Завяршыўся другі год вайны Расеі супраць Украіны, якая выявіла непахіснасьць украінскага народу ў барацьбе за свабоду і небясьпеку расейскай імпэрскай палітыкі для існаваньня чалавецтва.
У першы ж дзень вайны Рада БНР асудзіла збройную агрэсію Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны і дапамогу гэтай агрэсіі з боку нелегітымнай дзяржаўнай улады Лукашэнкі, папярэдзіла афіцыйных асобаў Рэспублікі Беларусь аб адказнасьці за ўцягваньне Беларусі ў вайну і спрыяньне захопніцкім плянам Пуціна, а таксама заклікала да салідарнасьці ў народам Украіны.
Рада БНР пацьвярджае палажэньні, выказаныя ў яе вышэйпрыгаданай Заяве, у тым ліку пра падтрымку народу, дзяржаўнаму і вайсковаму кіраўніцтву Ўкраіны.
Нягледзячы на татальны тэрор, усталяваны прамаскоўскім рэжымам Лукашэнкі, Беларусы падтрымалі ўкраінцаў у іх змаганьні з нападнікамі ўжо ў самым пачатку вайны ня толькі вулічнымі акцыямі пратэсту, але і фізычным супрацівам дзеяньням агрэсара. Па абвінавачваньні ва ўдзел у «дывэрсіях на чыгунцы» асуджаныя, паводле праваабаронцаў, мінімум 13 чалавек, 37 — за перадачу ў СМІ фота і відэа вайсковай тэхнікі, супраць 94 чалавек узбудзілі крымінальныя справы за выказваньне антываеннай пазыцыі. Усяго ж, па няпоўных дадзеных, за падтрымку Ўкраіны былі затрыманыя 1671 беларусаў.
Сапраўдны гераізм выяўляюць беларускія дабраахвотнікі, якія ў складзе Ўзброеных сіл Украіны ваююць супраць расейскіх агрэсараў. Некалькі дзясяткаў беларусаў загінулі і атрымалі цяжкія раненьні ў гэтым змаганьні, ад якога залежыць ня толькі лёс украінскага і беларускага народаў, але і будучыня Эўропы.
Гераізм беларусаў і беларусак на фронце адзначаны высокімі ўкраінскімі баявымі ўзнагародамі, а таксама ўзнагародамі БНР — мэдалямі ордэну «Пагоні» і мэдалямі «За баявыя заслугі». Міраслаў Лазоўскі пасьмяротна ушанаваны Ордэнам Жалезнага Рыцара.
Мы заклікаем арганізацыі беларускай дыяспары і надалей падтрымліваць змаганьне Ўкраіны супраць імпэрскай Масквы, дапамагаць беларускім дабраахвотнікам у складзе Ўзброеных сіл Украіны, украінскім уцекачам, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму.
Рада БНР пацьвярджае сваю Заяву ад 12 верасьня 2014 году, у якой «вітае і разглядае любую падтрымку, якую беларусы ў Беларусі і ўсім сьвеце будуць аказваюць украінскаму народу і дзяржаве ў справе абароны сувэрэнітэту Украіны ад вонкавай агрэсіі, а таксама такую падтрымку трэцім бакам, якія б дзейнічалі ў названых мэтах, як адпавядаючую доўгатэрміновым інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Беларусі».