Анджэй Пачобут па-ранейшаму знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу: апошнія навіны пра палітвязня агучылі на акцыі ў Беластоку

У Беластоку прайшла штомесячная акцыя салідарнасці з палітзняволеным журналістам Анджэем Пачобутам і ўсімі беларускімі палітвязнямі. Упершыню ў акцыі ўзяў слова ваявода Падляшша Яцэк Бжазоўскі.  

Штомесяц у дваццатых чыслах актывісты Саюза палякаў Беларусі, якія цяпер знаходзяцца ў Беластоку, ладзяць каля помніка Ежы Папялушку акцыі салідарнасці з асуджаным на восем гадоў гарадзенскім журналістам Анджэем Пачобутам і ўсімі беларускімі палітвязнямі. Пачобут адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі і нейкіх добрых вестак адтуль пакуль няма, распавёў намеснік старшыні Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.

– На жаль, не маем шмат новых паведамленняў ад Анджэя. Па-ранейшаму знаходзіцца ў Наваполацку ў выпраўленчай калоніі, па-ранейшаму знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу, з якога мусіць на днях выйсці. Будзем глядзець, што будзе далей – ці будзе выпушчаны ў калонію, дзе зможа выхадзіць на паветра, працаваць, ці атрымае чарговы тэрмін у памяшканні камернага тыпу на чарговыя паўгода.

фота: радыё Ўнэт

Ваявода Падляшша Яцэк Бжазоўскі, які заняў гэтую пасаду адносна нядаўна, таксама прыняў удзел у акцыі. У размове з журналістамі ён падкрэсліў яе важны сімвалічны сэнс –  салідарнасць з Анджэем Пачобутам і ўсімі рэпрэсаванымі рэжымам Лукашэнкі.

– Такія пратэсты, перш за ўсё, паказваюць, што свабодны свет, дэмакратычны свет не згаджаецца з такой палітыкай, якую адносна меншасці, а таксама адносна ўсяго свайго грамадства праводзіць Аляксандр Лукашэнка. Не можам застацца абыякавымі.

– Як вы ацэньваеце сітуацыю, у якой знаходзіцца Анджэй Пачобут, а таксама польская меншасць у Беларусі?

– Гэта не патрабуе каментарыя. Гэта заслугоўвае найгоршай формы асуджэння з боку польскай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка не толькі паказвае адсутнасць павагі да польскай супольнасці і польскай дзяржавы, як шматкроць казала Святлана Ціханоўская, ён помсціць палякам, якія жывуць у межах сённяшняй беларускай дзяржавы за стаўленне польскай дзяржавы з аднаго боку да беларускай дыяспары, якая жыве ў польскай дзяржаве, а з другога боку да ўсіх тых, хто не пагаджаецца на такога кшталту ажыццяўленне ўлады яго рэжымам.

– Частка беларускай дыяспары хоча, каб быў спынены рух цягнікоў паміж Польшчай і Беларусью пакуль не выпусцяць палітзняволеных. Як вы ставіцеся да гэтага жадання?

— Маёй роллю было, па-першае, спаткацца з беларускай дыяспарай, па-другое, выслухаць, што хочуць паведаміць, па-трэццяе, прыняць петыцыю, якая была скіравана не мне, а да ўраду Польшчы, але праз мяне гэтая петыцыя была перададзена ў Міністэрства замежных спраў, і напэўна, адпаведнае паведамленне будзе падрыхтаванае”.

фота: радыё Ўнэт

Актывіст беларускай дыяспары Беластока Сяргей Верамеенка распавёў на мітынгу, што да яго звярнулася міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International з прапановай падпісацца пад патрабаваннем аб вызваленні Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў.

На мітынгу выступіла таксама кіраўнічка Падляшскага аддзела «Вспульноты Польскай» Ганна Кетліньская. Яна адзначыла, што за апошнія два гады да Беластока прыехала шмат людзей з Беларусі, і гэты паток не спыняецца дагэтуль. Цяпер прыязджае усё больш людзей, якія выйшлі з лукашэнкаўскіх вязніц. Спадарыня Ганна заклікала звяртацца да іх “Цэнтра гуманітарнай дапамогі” са сваімі справамі, паабяцаўшы падтрымку, напрыклад, у вывучэнні польскай мовы ці ў афармленні дакументаў. Таксама яна папрасіла ўдзельнікаў акцыі прапаноўваць уласную пасільную дапамогу Цэнтру ў розных справах.

radiounet.fm