SPIEVY z-pad mosta — такую назву носіць хор беларускіх жанчын у эміграцыі на чале з салісткай гурта Shuma — Русяй. Разам з кампазітаркай і арганісткай Вольгай Падгайскай, а таксама кампазітарам і саксафаністам Віталём Эппавым калектыў зладзіў вялікі канцэрт у Касцёле Святога Аляксандра напрыканцы 2023 года. Сёння запіс выступлення, які меў значны розгалас, з’явіўся ў YouTube.
Хор SPIEVY z-pad mosta быў заснаваны ў сакавіку 2023 года як калектыў узаемападтрымкі беларусак ва ўмовах эміграцыі.
«У Варшаве мы знайшлі адно аднаго, а таксама — спрыяльную глебу пад мостам і добрую акустыку дзякуючы бетонна-металічнай канструкцыі. Адсюль і назва, — распавядае гісторыю калектыву Руся. — Каб узмацніць свае карані, мы распаўсюджваем традыцыйныя сьпевы, якія гучалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі стагоддзі таму».
Кампазітарка Вольга Падгайская з’яўляецца аўтаркай харавых, інструментальных, вакальных і вакальна-інструментальных твораў. У прыватнасці, Вольга стварыла сімфанічны твор «Неба Марыі», прысвечаны Марыі Калеснікавай. Напісала музыку да нашумелай оперы «Дзікае паляваннне караля Стаха» паводле аднайменнага твора Уладзіміра Караткевіча. Разам з кампазітарам і саксафаністам, фагатыстам Віталём Эпавым музыканты з’яўляюцца ядром калектыву Five-Storey Ensemble.
Канцэрт у Касцёле Святога Аляксандра, які можна ўнесці ў скарбніцу сучаснай беларускай музыкі, стаў магчымы дзякуючы дапамозе ксяндза Вячаслава Барка.
Відэа: Таццяна Капітонава і UGC.
Фота: Паша Крычко.
Мантаж: Дзіяна Раткевіч і Караліна Палякова.
Вокладка: Леся Шуманская.