічка патлумачыла, якіх вынікаў чакаць ад такой арт-тэрапіі.

Ірына Новік з лялькамі — неразлучнікамі

Анёлак — абаронца

Гэта самая простая і самая ўніверсальная лялька. Анёлкамі можна ўпрыгожыць і калядную ялінку, і пасхальны кошык. Ці проста трымаць у доме, каб нагадваць сабе пра нябачнага абаронцу.

Каб зрабіць анёлка, патрэбны два невялікіх квадраты светлай тканіны, чырвоныя ніткі і шматок ваты. Далей — 10 хвілін пабытовай магіі з цёцяй Ірай і ваш анёлак — ахоўнік распрастае крылы.

Анёлак — ахоўнік

«Калі разглядаць выраб традыцыйных беларускіх лялек як арт-тэрапію, то трэба усё, што мы робім сваімі рукамі, ацэньваць з пункту гледжання працы галаўнога мозгу. Чаму пасля арт-тэрапеўтычных заняткаў чалавек можа казаць «Я нешта асэнсавала ці асэнсаваў, ці, як мінімум, мне стала лягчэй, атрымалася пераключыцца».

Псіхолаг Вольга Вялічка

«Так адбываецца таму, што галаўному мозгу усё роўна, адбываецца нешта з намі насамрэч, ці толькі ва ўяўленні. Гэта пацвярджаюць шматлікія даследаванні працы галаўнога мозга пад кантролем МРТ, — кажа псіхолаг Вольга Вялічка. — Напрыклад, калі змясціць у апарат МРТ прафесійнага гульца ў футбол і папрасіць яго ўявіць, што ляціць мяч і трэба адбіць, то МРТ фіксуе такую ж працу галаўнога мозгу, як ў выпадку калі чалавек насамрэч фізічна адбівае мяч».

Дзесяціручка

Зразумела, што гэта памочніца ва ўсіх справах, да каторых уласныя рукі не даходзяць. Традыцыйна такую ляльку рабіла маці для дачкі, калі тая ішла замуж. Трэба было, каб у новай сям’і дзяўчына паказала сябе добрай гаспадыняй, якая спраўляецца з любой работай. То лялька — дзесяціручка павінна была ў гэтым дапамагчы.

Ірына Новік з лялькай — дзесяціручкай

Зараз шмат працы і мільён дэдлайнаў звальваюцца на нас штодня незалежна ад сямейнага статусу. То чаму б не паспрабаваць дапамагчы сабе, зрабіўшы ляльку — памочніцу?

Адкрывайце майстар — клас, як зрабіць Дзесяціручку — і да справы.

Чароўную сілу традыцыйных беларускіх лялек Вольга Вялічка таксама тлумачыць асаблівасцямі працы мозгу:

«Калі збіраецца група людзей, як правіла жанчын, і перад імі ляжаць каляровыя тканіны ды аздобы, то галаўны мозг малюе сабе нейкія прыгожыя карцінкі, прыемныя моманты, якія адносяць чалавека ў мінулае і звязваюць з культурным кодам. Мозг уяўляе, як нашы бабулі ці прабабулі ў часы дзяцінства і маладосці рабілі такія абярэгі. І мозг настройваецца, што вось я буду скручваць ляльку, буду ўкладаць у як свае думкі, жаданні, разважанні як вырашыць праблему. І вось я рукамі гэта буду рабіць і, як лялька зроблена, то ў мозг скіроўваецца сігнал, што зараз будзе ўсё добра. І на гэтым мозг «якарыцца».

Неразлучнікі

Гэта парная лялька — сімвал шлюбу, сям’і і кахання на ўсё жыццё. Лялек робяць на агульнай аснове — галінцы дрэва. Бо маладая сям’я — гэта новая галінка ў радаводзе.

Такімі лялькамі маглі ўпрыгожваць хамут коніка, які вёз маладых пад вянец. Лічылі, што калі нехта кіне злы позірк у бок вясельнага картэжу, то яго першым прымуць на сябе лялькі і такім чынам абароняць маладых.

Бэкстэйдж — здымкі з майстар-класа па вырабу лялек

У якасці асновы можна выбраць галінку таго дрэва, якое вам больш падабаецца. У кожнага ёсць свой сімвалізм і сіла. Далей патрэбна каля паўгадзінкі часу для прагляду майстар-класа «Неразлучнікі». Зрабіце лялек і самі пераканаецеся, што кахання і цяпла ў сям’і стане больш.

Званочак на добрыя навіны

Такую ляльку робяць, калі на нейкае пытанне доўга не было адказу, альбо калі ад людзей, што далёка ад дому, даўно не было вестак.

