Новая частка «Вольнераў» выйшла з друку

Выдавецтва «Янушкевіч» надрукавала другую частку фэнтэзійна-прыгодніцкага раману Валера Гапеева. Працяг называецца «Вольнеры. Бясконцы дзень». Кнігу можна купіць праз інтэрнэт-кнігарню выдавецтва і ў краме «Кнігаўка» ў Варшаве.

Анатацыя інтрыгоўна запрашае чытачоў узяцца за раман:

Толькі сямёра сяброў разумеюць, у якую багну ілжы абрынулася іх краіна, пад якім аўтакратычным прэсам і ў якой імгле гідкай прапаганды жывуць людзі. Гэтыя сямёра помняць: краіна некалі была іншай. І толькі сямёра ведаюць, што ў іх ёсць адзіны шанц вярнуць былую волю, былую праўду і былое шчасце. Але напачатку трэба выжыць тут, прыдумаць план і здзейсніць яго, каб трапіць у іншасвет, дзе знаходзіцца выйсце.

Ці можна перамагчы зло без парушэння тваіх маральных прынцыпаў, калі яно, зло, дзейнічае па сваіх правілах? У якіх умовах мэта ўсё ж апраўдвае сродкі? Доўгі шлях у іншасвеце прымусіць шукаць адказы на мноства пытанняў, сярод якіх будзе і надзіва простае: хіба так, як ёсць, нельга жыць і быць у гэтым трошкі шчаслівым? Нібыта ж так добра ў сістэме, дзе табе гарантаваная будучыня і няма клопату пра яе ўладкаванне і дзе ты пазбаўлены ўсякіх мітрэнгаў адносна розных пошукаў.

Там, у іншасвеце, выпрабаванні нададуць часу іншае асэнсаванне, раскрыюць характары і правераць душы герояў. На алтар перамогі будуць пакладзены сем лёсаў, але ці можна лічыць ахвярай… здраду?

budzma.org