Лялька — званочак на добрыя навіны

Каб зрабіць ляльку — званочак, спатрэбіцца тры каляровыя кавалкі кваніны, адзін белы квадрат і адзін каляровы трохкутнік. Да ручак лялькі мацуецца вяровачка. Атрымліваецца, што лялька падымае рукі ўгару — нібы моліць нябёсы даслаць добрыя весткі. Размяшчалі ляльку званочак каля юшкі на печы ці каля дзвярэй — так, дзе прастора хаты звязана са знешнім асяроддзе. Лічылася, што так лялька хутчэй перадасць просьбы вонкі.

«Часта людзі кажуць, што аптымісты жывуць даўжэй, і што трэба мысліць пазітыўна, бо думкі матэрыяльныя. Часткова гэта так — мозг выбудоўвае пэўныя структуры, што ўплываюць на наш настрой.

Але ў адносінах да беларусак і беларусаў пасля падзей 2020 года ў «пазітыўным мысленні» ёсць рызыка. Бо, калі чалавек настройваецца на нешта невялікае, што можа сам адужаць, то яно натуральна так і адбываецца. А калі настройваецца на нехта большае, чым уласныя магчымасці, і калі сабе ўяўляць у фантазіях гэта, то пачынаюцца расчараванні ад сутыкнення з рэчаіснасцю, — тлумачыць псіхолаг Вольга Вялічка. — Многія з нас апошнім часам адчувалі моманты расчаравання, звязаныя з разбурэннем ілюзій».  

У такой сітуацыі арт — тэрапія, звязаная з культурным кодам, з нашымі традыцыямі, гэта не спосаб на кароткі час падняць настрой. Яна працуе фарміруе больш глыбокія, хаця і не адразу відавочныя пазітыўныя змены.

Лялька — доля

Лялька — доля — гэта абярэг на шчасце і просьба да вышэйшых сілаў аб поспеху, добрым здароўі і ўдачы па жыцці. Лялька ўяўляе з сябе маленькую жаночую фігурку з доўгай касой. Традыцыйна для касы бралі часаны лён, кудзелю. Даўжыня валокнаў у ёй была не аднолькаваю. Лічылі, што чым даўжэйшую касу ўдалося заплесці, тым лепшую долю прынясе лялька.

Лялька — доля

Яшчэ адна адметнасць лялькі — долі — боцікі на ножках. Гэта — каб ваша Доля не збіла ногі, пакуль будзе вас шукаць. Лічыцца, што такую ляльку трэба рабіць для сябе самастойна, бо долю немагчыма атрымаць у падарунак ці купіць за грошы.

Далучайцеся да майстар-класа цёці Іры і скарыстайце ўсе творчыя магчымасці, каб сваімі рукамі ствараць сваю долю.

«У кароткім, разовым фармаце і вынікі ад арт-тэрапіі кароткатэрміновыя. Калі чалавек асэнсавана заходзіць у гэтыя методыкі, то будуць фарміравацца і больш глыбокія змены; а калі гэта група, то на псіхалагічную ўстойлівасць кожнай удзельніцы ці ўдзельніка будзе працаваць і групавая дынаміка. Маім меркаваннем, зараз для беларусак і беларусаў больш эфектыўнымі будуць групавыя метады арт-тэрапіі і ўстойлівы перыядычны парадак працы», — кажа Вольга Вялічка.

Разважаючы пра абярэжныя лялькі і асаблівасці арт-тэрапіі ў складаных крызісных сітуацыях, псіхолаг папярэджвае: 

«Калі чалавек прыходзіць у арт-тэрапію, то адчувае задавальненне, укладае ва ўласнаручныя творы свае чаканні і спадзяванні.

Калі баліць невыносна, то з’яўляецца спакуса пераацаніць магчымасці арт-тэрапіі, па-дзіцячаму перакласці адказнасць хоць на што, хоць на ляльку. Тут трэба добра ўсведамляць, што можа зрабіць лялька, а што павінен рабіць сам чалавек. Бо лялька — не чароўная таблетка. Лялька — гэта знешняя апора, сімвал. Але нельга вырашыць праблемы толькі ў надзеі на знешнюю падтрымку. Абапірацца трэба заўжды на сябе».

Лялькі дапамогуць, калі ты разумееш, што гэта толькі адна з магчымых, але не адзіная з апораў. І што асноўную апору трэба ствараць і шукаць у сабе.

«Як гэта рабіць — людзі самі вырашаюць. нехта кнігі чытае, нехта вершы піша, нехта да псіхолага ідзе, нехта міксуе ўсе магчымыя падыходы. Мы зараз знаходзімся ў такой турбулентнай сітуацыі, што няма ўніверсальных, аднолькавых для ўсіх выйсцяў. Нават толькі пайсці да псіхолага — гэта мала. Псіхолаг — гэта таксама толькі знешняя падтрымка. Трэба яшчэ і вялікую ўнутраную работу рабіць сам насам з сабою».

budzma.org